Мая зямля пад белымі крыламі

 

Мая зямля пад белымі крыламі

Общество
07.12.2020
2716
Памятаю, калі я вучылася ў чацвёртым класе, настаўніца ўсім нам задала  пытанне,чаму нашу краіну называюць «зямлёю пад белымі крыламі? «Мабыць, таму, што ў нас, як нідзе, вясною высока-высока ў блакітным небе кружаць і кружаць буслы, - адказала я.- Нават і прыкмета ёсць такая: як прыляціць буслік, дык і вясна прыйдзе следам». Памятаю, што тады вучні кінуліся да акна глядзець буслоў, надта ж нам усім хацелася вясны. Як толькі мы не называлі буслоў: і «буслакі», і «баюкі», і «дзецяношы». Але больш за ўсё мне падабалася, як гаварыла мая матуля на бусла- «бусько», бо яна родам з Палесся, з вёскі Чугавічы. Мне такая назва птушкі здавалася асабліва прыгожай, ласкавай, яна, я лічу, больш адпавядала гэтай дужай і міралюбівай птушцы. У нас на вёсцы шмат буслоў, асабліва шмат іх развялося апошнім часам. З бусламі было звязана наша дзяцінства. І ніколі мы, малыя, і не задумваліся, адкуль пайшла тая назва “Зямля пад белымі крыламі”.

река  -2.jpg

Толькі праз некалькі год, калі знаёміліся  на ўроках беларускай літаратуры з нарысам У. Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі», стала зразумела, адкуль пайшла другая назва нашай радзімы. Тады мне падумалася, як добра сказана. І пачалося з таго часу маё сяброўства з асобай Уладзіміра Караткевіча. Веліч аўтара расла з кожным творам, прачытаным нанава: “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Чорны замак Альшанскі”, “Паром на бурнай рацэ”, “Каласы пад сярпом тваім”… Усё пра Беларусь, велічную, узнёслую, родную, мілую, незабыўную. Дзесьці прачытала, што перад напісаннем новага твора Уладзімір Караткевіч апранаў новую кашулю, адкрываў новы пачак цыгарэт, запальваў настольны абажур і пачынаў пісаць, абавязкова раніцай. Радок за радком пісьменнік прыадчыняў заслону невядомых старонак гісторыі  нашай роднай бацькаўшчыны, яе побыту, жыцця.

Так, калі чытаеш нарыс «Зямля пад белымі крыламі», адразу пазнаеш сваю родную вёску, двор каля хаты, бярозку пад акном. Наша вёска Шутавічы вялікая, у ёй каля чатырохсот двароў. Вуліцы ў ёй шырокія, заасфальтаваныя. Дамы вялікія, вокнамі на вуліцу, у агародчыках цвітуць розныя кветкі. Каля кожнай хаты расце сад, які прыгожа зацвітае ўвесну, дорыць нам свае смачныя сакавітыя плады. У нашых вяскоўцаў у двары заўсёды чысціня і парадак, у кожнага ёсць хлявы, дзе стаіць скаціна, бо людзі нашыя вельмі працавітыя.

Аднойчы я пайшла да сваёй бабулі і папрасіла яе паказаць свой куфар. Там у яе аказалася шмат вышыванак, розных саматканых посцілак  і палоцен, якія вытканы рознымі кветкамі і ўзорамі. Бабуля ўзяла адзін ручнік і сказала мне: «Будзеш выходзіць замуж - станеш на гэты ручнік». І я ўявіла, як мая бабка прала лён, потым ткала, а потым вышывала. Колькі было патрэбна цярпення і ўмельства, каб так прыгожа зрабіць. Цяпер ужо так не ткуць, але берагуць старое. У пахучым куфры важна ўсё ляжала, што сама бабуля працай рук прыдбала. Быццам водар з поля пранясло ля хаты. Там запахла лугам, чабаром і мятай.

Людзі зямлі беларускай – гэта шчырыя працаўнікі, якія вызначаюцца ўтрапёнай любоўю да працы. Там, дзе другі можа апусціць рукі, беларус будзе цягнуць. Гэтая цягавітасць  ідзе  з даўніх часоў, калі нашы продкі жылі сярод дрымучых лясоў і неабсяжных балот на скургаватай зямлі і каб выжыць, трэба было шчыраваць у працы. Той гарт застаўся ў чалавека на вякі. Людзі нашыя не толькі добрыя працаўнікі, але яны шчырыя і шчодрыя. Яны гатовы прыйсці на дапамогу, калі ў каго здарыцца бяда. Калі ў нас у вёсцы згарэў дом Ліхтароў, то суседзі і аднавяскоўцы дапамаглі ім, хто чым змог. Сем’ і ў нас харошыя, дружныя і працавітыя. І мы дапамагаем нашым бацькам у працы.

Мы жывем на зямлі, апетай Уладзімірам Караткевічам, зямлі пад белымі крыламі. Я лічу, што людзі зямлі беларускай - гэта нацыя добрасумленных і працавітых, шчырых і таленавітых людзей. І я ганаруся тым, што я – беларуска і жыву на сваёй роднай зямлі.

Дзіяна ВЯРБІЦКАЯ,

навучэнка 8 класа ДУА “Сярэдняя школа № 3 г. Смаргоні”.

Статьи по теме: