Абласны дыктант пісалі ў СШ №7
Гродзенскі абласны дыктант пішуць настаўнікі, работнікі і бацькі вучняў СШ № 7.
Напісанне Гродзенскага абласнога дыктанта ў рамках святкавання Міжнароднага дня роднай мовы - выдатная магчымасць не толькі папулярызаваць беларускую мову, удасканаліць веды, але і праверыць узровень пісьменнасці яго ўдзельнікаў.
У сяйэдняй школе №7 г. Смаргоні абласны дыктант, прысвечаны Году гістарычнай памяці, пісалі педагогі, работнікі, бацькі вучняў. 3 гэтай мэтай у школьнай бібліятэцы на перапынку дэманстраваўся відэаролік з прафесійным прачытаннем тэксту пад назвай «Музей паэта».
Пасля напісання дыктанта «вучні» мелі магчымасць праверыць і ацаніць сваю работу. Найлепшы вынік атрымаўся ў сакратара па вучэбнай рабоце школы Святланы Аўгусціновіч.
Святлана Аўгусціновіч напісала абласны дыктант выдатна.
Дзелячыся ўражаннямі, удзельнікі мерапрыемства адзначылі, што змест тэксту быў цікавым і актуальным, але разам з тым і складаным па правапісу і пунктуацыі. Падчас напісання дыктанта дарослыя адчулі асалоду ад магчымасці вярнуцца ў дзяцінства і хваляванне, а недзе нават і страх, каб не зрабіць памылку. Бацькі вучняў прызналіся, што, пішучы дыктант, зразумелі сваіх дзяцей і цяпер лішні раз падумаюць, перш чым асуджаць іх за дрэнную адзнаку.
Удзел у напісанні абласнога дыктанта дапамог дарослым не толькі ўзнавіць свае веды па арфаграфіі і пунктуацыі, але і адчуць смак беларускага слова.
Марыя ГОВІЧ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы №7.