Падарожжа па знакавых месцах сталіцы
Праязджаючы на аўтобусе па праспекце Пераможцаў, мы ўбачылі аб’ект асаблівай значнасці, які з’яўляецца цэнтрам актыўнага грамадска-палітычнага і дзелавога жыцця нашай краіны, – Палац Незалежнасці. Ён размясціўся ў знакавым сталічным квартале: побач плошча Дзяржаўнага сцяга, парк Перамогі, непадалёку дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і знакамітая стэла “Мінск – горад-герой”. З вялікім задавальненнем мы праехалі па вуліцах горада. Уражвалі сваёй прыгажосцю і разнастайнасцю архітэктурных форм Палац мастацкай гімнастыкі, спартыўны комплекс “Мінск-Арэна”, будынак дзяржаўнага цырка, Палац культуры прафсаюзаў, будынкі жылых комплексаў. Нібы нябесныя караблі, узносіліся ўвысь шпілі касцёлаў і праваслаўных храмаў.
Мы прайшліся ўздоўж вуліцы М. Багдановіча, сфатаграфаваліся каля велічнага будынка Вялікага тэатра Беларусі і накіраваліся ў гістарычны цэнтр Мінска - Траецкае прадмесце. Менавіта тут нарадзіўся Максім Багдановіч і жыла сям’я Янкі Купалы. Гэта вельмі прыгожае ціхае месца на беразе Свіслачы з утульнымі вулачкамі і невысокімі дамамі з чарапічнымі дахамі, дзе працякае спакойнае жыццё гараджан.
Перайшоўшы праз невялікі гарбаты мост з Траецкага прадмесця, мы трапілі на востраў Мужнасці і Смутку, востраў слёз. Гэта мемарыял, прысвечаны беларускім воінам-інтэрнацыяналістам, якія загінулі ў Афганістане ў 1979 - 1989 гадах. У той страшнай працяглай вайне ўдзельнічала каля 30 тысяч беларусаў. Амаль 800 з іх загінула, каля 720 чалавек засталіся калекамі. У дзень вываду савецкіх войскаў з Афганістана, які адзначаецца 15 лютага, на востраў слёз прыязджаюць ветэраны Афганскай вайны, сваякі жывых і загінулых. Немагчыма не прасякнуцца атмасферай гэтага месца! Плача каменны Анёл па ахвярах вайны ў Афганістане, журботна чакаюць і ўжо ніколі не дачакаюцца сваіх сыноў каменныя постаці жанчын, якія сімвалізуюць беларускіх маці… Востраў слёз – гэта не толькі помнік ахвярам Афганскай вайны, гэта знак журбы па ўсіх беларусах, што загінулі ў розныя часы і ў розных войнах. У гэтым месцы не хочацца нічога гаварыць, а проста моўчкі аддаць даніну памяці і павагі.
Будучы ў Мінску, мы не маглі не наведаць Плошчу Перамогі – месца ўвекавечання памяці мільёнаў загінуўшых у час Другой сусветнай вайны. Манумент Перамогі безыменны. На ім толькі дата “1941 - 1945”, якая выклікае ў памяці засмучаныя моманты нашай гісторыі, і Вечны агонь, як сімвал памяці аб нашых продках, якія страцілі сваё жыццё ў той нялёгкі час.
Людміла Раманоўская,
кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Сыраваткінскіх ясляў-сада - базавай школы.