Балада пра баяніста. Памяці маэстра Мікалая Ходаша

 

Балада пра баяніста. Памяці маэстра Мікалая Ходаша

Общество
21.10.2021
1802
Да напісання гэтага матэрыялу нас падштурхнула пісьмо ад былой загадчыцы аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Соф’і Лазар: “Пасля вайны ў Смаргоні прафесійных музыкаў не было. Толькі ў 60-х і 70-х гадах сталі з’яўляцца дыпламаваныя спецыялісты. Сярод іх асабліва вылучаўся Мікалай Ходаш. Баяніст ад Бога. Геній. Бескарыслівы, улюбёны ў сваю работу. Ён выдатна граў на розных інструментах (баяне, акардэоне, піяніна, балалайцы, саксафоне…), рабіў апрацоўкі для цымбальнага аркестра і народнага ансамбля песні і танца імя Агінскага.  

На той час былі два цудоўныя музыкі, якія шмат зрабілі для развіцця культуры нашага рэгіёну: Аляксандр Дзяруга і Мікалай Ходаш.  Коля - нашмат маладзейшы за Дзяругу. Аляксандр Анісімавіч быў у сталым узросце і пры такім статусе, які не дазваляе пакланяц­ца перад маладымі. Але гэта быў не дзяругінскі прынцып: Аляксандр Анісімавіч цаніў Колін талент і час ад часу здымаў перад маладым баяністам свой саламяны капялюш.

На жаль, пра Аляксандра Дзяругу, заснавальніка першага ў Беларусі народнага цымбальнага аркестра, смаргонцы ведаюць няшмат, а пра Мікалая Ходаша – яшчэ менш.

Мікалай Іванавіч пайшоў у іншы свет рана. Творчая дзейнасць прызнанага маэстра абарвалася, калі ён дасягнуў самага росквіту свайго таленту”. Гэты матэрыял – рэквіем творчай асобе і Чалавеку з вялікай літары.

ходаш5.jpg

Любую ноту браў ён  з лёту

Смаргонскім Мулявіным называлі Мікалая Ходаша “калегі па цэху”. Мастацкі кіраўнік ансамбля “Песняры” быў рускім па нацыянальнасці, але як шмат ён зрабіў для беларускай культуры.  Украінец Мікалай Ходаш  так моцна палюбіў смаргонскі край, яе людзей, цудоўную самабытную беларускую культуру - музыку, песні, танцы… Яго ўнёсак у развіццё культурнай спадчыны Смаргоншчыны – бясцэнны.

Мікалай Іванавіч нарадзіўся 19 жніўня 1943 года ў сяле Звенічаў Рэпкінскага раёна Чарнігаўскай вобласці ў сям’і, дзе ўсе любілі спяваць і гралі на музычных інструментах.

“Калі я спытала ў свекрыві, калі Коля навучыўся граць на інструменце, то яна расказала гісторыю, у якую цяжка паверыць, - успамінае жонка музыкі Ала Феліксаўна. - У чатыры гады Коля ўжо граў на гармоніку. Дзяўчаты прыходзілі, забіралі малога, а дахаты прыносілі на руках соннага. Пад яго музыку моладзь вечарам танцавала, а ў якасці ганарару малы атрымліваў шапку, поўную цукерак і арэхаў”.

ходаш3.jpg

ходаш 4.jpg

У 1961 годзе скончыў Гомельскае музычнае вучылішча імя Нестара Сакалоўскага. Размеркаваўся на Смаргоншчыну, у музычную школу. 

Быў сярод заснавальнікаў народнага ансамбля песні і танца імя Агінскага, яго нязменным канцэртмайстрам. Пазней ансамбль стаў візітоўкай Смаргоні, пра яго ведалі ў Савецкім Саюзе і нават за мяжой.

Неўзабаве маладога музыку забралі ў войска. Гучна моладзь праводзіла яго ў армію. “Некаторыя нават думалі: “Не вернецца Коля”. Для яго сапраўды былі адкрыты любыя творчыя гарызонты, - лічыць Соф’я Лазар. - Але ж мы, апантаныя смаргонскія артысты, амаль кожны дзень пісалі яму лісты, у якіх расказвалі пра наша творчае жыццё. У кожным допісе пазначалі, як нам не хапае Колі, што мы сумуем і вельмі чакаем яго. І Коля вярнуўся”.

ходаш.jpg

Другая палова 60-х гадоў мінулага стагоддзя для ансамбля імя Агінскага вызначылася выступленнямі ў Маскве, ГДР і Польшчы. Смаргонь часта наведвалі вядомыя дзеячы беларускай культуры, у тым ліку мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР Рыгор Шырма, кіраўнік аркестравай групы Дзяржаўнага акадэмічнага хору Канстанцін Паплаўскі, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага народнага хору БССС Генадзь Цітовіч, вядомы балетмайстар Янка Хвораст, кампазітар Аляксандр Шыдлоўскі… Усе яны адзначалі музычны талент Мікалая Ходаша. Неаднаразова яму прапаноўвалі паступаць у кансерваторыю, да сябе ў аркестравую групу клікаў баяніста Канстанцін Паплаўскі. А смаргонскія артысты талент Ходаша вызначылі кароткім, з гумарам, але вельмі  трапным радком: “Любую ноту браў ён з лёту”.  

