Слаўная хата не кутамі, а пірагамі
Беларусы заўсёды любілі і ўмелі прымаць гасцей. Больш таго, у нас выпрацавалася на працягу стагоддзяў сталая і салідная традыцыя гасціннасці і гасцявання. Нават неспадзяванага госця нашы продкі лічылі дарагім, жаданым, нават пасланнікам Бога. Нежаданага госця, пра якога сёння скажуць – чорт прынёс! – наогул не магло быць. Дрэнна, што некаторыя суайчыннікі сёння нават суседа не хочуць ведаць…
Нашыж папярэднікі былі перакананы: Бог можа асудзіць гаспадара і гаспадыню, якія зачынілі дзверы перад вандроўнікам, не дапамаглі чалавеку, чужому і незнаёмаму, кавалкам хлеба ў цяжкую хвіліну і вучылі дзетак, што шанаваць трэба ўсіх – сваіх і чужых, суседзяў, прыезджых і тых, якія прыйшлі пехатою. Праявіць гасціннасць, падаць міласціну – гэта быў духоўны канон, патрэба душы і сэрца. Дарэчы, слова “гасцінец” у беларускай мове і ўжываецца ў двух значэннях: як падарунак і як вялікая дарога (шлях).
У старадаўнія часы менавіта праз падарожных пашыраліся камунікацыі з іншымі вёскамі, мястэчкамі, гарадамі. Можна было пачуць шмат навін, падзяліцца вопытам гаспадарання. Дзяўчаты ды кабеты пераймалі новыя ўзоры крояў і вышыўкі, гаспадары – прыёмы пасеву і збору ўраджаю.
Нашы продкі гасцям заўсёды былі рады. Дарэчы, пачэсная традыцыя сустракаць хлебам-соллю дайшла і да нашых дзён. Раней ролю хлеба абавязкова выконваў каравай – гэта ўжо часцінка душы гаспадыні. Яго ўкладвалі на вышыты ручнік, прапанавалі гасцям паспрабаваць кавалачак. Хлеб для майго народа – дабрабыт, дастатак, а соль – унікальны абярог. Лічылася, што такім абрадам гаспадары жадаюць гасцям шчасця, дабра і міру, просяць Бога, каб абараніў усіх добрых зямлян.
Абед пачыналі з пірагоў. Казалі: “Красная хата кутамі, а абед пірагамі”. У красны кут саджалі гасцей, што падкрэслівала – яны жаданыя заўсёды ў гэтай хаце! Красны кут традыцыйна размяшчаўся па дыяганалі ад печы. Красны – гэта не чырвоны, а святочны, прыгожы, урачысты. Тут віселі абразы, ляжалі малітоўныя кнігі, Біблія. Тут благаслаўлялі маладых, маліліся. Стол у красным куце – не проста стол, а сімвал дабрабыту, устойлівасці, гармоніі, моцнай сям’і. Звычайна, за гэтым месцам сядзеў гаспадар.
Лаўкі ў хаце – не проста лаўкі, гэта лепшыя, глыбока сімвалічныя месцы ў хаце. Яны ўвасаблялі дарогу, далёкі шлях. Ставіліся ўздоўж сцен. На самай доўгай лаўцы сядзелі жанчыны ў час вышывання, вязання, іншага рукадзелля. Мужчынам нельга было на ёй сядзець. А жанчынам нельга было займаць кароткую лаўку гэта для мужчын. Была таксама парогавая лаўка, якая выконвала ролю своеасаблівага століка. Лаўкуканя з выразанай конскай галавой гаспадары выкарыстоўвалі для рамесніцкіх прац.
Гасцей маглі палажыць на печы: там заўсёды было цёпла і ўтульна. Там звычайна ляжалі дзеці і пажылыя члены сям’і. Калі ўжо збіраліся дахаты госці, пілі “на пасашок”, сядалі на дарожку. “Пасашок” – гэта не проста так: лічылася, што ён дае энергію і абарону на час доўгага шляху.
Гасцям напрыканцы жадалі добрай дарогі, давалі падарункі. Жадалі, каб дарога была абрусам. Так і казалі: “Скацеркай дарога!”. Госці ў сваю чаргу абавязкова запрашалі гаспадароў да сябе.
Многія сучасныя госці з розных краін ужо змаглі наведаць нашу Бацькаўшчыну, многіх мы прымалі на чэмпіянаце свету па хакеі – 2014. Продкі перадалі нам у спадчыну духоўную энцыклапедыю: пакідаць у незачыненай хаце, нават леснічоўцы хлеб-соль, мёд для гасцей, абавязкова даваць прытулак вандроўнікам, слухаць іх аповеды, як герой вялікага пісьменніка Яна Баршчэўскага. І распавядаць свае мілагучныя, добрыя гісторыі, знаёміць з нашай шчодрай і гасціннай Беларуссю, з яе прыродай-матухнай. А колькі іншых міжнародных фестываляў ладзіць наша краіна штогод!
Мы жывём у цэнтры Еўропы. Магчыма таму нашы продкі спрадвеку ўмелі гасцей прыняць, сябе паказаць. Іншымі словамі, гасціннасць майго народа – у крыві, у генах. Таму мне горка, калі часам маіх суайчыннікаў пачынаюць абражаць, крыўдзіць, прыпісваючы нам прыдуманыя рысы характару. Беларусаў як нацыю і ведаюць у свеце найперш як дбайных працаўнікоў, сумленных сейбітаў (беларусы, нягледзячы на катаклізмы, заўсёды сеялі хлеб!), як гераічны народ, які прыняў на сябе першым полымя Вялікай Айчыннай.
Мы заўсёды рады паказаць унікальнасць, загадкавасць і таямнічасць нашай зямліматухны іншаземцам. Яны адкрываюць для сябе прыгожую, гасцінную, ветлівую краіну. Мы і самі любім падарожнічаць па Бацькаўшчыне: наведваць векавую Белавежскую пушчу, адпачываць на Браслаўскіх азёрах і Нарачы, захапляемся веліччу архітэктуры Мірскага і Нясвіжскага замкаў, прыгажосцю і ўнікальнасцю Камянецкай вежы, Каложскай і СпасаЕфрасіннеўскай цэркваў. Зімой любім катацца на лыжах у Сілічах і Раўбічах, заўсёды запрашаем далучыцца да спартыўных мерапрыемстваў нашых сяброў з іншых краін.