Размаўляй са мной па-беларуску!
Ушанаванне роднай мовы стала добрай традыцыяй у сярэдняй школе №5. Кожны год да гэтага свята прыўрочваецца Тыдзень беларускай мовы. Не стаў выключэннем і сёлетні навучальны год.
У фае школы інфармацыйны блок распавёў пра ўзнікненне і сутнасць Міжнароднага дня роднай мовы. Літаратурныя героі Паўлінка і Несцерка прыцягнулі ўвагу да слоў-выказванняў знакамітых пісьменнікаў і паэтаў, што былі прымацаваны па ўсіх сценах школьных калідораў.
Бібліятэкары школы наладзілі выставу “Размаўляй са мной па-беларуску!”
Паэтычны флэшмоб “Зіма і вясёлыя забавы ў творах беларускіх паэтаў” сабраў вакол сябе навучэнцаў I -VIII класаў. Вершы гучалі натхнёна і весела.
Адкрыты мікрафон для старшакласнікаў (IX-XI класы) быў прысвечаны творчасці пісьменнікаў-юбіляраў І. Шамякіна, І. Мележа, К. Крапівы, М.Багдановіча.
Праз тэлевізар ладзілася дэманстрацыя відэаролікаў “Беларускія народныя песні на сучасны лад”. Відэа рыхтавалі вучні VIII-XI класаў.
Нікога не пакінула раўнадушным і дэманстрацыя чэленджаў – відэадэкламацый вершаў народных паэтаў Беларусі. Чэленджы стваралі ўсе жадаючыя.
Завяршэннем Свята стала выстава вучнёўскіх малюнкаў, навеяных зімовымі матывамі ў творчасці знакамітых майстроў слова.
Сапраўдны патрыёт павінен любіць свой край, сваю мову. Родная мова — вялікае народнае багацце, якое мы павінны шанаваць. Беларуская мова абуджае ў кожным з нас цікавасць да ўсяго свайго, і ты разумееш — усё гэта тваё, кроўнае, роднае, частка цябе самога.