Паважаныя работнікі сацыяльнай сферы, дарагія ветэраны галіны!
Віншуем вас з прафесійным святам!
Сацыяльная сфера нашага рэгіёна гэта мноства спецыялістаў, якія кожны дзень дапамагаюць малазабяспечаным, пажылым і інвалідам, робячы наша грамадства лепшым і дабрэйшым. Несці такую місію могуць толькі прафесіяналы з адкрытай душой і добрым сэрцам.
Галоўнае ў вашай працы спагадлівасць, спачуванне і гатоўнасць дапамагчы. Мы ганарымся, што ў сацыяльнай сферы Смаргоншчыны працуюць людзі, якія валодаюць менавіта такімі якасцямі.
У сацыяльнай сферы няма выпадковых людзей, і мы жадаем кожнаму з вас шчасця, здароўя і шчырых слоў падзякі ад вашых падапечных.
Раённы выканаўчы камітэт.
Раённы Савет дэпутатаў.
Раённае аб’яднанне прафсаюзаў.
Раённы савет ветэранаў.
Сёлета пандэмія каранавіруса ўнесла свае карэктывы ва ўсе сферы грамадскага жыцця. Да прафесійных абавязкаў сацыяльных работнікаў дадаліся яшчэ і валанцёрскія. Як сведчыць загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму УТЦСАН “Цёплы дом” Ганна Макарэвіч, ніхто з сацыяльных работнікаў не дэзерціраваў у гэты складаны перыяд, калі на іх плечы ляглі яшчэ і дадатковыя абавязкі, прычым, не заўсёды аплачваемыя. Ды і наогул, калі казаць шчыра, то ў гэтай сферы выпадковыя людзі не затрымліваюцца, тут працуюць тыя, у каго вялікае і добрае сэрца.
Смаргонская раённая служба сацыяльнай дапамогі на даму налічвае 99 чалавек, якія аказваюць розныя віды дапамогі адзінокім, пажылым, інвалідам. Пра кожнага з гэтых людзей Ганна Баляславаўна Макарэвіч гатова расказваць доўга і душэўна. Ва ўмовах пандэміі робіцца шмат, каб абараніць спецыялістаў, якія непасрэдна кантактуюць з людзьмі групы рызыкі. Кожны сацыяльны работнік вядзе журнал тэрмаметрыі, прытрымліваецца масачнага рэжыму і санітарнагігіенічных патрабаванняў падчас эпідэміі. Рэгулярна праводзяцца заняткі з псіхолагамі, медыцынскімі работнікамі, іншымі спецыялістамі, каб абараніць ад псіхалагічнага выгарання і небяспекі інфіцыравання.
Больш за 20 гадоў працуюць сацыяльнымі работнікамі Ірына Пазлевіч, Марына Коўзан, Ганна Талуць, Наталля Кульчыцкая, Аляксандра Невяровіч, якія ніколі не шукаюць лёгкіх шляхоў, ніколі не адмаўляюцца ад самых складаных пацыентаў, знаходзяць агульную мову з самымі незгаворлівымі. Рэгіна Антонаўна Варатнікова пенсіянерка, але не можа развітацца са сваімі падапечнымі, як і Валянціна Венцасаўна Маслаковіч. Гэтыя жанчыны ніколі ні на што не жаляцца, бо з разуменнем і спагадай ставяцца ды тых, хто не можа сам сябе абслугоўваць, каму выпаў цяжкі лёс у адзінокай старасці. Свой прафесійны вопыт ветэраны перадаюць моладзі.
А моладзь, што папаўняе рады сацработнікаў, на думку загадчыцы аддзела сацыяльнага абслугоўвання на даму, прыходзіць цудоўная. Вядома, што нехта не вытрымлівае і праз дзень-два сыходзіць, зразумеўшы, што гэта работа не для яго. А тыя, хто застаюцца, маюць чулую душу, здольную адчуць чужы боль. Сярод маладых вялікую колькасць падзяк атрымліваюць ад падапечных Юлія Гайдукевіч, далікатная і невялічкая Варвара Шабановіч, Дар’я Талмачова, Святлана Мокіна.
Шмат гадоў адпрацавала ў сацыяльнай сферы Антаніна Ташлык, якую называюць ідэальным работнікам. Для яе не складана лішні раз патэлефанаваць сваім падапечным, калі ёсць патрэба, то і ў выхадны дзень наведаць. З яе лёгкай рукі сацыяльным работнікам пачала нядаўна працаваць і нявестка таксама Антаніна, таксама Ташлык. У аграгарадку Вішнева добрасумленна працуюць на працягу многіх гадоў муж і жонка Тумашы, якія апякуюцца над сваімі састарэлымі землякамі. 12 чалавек на абслугоўванні ў Марыі Рожка, якая раней працавала паштальёнам, а цяпер знайшла сябе ў сацыяльнай сферы.
З нядаўняга часу ў штатным раскладзе аддзялення з’явіліся 13 сядзелак. Гэта паслуга ўсё больш запатрабаваная. Работа патрабуе асаблівай адказнасці, спагады і цярпення. Але знаходзяцца жанчыны, гатовыя даглядаць ляжачых хворых, дапамагаць ім годна перажыць цяжкі перыяд.
Кожны сацыяльны работнік праводзіць і своеасаблівае навучанне пажылых людзей, каб абараніць іх ад рознага роду махінатараў і шукальнікаў лёгкай нажывы. А тыя, у сваю чаргу, дзеляцца сваім жыццёвым вопытам, а часам нават спрыяюць інтэлектуальнаму развіццю сваіх памочнікаў. Такім чынам дзелавыя стасункі пераходзяць у сяброўскія. Узаемаадносіны цесныя і добразычлівыя ўсталёўваюцца з большасцю падапечных. Гэта азначае, што супрацоўнікі на сваім месцы.