Да Дня Святога Валянціна. На адной музычнай хвалі

 

Да Дня Святога Валянціна. На адной музычнай хвалі

Общество
14.02.2022
2205

Ён з’явіўся на свет за тры мінуты да наступлення Дня закаханых. Яго маці не любіла лічбу 13 і прасіла медыкаў, каб запісалі, што сын нарадзіўся 14 лютага. “Медыкі не пагадзіліся. ”Вы ведаеце, што мы можам атрымаць за падман?” – пытанне павісла ў прасторы, -  перадае ўспаміны маці той самы нованароджаны. -  1952 год! Яшчэ быў жывы Сталін. Людзі многага баяліся”. 

Імя хлопчыку далі, скарыстаўшы каляндар святых, - Валянцін. Ці пашчасціла з асабістым жыццём чалавеку, які носіць імя апекуна ўсіх закаханых? Той, хто добра ведае Валянціна Бортніка, адразу дасць адказ на гэта пытанне. А мы патрымаем інтрыгу.

IMG_7560.jpg

Яго другая натура

Большасць з нас музыка суправаджае па жыцці. Пад музыку мы марым, весялімся, працуем, танцуем, займаемся спортам, сумуем… А ёсць людзі (іх нашмат менш), у каго музыка жыве ўнутры. Калі перафразаваць Арыстоцеля, гэта іх другая натура. Ці адна-адзіная.

“Так, мой баян, музыка – гэта тое, без чаго сваё жыццё не ўяўляю. Я забываю ўсё, калі бяру ў рукі інструмент. Музыка жыве ўва мне столькі, колькі сябе помню, - пацвярджае маю думку Валянцін Уладзіміравіч. – У пяць гадоў у мяне з’явіўся гармонік. Ужо тады ціскаў на кнопкі, расцягваў мяхі і, не ведаючы нот, падбіраў на слых просценькія мелодыі, падыгрываў маме, яна цудоўна спявала. Нотную грамату пачаў вывучаць у гадоў дзесяць, калі пайшоў у музычную школу”.

Нарадзіўся Валянцін у Смалявічах, у сям’і бухгалтараў. Яго маці родам з Украіны, а бацька – карэнны мінчанін. Ці былі ў родзе Бортнікаў пчалаводы? Былі. Прычым, капаць глыбока не трэба: дзядуля Валіка жыў у цэнтры Мінску (непадалёку ад кінатэатра “Мір”) у прыватным доме і трымаў пасеку. “Нічога дзіўнага. Такой была сталіца ў пачатку 1960-х гадоў. На сцэне філармоніі гучалі складаныя класічныя творы, а за 200 метраў ад філармоніі з раніцы свае “арыі” выконвалі пятухі, - мой суразмоўца ўсміхаецца.  Хіба такая атмасфера магла выклікаць у хлопца сумненні наконт будучай прафесіі? Ні ў якім разе!

За час вучобы ў музычнай школе Валянцін шмат выступаў, як сольна, так і ў ансамблі. “Найбольш запомніў сваё сольнае выступленне на сцэне Дома афіцэраў (на аглядзе-конкурсе сталічных музычных школ). Мне было дванаццаць гадоў, - успамінае Валянцін Уладзіміравіч. - Калі выйшаў на сцэну, на мяне направілі сафіт насычана чырвонага колеру. Не памятаю, што тады граў, але гэты водбліск, які мяне суправаджаў на працягу нумару, адбіўся ў памяці на ўсё жыццё”.

Вечнае каханне

бортник 1.jpg

Пасля школы хлопец паступіў у Маладзечанскае музычнае вучылішча. “Там я музыцы аддаўся цалкам. Нават на дзяўчат не глядзеў. Але жонку ў музвучылішчы сабе знайшоў. Дакладней, яна мяне знайшла. Пазней мая Марынка расказала, як аднойчы ішла па калідоры і пачула, што нехта грае на піяніна і спявае. Невядомая сіла павяла яе на гукі музыкі і падштурхнула са мной  пазнаёміцца. Яна папрасіла, каб я яшчэ што-небудзь пайграў. “За тыя дваццаць мінут, пакуль ты для мяне выступаў, закахалася ў цябе без памяці”, - гэта прызнанне яна мне зрабіла праз шмат гадоў. Я таксама тады закахаўся. І нясу гэта адзінае каханне праз ўсё жыццё”.

