Каханне з французскім шармам

 

Каханне з французскім шармам

Общество
26.09.2020
1374

Кажуць, каханню ўсе ўзросты падуладныя. Але з цягам часу ўсё менш верыцца ў шчырасць пачуццяў, усё з большай асцярогай пачынаеш ставіцца да новых знаёмстваў, а новыя расчараванні востра адгукаюцца сардэчным болем і высокім ціскам. Тым не менш, ёсць людзі рызыканты, якія гатовы паспытаць свой лёс і адкрыць сваё сэрца таму, хто таксама гібее ў адзіноце.


француз2.JPG

Пра свае віртуальныя стасункі з французам мая сяброўка Ларыса доўгі час не расказвала нават родным і дзецям. Удава з букетам захворванняў пасля аўтамабільнай катастрофы, у якой, дарэчы, загінуў яе муж, ніякіх планаў адносна свайго асабістага жыцця не будавала. Ёй проста было цікава перапісвацца з грамадзянінам Францыі, тёзкай знакамітага Гі де Мапасана. Нягледзячы на моўны бар’ер, на неабходнасць увесь час карыстацца онлайн перакладчыкам, суразмоўцы знаходзілі ўсё больш кропак судатыкнення, шмат агульных інтарэсаў, пераконваліся ў блізкасці сваіх духоўных і маральных каштоўнасцей.

Гі Салаэн убачыў Ларысу падчас вэб-канферэнцыі на адной з інтэрнэт-пляцовак Гродзенскага “Універсітэта Залатога Веку”. Студэнты і выкладчыкі УЗВ абменьваліся сваім досведам з французскімі аднагодкамі. Ларыса, якая вяла курс аматараў кіно, праявіла сябе яскравым прыкладам змагара з эйджызмам. Для тых, хто не ў курсе: эйджызм – негатыўная ўстаноўка ў адносінах да старасці, калі пажылыя людзі ўспрымаюцца як нямоглыя, абмежаваныя, няздольныя вучыцца і рэальна ацэньваць сітуацыю. Шчыра прызнаюся, для мяне Ларыса заўжды была і застаецца па сёння, прыкладам аптымізму, бясконцага імкнення да новых ведаў, своеасаблівым фантанам станоўчых эмоцый. 

француз5.JPG

Іх стасункі працягваліся даволі шмат часу. На святы з далёкага французскага Брэста, што на ўзбярэжжы Атлантычнага акеана, у Гродна пачалі прыходзіць рэальныя, а не віртуальныя паштоўкі. І аднойчы Гі паведаміў, што гатовы прыехаць у госці. Яго вельмі цёпла і прыязна сустрэлі і дзеці, і ўнукі Ларысы. Ці не ўпершыню за шмат гадоў адзінокі французскі пенсіянер, былы падводнік, адчуў сябе ў добразычлівым сямейным коле. Нясмелым агеньчыкам заблішчэла жыццёвая перспектыва мець надалей стасункі не толькі з чацвераногім сябрам і чайкамі, што час ад часу прыляталі на падаконнік яго халасцяцкай кватэры.

Праз нейкі час і мая сяброўка наведалася ў Францыю. Як адбывалася прапанова рукі і сэрца, я не ведаю, але неўзабаве, калі нявеста вярнулася на радзіму, Гі прыняў канчатковае рашэнне і, загрузіўшы свой небагаты скарб у машыну, з’ехаў са здымнай кватэры ў кірунку на ўсход. Некалькі дзён ён ехаў праз Еўрапейскія краіны да Беларусі. Пагадзіцеся, для чалавека, якому ўжо за 70, гэта раўнацэнна подзвігу. У Гродна яны аформілі шлюб у акружэнні сяброў і радні. У Лоры з’явіўся клапатлівы муж, гаспадар у хаце і на лецішчы, і яшчэ - абаронца. Вось толькі самастойнай жанчыне, якая за многія гады адзіноты прызвычаілася сама планаваць свой дзень і дазіраваць ступень удзелу ў выхаванні ўнукаў, такая празмерная апека не заўжды падабалася. На гэтай глебе і адбыліся першыя непаразуменні дзвюх ментальнасцяў, і двух сусветаў: дэмакратычнага Захаду і аўтакратычнага Усходу. Ну не мог аніяк зразумець французскі муж, чаму так шмат часу яго жонка павінна аддаваць унукам, забаўляць іх, часам не на карысць уласнаму здароўю. І разам з тым, што датычыць дапамогі Лорыным унукам, то шчодрасць Гі проста не мае межаў.

француз3.JPG

Асобная тэма - кулінарныя звычкі мужа. У гэтым кірунку Ларыса поўнасцю прыняла яго традыцыі. Ёй не складана было далучыцца да французскай кухні, бо спажыванне ежы ніколі культам і самамэтай не было ў яе сям’і. Стравы, якія гатаваў Гі, ёй падабаліся, а ён не супраць быў адведаць беларускіх дранікаў, бабку, смажаных шампіньёнаў. Вось толькі з рэжымам прыёму ежы адбыліся значныя перамены. Справа ў тым, што французы фактычна не снедаюць, так званы аперытыф – проста пару глыткоў сталовага віна і кавалачак сыру з маслінамі. Затое абед і вячэра – гэта святое! Калі вы думаеце, што беларускай жанчыне прыйшлося прывыкаць да кумпячкоў жабы, то вы памыляецеся. Не ўсе французы ўжываюць у ежу гэты дэлікатэс. Гі адназначна яго не любіць. А вось у сырах цвёрдых гатункаў ён спецыяліст.

Каб лепш разумець мужа і дакладней выкладаць свае думкі, давялося Ларысе вывучаць французскую мову. У школе і інстытуце яна вучыла англійскую. Асваенне новай мовы стала чарговым выпрабаваннем свайго інтелекта, сваіх здольнасцей.

У Смаргонь, на радзіму Ларысы Гірас, у дзявоцтве Сяргеевай, французска-беларуская сям’я наведваецца даволі часта. Па –першае, тут пахаваны бацькі і шмат сваякоў Лоры. Па-другое, у Смаргоні жывуць сябры дзяцінства. Да таго ж, Смаргоншчына - куток Беларусі, дзе дужа шмат гісторыка-культурных помнікаў, а пра маляўнічую прыроду гаварыць лішні раз няма патрэбы. Наведванне малой радзімы, не менш важнае як адпачынак на курортах Прыбалтыкі і Украіны. У Францыю яны больш не ездзілі. У Гі там анікога не засталося, а Лора кажа, што клімат Атлантыкі для яе не вельмі спрыяльны. Тым не менш не праходзіла года, каб яны не выпраўляліся ў чарговае падарожжа. Яны вялікія ахвотнікі да вандровак, аматары адкрыццяў, даследчыкі невядомага. Гэтыя якасці таксама злучаюць іх і натхняюць на актыўны лад жыцця.

француз4.JPG

На жаль, гады нікога не шкадуюць і бяруць сваё. Даюць аб сабе знаць хранічныя захворванні, невядома адкуль сыплюцца праблемы. І ў пэўны момант становіцца зразумелым, што нейкія ранейшыя непаразуменні, нестыкоўкі ў менталітэце, прэтэнзіі – проста бытавыя дробязі. Галоўнае, наколькі ты чалавек, наколькі ў табе прысутнічае сумленне, наколькі ты можаш адчуваць чужы боль, спачуваць, быць высакародным. А гэтыя якасці, пагадзіцеся, ад нацыянальнасці не залежаць, як і ад грамадзянства.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.

Фота аўтара.