Веліч малой радзімы
Пры тэхнічнай падтрымцы газеты “Светлы шлях” кніга-альбом пабачыла свет у пачатку красавіка, а яе прэзентацыя адбылася 23 красавіка ў гарадской бібліятэцы №3. На мерапрыемстве сабраліся аматары творчасці самадзейнай мастацкі. Многія з прысутных былі асабіста знаёмы з Ліліяй Трохалевай.
У аснову кнігі-альбома леглі матэрыялы (фотаздымкі карцін), якія збіралі Уладзімір Церабун і мастак Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея Дзмітрый Ярмак. Уладзімір Васільевіч асабіста добра ведаў мастачку, высока цаніў яе творчасць і апошнім часам дапускаў думку, што варта сабраць пад адну вокладку і выпусціць кнігу-альбом. Дзмітрый творчасцю Трохалевай захапіўся пяць гадоў таму і таксама назапашваў свой фотаархіў. Аднойчы жыццёвая мудрасць і малады запал аб’ядналіся ў творчы саюз. Было вырашана ствараць кнігу.
У сваю каманду паклікалі журналіста газеты “Светлы шлях” Галіну Антонаву. Яна па сваіх каналах, нібы радар, здабывала інфармацыю пра жыццёвы і творчы шлях гераіні. Знайшла Валянціну, дачку Ліліі Трохалевай, якая жыве на Віцебшчыне, і ўнука Дзяніса (сына другой дачкі), ён жыве ў Мінску. Запазычыла ад іх і іншых людзей, якія добра ведалі Лілію Уладзіміраўну, нямала каштоўнай інфармацыі. Галіна Антонава правяла сапраўднае даследаванне біяграфіі Ліліі Трохалевай. У кнізе змешчаны нарыс “Чароўны крышталь натхнення”, дапоўнены фотаздымкамі мастачкі. Галіна таксама фатаграфавала карціны Ліліі Трохалевай, якія знаходзяцца ў прыватных калекцыях жыхароў не толькі Смаргоні.
“На шчасце, сёння ў нас ёсць магчымасць захапляцца выдатнымі работамі смаргонскай творцы, - зазначыў Уладзімір Церабун. - Нам удалося знайсці больш за 100 жывапісных і графічных работ. Вядома, Лілія Трохалева зрабіла значна больш”.
На прэзентацыі спачатку слова далі ўкладальнікам кнігі, а пасля гасцям, у тым ліку людзям, якія ведалі Лілію Трохалеву. Былая настаўніца СШ №1 Вольга Андрушчанка (працавала разам з мастачкай у адной школе і нават сядзела ў адным кабінеце), былая загадчыца аддзела культуры райвыканкама Соф’я Лазар і былы намеснік старшыні райвыканкама Пётр Южык. Усе яны гаварылі пра нязломны дух мастачкі, яе аскетычны лад жыцця і вялікую прагу да творчасці.
З выхадам кнігі-альбома ўсіх прысутных павіншаваў намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Генадзь Бычко, які выказаў захапленне талентам і моцай духа смаргонскіх мастакоў, прыпомніў імёны Ліліі Трохалевай і Аляксандра Іванова.
Начальнік аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццяна Ражэва падзякавала Уладзіміру Церабуну за яго любоў да малой радзімы і за стварэнне кніг пра вядомых землякоў, рэдакцыю газеты “Светлы шлях” – за тое, што актыўна асвятляе культурнае жыццё Смаргоншчыны і рэалізуе праекты на культурную тэматыку, Дзмітрыю Ярмаку – за ўдзел у стварэнні кнігі-альбома.
Дырэктар Смаргонскай раённай бібліятэкі Святлана Афанасьева паведаміла, што кніга-альбом ужо ёсць у цэнтральнай бібліятэцы, а таксама ў дзіцячай раённай і гарадской №3.
А вось некалі першых уражанняў пра кнігу ад тых, хто ўжо паспеў пазнаёміцца з новым выданнем.
Супрацоўнікі Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці:
- Лілію Трохалеву можна па праве назваць найлепшым прыкладам апантанасці, мэтанакіраванасці і адданасці мастацтву. Пра такіх людзей варта ведаць, пра іх варта пісаць, гаварыць, захоўваць памяць пра іх для будучых пакаленняў. Кніга-альбом “Веліч малой радзімы” – гэта не толькі выдатны дапаможнік інфармацыі з каляровымі ілюстрацыямі, гэта, перш за ўсё, адлюстраванне непаўторнага бачання свету з выявамі шчырай творчай душы.
Наталья СВІРЫДА, намеснік дырэктара ЦБС г. Гродна:
- Выданне вельмі годнае, высокай якасці, аформлена з густам. Ёсць прыгожа, нават лірычна напісаная біяграфія самадзейнай мастачкі са Смаргоні з рэдкімі фотаздымкамі. І больш за 100 фота твораў – жывапіс, графіка.
Альбом – сапраўдная скарбніца краявідаў Беларусі, у прыватнасці Смаргонскага краю, пейзажнае люстэрка лясных і азёрных мясцін малой радзімы творцы. У кнізе такія яркія работы, што адчуваецца пах хвойных дрэваў, подых ветру, цеплыня сонечных промняў. Дух займае ад прыгажосці родных мясцін, якую з любоўю і шчырасцю перадавала таленавіты чалавек.
Валянціна ТРОХАЛЕВА, дачка мастачкі, мястэчка Ветрына Віцебскай вобласці:
- Вялікі дзякуй усім, хто прымаў удзел у зборы матэрыялу і афармленні гэтай кнігі, якая стала лепшым помнікам Ліліі Уладзіміраўне Трохалевай. Адчуваецца, што аўтары гэтак жа, як і мастачка, любяць свой край.
Колькі цеплыні, шчырасці, захаплення адчуваеш, калі чытаеш біяграфію, разглядаеш рэпрадукцыі, быццам зноў знаходзішся ў майстэрні ў Ліліі Уладзіміраўны – і яна з захапленнем распавядае пра новыя ўбачаным пейзажы, паказвае свае свежыя эцюды. Упэўненая, што ўсім прыхільнікам яе творчасці, усім, хто любіць прыроду роднага краю, кніга будзе радасным адкрыццём.
Дзяніс ГУЛЕВІЧ, унук Ліліі Трохалевай, Мінск:
- Кніга аформлена цудоўна. Спадабалася, што спачатку чытач знаёміцца з мастаком, а потым спакойна атрымлівае асалоду ад рэпрадукцый. Прыемна здзівіла і парадавала, што кніга на беларускай мове і той аб’ём працы, які зрабілі укладальнікі. Колькі часу было патрачана на пошук вялікай колькасці работ, а пасля – на апрацоўку фотаздымкаў! Усім вялікі дзякуй за работу. Жадаю на гэтым не спыняцца, бо на Смаргоншчыне нарадзіліся, жылі і жывуць таленавітыя людзі. І іх нямала.
Аляксандра ЦЫБОЎСКАЯ.