“Мікалай Іванавіч быў надзвычай сціплым чалавекам і, відаць, не вельмі амбіцыёзным, калі не прымаў прапановы такіх аўтарытэтных людзей. А, можа, ён вельмі любіў Смаргонь?.. – разважае былая загадчыца аддзела культуры райвыканкама. - Мікалай Ходаш удзельнічаў у арганізацыі і правядзенні буйных рэспубліканскіх, абласных і раённых фэстаў, святаў, канцэртаў. Калі Коля ішоў у адпачынак, культурнае жыццё Смаргоншчыны сціхала. Мы чакалі яго вяртання. Затое, як сустракала яго на Радзіме загадчыца мясцовага клуба! Вы думаеце, паехаўшы да бацькоў, Коля адпачываў? Мясцовыя культработнікі разам з Ходашам выконвалі гадавы план па правядзенні культурных мерапрыемстваў”.

Смаргонскі біт

Асаблівае месца ў жыцці Смаргоншчыны займалі агляды мастацкай самадзейнасці. У раёне быў 31 калгас, у кожным – хор. Падчас аглядаў Мікалай Іванавіч акампанаваў усім калектывам. У дзесяць гадзін раніцы надзене на плечы рамяні ад баяна і да позняга вечара не сыходзіць са сцэны. Соф’я Іванаўна прыпомніла, што аднойчы конкурсны агляд скончыўся ў гадзіну ночы. Ходаш ніколі на цяжкасці не скардзіўся, а жонка гаварыла, што пасля маштабных  мерапрыемстваў на плячах у музыкі ад рамянёў утвараліся вялікія мазалі. Увогуле граць на баяне для яго было, як дыхаць. З інструментам ён практычны не расставаўся.

синьки.jpg

синьки 1.jpg

парасоны.jpg

Мікалай Іванавіч апекаваў два сельскія Дамы культуры – Сінькоўскі і Вішнеўскі. Альфрэда Дыро, якая больш за сорак гадоў узначальвае  Вішнеўскі ДК, прыпамінае: “Доўгі час па сумяшчальніцтве працаваў Мікалай Ходаш у нашым клубе. Кіраваў хорам у паўсотню чалавек і ансамблем народных інструментаў, у склад якіх уваходзілі восем мясцовых самабытных музыкаў, усе яны – у сталым узросце, самавучкі. Але як гралі! Мікалай Іванавіч быў выключным кіраўніком.   

Памятаю, як мы, вясковыя артысты – хор, ансамбль народных інструментаў і вакальны фальклорны гурт – ездзілі з канцэртам у Падмаскоўе, на юбілей горада Красназнаменска, якімі цёплымі шчырымі апладысментамі нас віталі красназнаменцы”.

лось.jpg

У архіве музыкі-самавучкі з Кушлянаў Браніслава Дэбеся знайшоўся здымак, дзе з мясцовымі музыкамі граюць вядомы этнограф Алесь Лось і Мікола Ходаш. Граць  з непрафесіяналамі Мікалай Іванавіч не тое, што не цураўся, а рабіў гэта з задавальненнем. Народная музыка яго надзвычай прываблівала. 

Сярод багатай спадчыны Юрася Церабуна знайшоўся здымак 1966 года – выступленне аркестра імя Агінскага ў Польшчы. Дырыжыруе Канстанцін Паплаўскі, а ў першым радзе сярод артыстаў – зусім яшчэ малады баяніст Ходаш… з балалайкай.

Терабун_2.jpg

У 1967 годзе музыкі вырашылі стварыць  “смаргонскі “Бітлз”. Кіраўнік Коля Ходаш  граў на гітары-рытме. Чытаю ўспаміны ўдзельніка біт-гурта Юрася Церабуна: “Мы сядзелі каля радыё, пісалі на магнітафон усе мелодыі, дзе гучалі гітары. Сабралася нядрэнная фанатэка, якую потым пераклалі на ноты. Асабліва лёгка рабіў гэта Мікола Ходаш, бо ён баяніст, а таму добра адчуваў гармонію. Вырашылі ладзіць танцы ў Доме культуры. Напярэдадні нам заказалі чырвоныя камізэлькі, мы іх апранулі – і прэм’ера адбылася.

У нас былі ўласныя кампазіцыі, апрацоўкі розных папулярных мелодый. Мы шукалі нешта сваё і ганарыліся тым, што ў Смаргоні сталі першымі, а першым заўсёды цяжка.

…Бывае, калі саджуся, каб змахнуць пыл з клавіш, наігрываю мелодыю танга, якую, думаю, напісаў сам Мікола, але нікому з нас не сказаў, успамінаю з хваляваннем гады сваёй маладосці”.

