У парафіі Святога Міхала Арханёла прайшла галоўная Святая Імша ў дзень успаміну Маці Божай Ружанцовай
У парафіі Святога Міхала Арханёла галоўная Святая Імша ў дзень успаміну Маці Божай Ружанцовай адбылася ў 18 гадзін. Падчас казання пробашч парафіі Павел Шчарбіцкі яшчэ раз нагадаў вернікам пра вялікі сэнс ружанцовай малітвы. Многія святары параўноўваюць святы Ружанец з духоўным мячом, здольным змагацца супраць усяго злога. Ружанцовая малітва спалучаецца з роздумам пра падзеі з жыцця Езуса і Панны Марыі. Чатыры часткі Ружанца – гэта радасныя, балесныя, хвалебныя таямніцы і таямніцы святла. У Ружанцы спалучаецца зварот да Бога праз Марыю, погляд на жыццё Езуса з перспектывы штодзённасці чалавека, якi трымае гэтыя маленькія пацеркі ў руках. Падчас сваіх аб’яўленняў Маці Божая часта заахвочвала да ружанцовай малітвы. Ружанец - вялікая падтрымка для верніка ў штодзённым жыцці, спосаб глыбейшага пазнання Хрыста.
Пасля Святой Імшы, якая адбылася ў касцёле, святары і вернікі прайшлі за фігурай Маці Божай вакол касцёла і разам адмовілі ружанцовую малітву. Праз заступніцтва Марыі людзі даверылі свае просьбы і падзякі Усемагутнаму Богу.
Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.