Будаўнікі пакідаюць добры след на зямлі

 

Будаўнікі пакідаюць добры след на зямлі

Общество
08.08.2021
1613
Прызнацца я не ведала, што звычайна, калі будаўнікі збіраюцца за святочным сталом, то іх першы тост гучыць так: “Бог стварыў зямлю, а што на ёй – будаўнікі. Так што будаўнікі ідуць першымі пасля Бога…”. Пра гэту цікавую акалічнасць  мне расказаў цясляр Генадзь Шабунька.

1.jpg

Генадзь Станіслававіч – прафесіянал з 35-гадовым стажам. Працавітасць і адказнасць Генадзя Шабунькі сёлета адзначана на высокім узроўні - Ганаровай граматай Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь.

Пра сваю адданасць прафесіі мужчына тлумачыць жартаўліва: “Калі ты адпрацаваў на будоўлі 5 гадоў – гэта ўжо хвароба, 10 – хранічнае захворванне, 15 – дыягназ, не вылечышся. Работа будаўніка нялёгкая, але захапляльная. Пасля школы я атрымаў прафесію фрэзероўшчыка, але зразумеў – не маё. На заводзе сцены “давілі”, а на будаўніцтве прастору многа, свежага паветра, свабоды, калі можна так выказацца”.

Пасля арміі Генадзь вырашыў стаць цесляром. Успомніў “старое”, калі з дзяцінства разам з бацькам вучыўся стругаць, пілаваць, забіваць цвікі, самастойна захапляўся суднамадэляваннем…

Асвоіўшы прафесію цесляра, пайшоў на будаўніцтва філіяла трактарнага завода. “Хацеў хутчэй атрымаць кватэру, але неўзабаве пабудаваў прыватны дом, - усміхаецца суразмоўца. – Дзесяць гадоў шчыраваў на ўзвядзенні агрэгатнага завода. А пасля былі самыя розныя аб’екты”.

На працягу апошніх адзінаццаці гадоў у БМТ №41 працуе зборшчыкам вокан з ПВХ Дзмітрый Шабунька, сын Генадзя Станіслававіча. “Таксама “захварэў” на будоўлі”, - смяецца бацька. А Дзмітрый удакладняе: “Спачатку я вывучыўся на вадзіцеля, пасля перакваліфікаваўся ў зборшчыка вокан, папрацаваў у прыватніка і прыйшоў у будтрэст. Работа мне падабаецца”.

…Кажуць, у сваім жыцці сапраўдны мужчына павінен пасадзіць дрэва, выхаваць сына і пабудаваць дом. З усімі пунктамі Генадзь Шабунька справіўся бліскуча. “Самае вялікае задавальненне ад работы атрымліваю, калі бачу плады нашых агульных намаганняў. Калі людзі атрымліваюць ключы ад новых кватэр, калі засяляюцца, - у словах Генадзя Станіслававіча адчуваецца гонар за сваю работу. – Мець свой кут – вельмі важна для чалавека”.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.