Быць гісторыкам цікава і адказна

 

Быць гісторыкам цікава і адказна

Общество
03.10.2021
1797
Міхаіл Міхалькевіч 31 год працуе настаўнікам. І, як прызнаўся сам, ніколі не пашкадаваў аб тым, што выбраў гэту прафесію. Настаўнікам гісторыі працаваць, тым больш у Крэве, цікава і адказна, бо мясціна гістарычная. Тут прыходзіцца выступаць не толькі ў ролі настаўніка, але і краязнаўцы, экскурсавода, быць заўсёды на віду. Гэта патрабуе дадатковай працы над сабой, нейкага пошуку, знаходак.

кРЭВА_ЦВ.jpg

Яшчэ юнаком цягнуўся да гісторыі. Па-першае, Міхаіл нарадзіўся ў Крэве, па-другое, гісторыю ў мясцовай школе ў той час выкладаў, як лічыць Міхаіл Анатольевіч, лепшы настаўнік па гэтым прадмеце Валерый Скварцоў.

Пасля заканчэння педістытута ў 1990 годзе Міхаіла Міхалькевіча размеркавалі на працу ў Ашмянскі раён. Там ён адпрацаваў 9 гадоў, быў дырэктарам базавай школы. А потым па сямейных абставінах пераехаў на Смаргоншчыну. Некалькі гадоў працаваў у Суцькаўскай школе.

Потым родная Крэўская школа прыняла на працу былога свайго вучня. Акрамя пасады настаўніка гісторыі і грамадазнаўства Міхаілу Міхалькевічу прапанавалі ўзначаліць школьны музей. Ён пачаў спалучаць музейную, краязнаўчую, экскурсійную і педагагічную дзейнасць.

Педкалектыў цёпла сустрэў новага настаўніка. Педагогаў, якія вучылі яго ў школе, ужо не было, яны пайшлі на заслужаны адпачынак. Іх замянілі маладзейшыя, прычым мясцовыя жыхары, якіх Міхаіл Міхалькевіч ведаў з дзяцінства і з некаторымі сябраваў.

Міхаіл Анатольевіч перакананы ў тым, што вучня трэба не прымушаць нешта вучыць, бо ад гэтага не будзе станоўчага выніку, а неабходна зацікавіць яго. Тады можно нечага дасягнуць.

Настаўнік імкнецца выклікаць цікавасць у дзяцей неардынарнай падачай матэрыялу, дапаўняе ўрокі відэаролікамі, прэзентацыямі. І гэта прыносіць плён. Летась яго вучаніца Надзея Саладкевіч стала прызёрам абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі. А сёлета яна паступіла на гістарычны факультэт БДУ, пайшла па шляху свайго настаўніка.

У мінулым годзе былі і па грамадазнаўстве прызавыя месцы на алімпіядзе. Але склалася так, што больш поспехаў атрымліваецца ў гістарычных конкурсах. Многія вучні здаюць тэсціраванне па гісторыі Беларусі, набіраюць высокія балы.

Міхаіл Анатольевіч адзначыў, што за апошнія пяць гадоў вучні Крэўскай школы больш за 30 разоў перамогалі ў раённых, абласных, рэспубліканскіх конкурсах, віктарынах і г. д.

Вучняў, якія толькі пачына­юць вывучаць гісторыю, настаўнік прыводзіць у школьны музей, паказвае колішнія прылады працы, распавядае пра мінулае. А яшчэ на базе школьнага музея працуе гурток “Юны экскурсавод”. Наведвальнікі высока ацэньваюць вучняў, якія праводзяць экскурсіі.

Адно з захапленняў Міхаіла Анатольевіча – падарожжы. З жонкай, якая працуе ў Крэўскім Доме культуры, яны аб’ехалі амаль усю Еўропу. Цяпер, калі з-за пандэміі каранавірусу прыпыніліся замежныя паездкі, Міхалькевічы пераключылі ўвагу на Беларусь. Як толькі надыходзяць выхадныя, яны куды-небудзь едуць.
Гэтым летам пабывалі ў парку-музеі інтэрактыўнай гісторыі ў Суле, з’ездзілі за Свір на Блакітныя азёры, а ў пазамінулыя выхадныя зрабілі падарожжа па Іўеўшчыне.

“Нам сумна сядзець дома, - кажа Міхаіл Міхалькевіч. – Пастаянна некуды цягне. Хочацца пабачыць нешта новае, цікавае”.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Статьи по теме: