Ганчар Сяргей Нагаеў: уладар чатырох стыхій

 

Ганчар Сяргей Нагаеў: уладар чатырох стыхій

Общество
26.08.2021
3659

Вядомы рускі паэт Сяргей Ясенін нарадзіўся ў сяле Канстанцінаве, а праз 76 гадоў у суседнім сяле Волкаве – яго цёзка, вядомы смаргонскі ганчар, член саюза народных майстроў Беларусі.  Што збліжае Ясеніна і Нагаева? Любоў да вёскі і прыроды, імкненне да гармоніі, прыгажосці, святла.

Руская зямля нарадзіла Сяргея Нагаева, а на беларускай – ён развівае свой талент і духоўна ўзрастае.

Крэўская гліна і тыбецкія ламы

У Смаргонь Нагаевы прыехалі ў 1978 годзе. Тут Сяргей скончыў СШ №3, паступіў у Бабруйскае мастацкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча. А ў 1993 годзе разам з братам стварыў сваю творчую майстэрню, якая размясцілася ў старым будынку колішняга Святлянскага клуба. Прайшлі гады – брат захапіўся сталярнай справай. А Сяргей ператварыў стары клуб у прывабную сядзібу са сваім адметным ландшафтным дызайнам і непаўторнай душой, дзе не толькі займаецца ганчарствам, але і праводзіць майстар-класы, урокі творчасці.  

IMG_0181.JPG

IMG_0186.JPG

“Тое, што я зарабляю, укладваю ў гэты куток зямлі. Ён знаходзіцца ў Святлянах.  Хочацца, каб ён сапраўды быў светлым, - робіць важны акцэнт Сяргей. - Наша майстэрня для людзей. Прыемна, калі сюды прыходзяць, прыязджаюць дарослыя і дзеці, сем’ямі і цэлымі групамі”.

IMG_0175.JPG

IMG_0179.JPG

Сяргей перахоплівае мой позірк, накіраваны на дом, – і адразу адказвае на пытанне, якое я толькі збіралася задаць. “Люблю такую архітэктуру, якая ўпісваецца ў прыроду і не псуе яе. Гэты дом атынкаваны, аздоблены старадаўняй цэглай  ручной работы, швы няроўныя. Кераміка тэкстурная. Няма бляску. Хачу яшчэ дах чарапіцай накрыць… Лічу, што архітэктура павінна быць часткай прыроды”, - зазначае мой суразмоўца і пачынае цытаваць паэта-земляка Сяргея Ясеніна: “Как в смирительную рубашку, Мы природу берем в бетон”. Вельмі сумна, калі так адбываецца”.

У двары прыцягвае ўвагу нязвыклы элемент дызайну – курган. Аказалася, гэта запас гліны, прывезенай з-пад Крэва. 

IMG_0185.JPG

“Менавіта крэўская гліна лічыцца лепшай не толькі ў Беларусі. У ёй – высокая колькасць мінералаў, што дазваляе ёй быць вогнетрывалай. Пра жыватворныя якасці крэўскіх “залежаў” ведаюць нават тыбецкія ламы (пра гэта расказаў чалавек, які пабываў на Тыбеце). Гліна мае гаючую сілу, таму той, хто тут, у майстэрні, лепіць, яшчэ і лечыцца”.

IMG_0192.JPG

IMG_0208.JPG

Прычым як фізічна, так і псіхалагічна. Апошнім часам папулярнасць набывае такі метад арт-псіхалогіі, як глінатэрапія – мяккая і глыбокая работа над сабой, у выніку якой (вымешваючы “цеста”), чалавек вучыцца прымаць інтуітыўныя рашэнні  на ўзроўні адчуванняў і пачуццяў.

Не згараць, а загартуюцца

Для Сяргея гліна амаль жывая істота, адухоўленая ўсімі зямнымі стыхіямі. Каб яе тэхналагічныя параметры палепшыліся, каб гліна “ажыла”, яна павінна вылежыцца на вуліцы хаця б пяць гадоў і прайсці ўсе “стадыі” выпрабавання – перамерзнуць, абветрыцца, патрэскацца, вымыцца дажджом.

Версія пра “жывую” гліну ўзнікла не на пустым месцы. Памятаеце, згодна з біблейскім пісаннем: Бог стварыў чалавека менавіта з кавалка гліны…

IMG_0219.JPG

IMG_0235.JPG

IMG_0236.JPG

 “Ад вытокаў” – менавіта так майстар называе тэхналогію, па якой працуе. Ні адзін завод яе не выкарыстоўвае. Гэта вельмі доўгі тэхналагічны працэс. Падрыхтаваная гліна (ачышчаная ад прымесяў) разводзіцца на крынічнай вадзе. Далей – работа на ганчарным крузе. У руках майстра – адразу чатыры стыхіі: Зямля, Вада, Агонь і Паветра. Літаральна на вачах з глінянага “цеста” нараджаюцца рэчы, незамянімыя ў быце.

IMG_0240.JPG

Бяру і я кавалак “цеста”, пачынаю ціскаць, качаць, ляпіць… Матэрыял цёплы, падатлівы, паслухмяны. Здаецца, вось-вось вылепленая рэч ажыве. Каб “жывыя” гаршкі не ўцяклі ад майстра – у агонь іх, у печ. Не згараць, а загартуюцца, стануць больш трывалыя за метал. Пасля пэўных тэхналогій апрацоўкі кераміка – нават мацнейшая за жалеза. Дарэчы, так гартуецца і чалавечы дух – праз выпрабаванні.