Бортник 2.jpg

Маці Валянціна была супраць, каб ён абраў за жонку дзяўчыну з правінцыйнай Смаргоні. У мамы, работніцы Міністэрства прамбудматэрыялаў, былі іншыя планы на сына. “Але я мамінай волі не падпарадкаваўся, ажаніўся на той, каго па-сапраўднаму кахаў.  Пра што ніколі ў жыцці не пашкадаваў. На вяселле да нас прыехаў толькі бацька. А мама з гадамі супакоілася і прыняла, нарэшце, нявестку, нават паспела папрасіць у яе прабачэнне”, - адзначыў Валянцін Уладзіміравіч.

Пасля вяселля маладыя сталі жыць у Смаргоні, у бацькоў нявесты. Марына выкладала цымбалы ў музычнай школе, Валянцін уладкаваўся на сіліканты завод акампаніятарам. Неўзабаве месца ў музшколе знайшлося і для баяніста.

Бортник.jpg

Я чула ад блізкіх і калег пра тыя пяшчотныя пачуцці, якія Валянцін і Марына Бортнікі  зберагалі на працягу доўгіх гадоў. На жаль, не так даўно лёс разлучыў закаханых: Марына Казіміраўна пайшла ў іншы свет.

Кажуць, чалавека кахаюць не за нешта канкрэтнае, а за тое, тое, які ён ёсць – з усімі яго вартасцямі і недахопамі. І тым не менш… “Што Вы ў сваёй жонцы цанілі найбольш? Што выдзяляла яе сярод іншых дзяўчат?” – хацелася пачуць адказы на гэтыя пытанні.

“У Марынцы было тое, што мне вельмі падабалася: густ, строгасць, абавязковасць, сумленнасць, прыстойнасць, працавітасць. Калі гаварыць пра знешні выгляд, то яна заўсёды выдзялялася сярод дзяўчат постаццю, уменнем сябе паказаць. Для сцэнічнага чалавека гэта таксама вельмі важна, - упэўнены мой субяседнік. - А ў цэлым, мы былі з ёй на адной хвалі. На музычнай хвалі. Прывяду прыклад. На вяселле нам падарылі тысячу рублёў. Я паехаў у Тулу, купіў там за 980 рублёў баян, а за 20 рублёў на трэцяй паліцы цягніка вярнуўся дадому. І мая жонка ніколі не папракнула тым, што вясельныя грошы пайшлі на забаву ці яшчэ на што. Яна цудоўна разумела, як важна для музыкі мець добры інструмент.

Да таго ж з Марынай мы пастаянна разам выступалі, ігралі ў адным калектыве, актыўна гастралявалі”.

Візітоўка “Явара”

У Смаргонскай школе мастацтваў імя Міхала Клеафаса Агінскага Валянцін Бортнік працуе і цяпер. Праўда, апошнім часам выкладчыцкай дзейнасцю не займаецца. Кіруе народным калектывам народнай музыкі “Явар”, які стварыў дваццаць гадоў таму ў ДШМ. 

66.JPG

50.JPG

35.JPG

“Я вельмі патрабавальны да сябе і музыкаў. З людзьмі, якія граюць у “Явары”, у мяне бываюць творчыя спрэчкі, але ў цэлым мы добра сябруем, - зазначае кіраўнік калектыву. - Сам не сачыняю музычныя творы, а вось аранжыроўкі магу зрабіць для любога складу музыкаў. Вельмі скрупулёзна падыходжу да падбору канцэртнага рэпертуару, стараюся пастаянна яго абнаўляць, неўзабаве планую прапанаваць музыкам творы самадзейнага Астравецкага кампазітара Аляксандра Якіменкі”.

Ну, а візітоўкай калектыву і любімымі ў публікі па-ранейшаму застаюцца кампазіцыі ”На беразе Вяллі” і “Смаргонская кадрыля”.

Валянцін Уладзіміравіч таксама шмат гадоў працуе акампаніятарам у народным ансамблі песні і танца імя Міхала Клеафаса Агінскага і ў народным хоры ветэранаў, якія працуюць на базе раённага Цэнтра культуры.

46.jpg

26.jpg

…Прызнацца, мне заўсёды вельмі цікава не толькі слухаць жывую музыку, але і сачыць за выканаўцамі. Як яны пражываюць тое, што выконваюць. Сачыць за Валянцінам Бортнікам – неймавернае задавальненне. Гэта шчырае (калі не сказаць больш – фанатычнае, фантастычнае) захапленне музыкай дорыць такім выканаўцам крылы і дзейнічае на іх, як маладзільныя яблыкі. Інакш як можна па-іншаму вызначыць сакрэт маладосці нашага героя, якому днямі споўнілася 70 гадоў.  З юбілеем, паважаны Валянцін Уладзіміравіч!

Галіна АНТОНАВА.

Фота з архіва Валянціна БОРТНІКА.