Терабун_3.jpg

Вялікі і працяжны “бекар”

Сучаснікі цанілі і паэтычны талент Мікалая Іванавіча. На кожны дзень нараджэння творчых сяброў  ён пісаў верш-прысвячэнне. Калі за сталом арганізоўвалі конкурс па вершаскладанні, пераможцам заўсёды выходзіў Ходаш. “Ва ўсіх – эклектыка, а ў Колі – шэдэўр, - кажа Соф’я Лазар.  – Да  таго ж ён (украінец!) цудоўна валодаў беларускай мовай. У гэтым плане для многіх, у тым ліку і для беларусаў, ён можа быць узорам для пераймання ”.  

Дарэчы, беларускую мову вывучыў, чытаючы газету “Светлы шлях”, - усміхаецца Ала Ходаш. – Неўзабаве нават вершы стаў пісаць па беларуску”.

А Альфрэду Дыро заўсёды здзіўляла, наколькі бліскуча Мікалай Ходаш ведаў савецкі песенны рэпертуар. Прычым не толькі самі песні, але і іх аўтараў музыкі і тэксту. За гэта Альфрэда Лявонаўна называла баяніста хадзячай энцыклапедыяй.

Нярэдка на Смаргоншчыну наведвалася здымачная група творчага аб’яднання “Тэлефільм”. За гэта наш край жартаўліва называлі “Беларускім Галівудам”.  Тут ствараліся работы, якія ўвайшлі ў “залаты фонд” нацыянальнага тэлебачання. А ў альбомах смаргонцаў і дагэтуль захоўваюцца фатаграфіі з месца здымак, удзел у якіх нярэдка прымаў і Мікалай Ходаш.

рэжысёр.jpg

вилия.jpg

Асобна можна гаварыць пра Мікалая Іванавіча як пра кіраўніка ансамбля народнай музыкі “Ярыца”, пра настаўніка, які вывеў у свет ні адно пакаленне баяністаў. Сярод яго вучняў – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Цыркуновіч і гітарыст ансамбля “Беларускія песняры” Аляксандр Салаўёў. Мікалай Іванавіч разумеў, што не кожны чалавек можа стаць музыкам. Але ў кожнага можна развіць слых і прывіць любоў да музыкі. 

жена.jpg

Ала Ходаш дадала яшчэ некалькі штрышкоў да партрэта мужа: “Ён быў выключным чалавекам. Ураўнаважаным, культурным. Ніколі не сказаў  у адрас іншых людзей дрэннага слова, і ў сям’і быў уважлівым. З дзецьмі стасункі меў надзвычай шчырыя і цёплыя. Сваіх бацькоў шанаваў, звяртаўся да іх толькі на “вы”.  

семья.jpg

Напрыканцы бурлівага, насычанага дня, калі ўсе сілы былі аддадзены рабоце, Мікалай Ходаш гаварыў толькі адно слова, зразумелае найперш музыкам, – БЕКАР. У музыцы знак “Бекар”  адмяняе дзеянне бемоляў і дыезаў, гаворыць пра тое, што трэба граць звычайную ноту, не павышаную і не паніжаную. Для Мікалая Ходаша, хутчэй за ўсё, гэта азначала: “Хопіць, пара адпачываць”.

Вялікі і працяжны “бекар” баяністу паставіў лёс даволі рана. 22 кастрычніка 2001 года яго не стала.

ходаш1.jpg

“Жыццё Мікалая Іванавіча было кароткім, але такім насычаным і цікавым. Плённая творчая праца, актыўная жыццёвая пазіцыя, высокая патрабавальнасць у спалучэнні з добразычлівасцю і ўважлівымі адносінамі да людзей прынеслі яму аўтарытэт і павагу, - лічыць Соф’я Лазар. – Дваццаць гадоў прайшло з таго часу, як няма з намі Мікалая Ходаша, але жыве тое, што хочацца напісаць вялікімі літарамі – ПАМЯЦЬ. Светлая, шчырая, удзячная”.

Галіна АНТОНАВА.

Фота з архіва Соф’і ЛАЗАР.

 

 

Памяти Николая Ивановича Ходаша

Ушёл хороший человек,

Ушёл от нас большой маэстро,

Мы больше не услышим смех

И не услышим его песни.

Был он от Бога музыкант,

Каких средь нас так мало,

Но скромен был его талант,

И вот его не стало.

Был Коля другом очень верным,

Надёжным, бескорыстным,

Протянет руку всегда первым,

О благодарности не мысля.

В кругу друзей был балагур,

А весельчак и юморист – уж точно,

При встрече пылкий поцелуй

Мы получали в щёчку.

В работе был неутомим,

Наш Николай – маэстро,

Ну, а на память нам, живым,

Оставил партии для хора и оркестра.

Но время очень быстротечно,

Притупит боль и душу исцелит.

Пусть сердце наше будет вечно

Воспоминания о Ходаше хранить.