Сяргей не пакрывае посуд глазурай, а выкарыстоўвае малачэнне (або малочны абпал) - старажытны спосаб апрацоўкі керамікі. Пасля такога абпалу выраб набывае прыгожы карычневы колер розных адценняў. Для малочнага абпалу бярэцца выраб, які  прайшоў першапачатковы абпал (пабываў у печы амаль пры 1000 градусаў), прамочваецца  ў натуральнае тлустае кароўе малако. Потым яшчэ раз абпальваецца пры тэмпературы 270-350 градусаў (пры тэмпературы звыш 400 градусаў – малако выгарае, працэс патрабуе вялікай увагі). У выніку – змяняецца не толькі знешні выгляд: поры вырабу ўбіраюць у сябе малако, у такім посудзе прадукты могуць доўга захоўвацца, не кіснуць.

IMG_0160.JPG

IMG_0161.JPG

Але і гэта яшчэ не ўсё. Наступны этап – вашчэнне.  Калі яшчэ цёплую кераміку пакрываюць “кактэйлем” з пчалінага воску і алею, пасля чаго порыстая па сваёй прыродзе гліна становіцца воданепранікальнай.

“Тэракотавыя” – так па-сучаснаму называюцца вырабы з чырвонай гліны. Яны маюць вельмі прыемную, далікатную структуру. Ежа ў іх не прыгарае, захоўвае шмат пекціна, якім жывіцца клетка чалавека. І што немалаважна: экапосуд нясе памяць пакаленняў.

Сяргей прапаноўвае патрымаць у руках “імператарскія” кубачкі, якія ледзь не прасвечваюцца на сонцы. Майстар сцвярджае, што на ганчарным крузе з крэўскай гліны ён вырабляе кубкі яшчэ больш тонкія, далікатныя, чым ламаносаўскі фарфор (з Імператарскага фарфоравага завода, які быў заснаваны ў сярэдзіне ХVIII стагоддзя).

Дзіця – гліна, маці – ганчар

(узбекская народная прыказка)

Сяргей вельмі трапятліва ставіцца да сваёй справы, сваё прызванне называе “божым промыслам”. Ганчарства – гэта не толькі зляпіць і абпаліць, але і касмалогія разумення жыцця. “У ганчарнай справе можна прасачыць шлях чалавека на зямлі. Гліняныя вырабы праходзяць усе этапы “выхавання” і “сталення”. Ствараючы рэч, на ўсіх этапах можна ўбачыць, як “выхоўваецца” кусок гліны, а ў выніку – вызначаецца яго прыналежнасць: у адным – захоўваць напоі, у другім – тушыць ежу… Сваё прызначэнне мае і кожны чалавек. Як я раблю гаршкі на ганчарным крузе, так праяўляеце касмалогія Сусвету”, - думку ганчара складана зразумець адразу.

IMG_0245.JPG

IMG_0166.JPG

Але Сяргей дае тлумачэнні – і ўсё становіцца на свае месцы: “Кожны чалавек нараджаецца “крывым”. Пакуль ён малы¸ бегае, крыўляецца. Нельга сказаць, што з гадамі чалавек перастае гэтым займацца, але ўсё ж ён мяняецца…

Калі кусочак гліны я буду шкадаваць, з яго нічога не атрымаецца. Калі бацькі дзяцей шкадуюць, з імі нічога не будзе. Кусок гліны трэба ляпіць, лю-БІЦЬ (каб у кожнай “людзіне” нарадзіўся чалавек). Чалавек - гэта свет, які жыве ў целе, гэта маральныя ўчынкі. Асоба – той, хто бачыць свае недахопы, змагаецца з імі, перамагае сябе”.

IMG_0143.JPG

IMG_0172.JPG

“Каб стаць сапраўдным ганчаром, трэба зразумець сутнасць матэрыялу, сваё прызначэнне і ўвесь час духоўна расці. Дарэчы, раней майстар у вучні браў аднаго чалавека. І гэты вучань толькі пяць гадоў падмятаў майстэрню – ён павінен быў зразумець сутнасць ганчарства. Пасля яшчэ пяць гадоў асвойваў ганчарны круг – і толькі тады здаваў экзамен. Гэты прыклад яшчэ раз даказвае: у любой справе, каб дабіцца толку, трэба прысвяціць ёй не менш за 10 гадоў. І гэта толькі першая ступень далейшага толку”.

IMG_0156.JPG

IMG_0159.JPG

IMG_0148.JPG

 З дзецьмі на занятках у “Школе творчасці” ганчар таксама праводзіць цікавыя размовы. Вучыць іх бачыць прыгажосць. Ганчар упэўнены: “Любое дзіця найперш павінна творча развівацца. Калі яно не выхоўваецца ў творчасці, яму нельга выкладаць дакладныя навукі. Без фантазіі нельга стварыць эстэтычную рэч. Бог – найперш тварэц, з усяго робіць хараство”.

Сярод керамічных вырабаў Святлянскага кераміста я выдзеліла глінянага мужычка Ямелю. Прыкладна так я ўяўляла героя вядомай казкі. Для майстра гэты персанаж – зусім не гультай, а сімвал удумлівасці, спакою, разважлівасці. Мітусня – прыкмета людзей павярхоўных. А каб стварыць вартасную рэч, патрэбны моцныя рукі і спакойная галава.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.