Вядомае ў польскамоўных пісьмовых і картаграфічных крыніцах паселішча з назвай Тэнчын, а ў мясцовым вымаўленні Тэнчына, праіснавала каля аднаго стагоддзя. Але якога! На долю маёнтка прыпала бурнае развіццё гаспадаркі і росквіт культурнага жыцця ў пачатку, поўнае разбурэнне падчас Першай сусветнай вайны, паступовае адраджэнне ў міжваенны перыяд, паўторнае знішчэнне ў гады Другой сусветнай вайны і канчатковы заняпад у пасляваенны перыяд. Каб паказаць значнасць месцазнаходжання мясціны на шляху з Крэва да Смаргоні і зразумець, якая багатая спадчына папярэднічала стварэнню тут чарговага паселішча, варта пачаць аповед пра населены пункт са старажытных часоў.
Для абароны муроў крэўскага замка князь Вітаўт запрасіў татарскіх воінаў. Так утварыліся буйныя асяродкі, насельнікі якіх абаранялі замак у час варожых навал і шчыльна прыкрывалі асноўныя шляхі да яго. З паўночнага боку ад Крэва, улічваючы мясцовую тапаніміку, такія цэнтры ўтварыліся ў Даўбучках, Мысе, Базарах, Ціціне і некаторых іншых мясцінах. Але неабавязкова цюркамоўнымі назвамі пазначаліся гэтыя асяродкі. Адным са старадаўніх татарскіх асад у гэтым кутку крэўскай зямлі лічыўся Сялец. Розныя знатныя роды займаліся тут гаспадарчай дзейнасцю на сваіх зямельных надзелах, рушылі адсюль у паходы падчас ваенных ліхалеццяў. Адна з галін нашчадкаў князёў Кадышавічаў у пачатку 16 стагоддзя ад назвы свайго спадчыннага ўладання нават узяла новае родавое прозвішча, назваўшыся Сялецкімі.
Папярэдне ў Сяльцы знаходзіўся будынак драўлянай мячэці, якую ў 1757 годзе перавезлі і адбудавалі ў Даўбучках. Па невядомых прычынах быў зроблены гэты перанос, але сёння можна ўзнавіць былое месцазнаходжанне ісламскай святыні. Зарослы ладны пагорак у цэнтры Сяльца да нашага часу захаваў назву “зірэць”. Першапачаткова татары называлі свае могілкі гэтым словам, што ў перакладзе азначае “наведванне”, “паломніцтва”. Пазней гэтую назву выцесніла слова “мізар”, аднак найбольш даўнія і шанаваныя месцы пахаванняў з мячэцямі захавалі назву “зірэць”. Цікавым фактам з побыту татар у гэтым краі з’яўляецца тое, што выцякаючая з сялецкіх пагоркаў рачулка ў мінулым мела назву Татарка.