Жыццё такое, якія мы
Сёння цяжка згадаць усе паездкі, вандроўкі, экскурсіі, у якія ездзілі мае знаёмыя з “Цёплага дома”. На мінулым тыдні нас чакала чарговае падарожжа ў Навагрудак. Пасля вымушанай самаізаляцыі людзі з вялікім жаданнем адгукнуліся на прапанову, і ў турыстычным аўтобусе свабодных месцаў фактычна не было. Сярод іншых пазнаю сваю колішнюю знаёмую Раісу Паўлаўну Ляонаву. Дакладней, гэта яна мяне пазнала, бо яшчэ гадоў 10 таму былі з ёй у паездцы па абмену вопытам. На гэты раз Раіса Паўлаўна была не адна, а з мужам Аляксеем Паўлавічам. Наведванне навагрудскага музея Адама Міцкевіча, кургана імя гэтага слыннага паэта, музея яўрэйскага супраціву і сядзібы “Літоўка” пакінула моцнае ўражанне ў Аляксея Паўлавіча. Дарэчы, гэта не першая яго паездка. Актыўныя пенсіянеры - заядлыя тэатралы, некалькі разоў на год выпраўляюцца яны ў чарговы Мінскі тэатр.
Сям'я МАНЧАК.
А я тым часам разгаварылася яшчэ з адной знаёмай, пастаяннай наведвальцай розных гурткоў “Цёплага дома” Эльвірай Паўлаўнай Белянковай. У яе не толькі дзеці даўно дарослыя, а і ўнуку ўжу 28. Таму самы час пажыць дзеля сябе. Вось і займаецца жанчына ўмацаваннем уласнага фізічнага і духоўнага здароўя. Два разы на тыдзень - заняткі фізкультурай, да пандэміі ў тэрытарыяльным цэнтры яна наведвала курсы англійскай мовы, а яшчэ з вялікай асалодай занялася харэаграфіяй. Эльвіра Паўлаўна жартуе, што за апошнія сем гадоў дзякуючы разнастайным курсам пры “Цёплым доме” яна фактычна закончыла ўніверсітэт.
Эльвіра БЕЛЯНКОВА.
Такой жа думкі прытрымліваецца і Марыя Якаўлеўна Манчак. У паездцы была разам з мужам Антонам Іосіфавічам. Яны заўжды разам, з таго моманту, калі пазнаёміліся на ЗАСе. Яна лабарантам працавала, ён - слесарам. Так і адпрацавалі муж і жонка ажно да пенсіі на адным аб’екце. Выгадавалі траіх дзяцей у сваёй двухпакаёвай кватэры, большай не дачакаліся, а цяпер большая і не патрэбна, бо дзеці раз’ехаліся, у кожнага свая сям’я. Бацькі ж радуюцца жыццю, час ад часу выпраўляючыся ў вандроўку. Марыя Якаўлеўна яшчэ і гурткі наведвае, вучыцца новаму ці ўспамінае забытае старое, на што раней не хапала часу.
А галоўнае - жыццё працягваецца. Важна, каб працяг быў цікавы, матывуючы, радасны, каб кожны дзень прыносіў чарговыя адкрыцці і прыемныя эмоцыі.
Сям'я ЛЯОНАВЫХ.
Ала СТРАШЫНСКАЯ.
Фота аўтара.