Ілюзіяй жыццё не заменіш

 

Ілюзіяй жыццё не заменіш

Общество
13.09.2020
660

Мая сваячка шмат гадоў працуе ў рэабілітацыйным цэнтры, дзе праходзяць лячэнне наркатычна залежныя пацыенты. Аднойчы яна спыталася ў маладога чалавека, які фактычна дажываў, бо меў букет незваротных наступстваў ад прыёму опіоідных наркатычных сродкаў, ці не шкада яму свайго так бяздарна загубленага жыцця. Адказ яе проста шакіраваў. “Вы што! Я атрымліваў такі кайф! Такі кайф! Вам ніколі гэтага не адчуць і не зразумець!” На заўвагу, што гэта толькі ілюзія, а задавальненне можна атрымаць не рызыкуючы здароўем, наркаман адказаў: “Для мяне іншай асалоды не трэба”.

2 (2).jpg

Урач-нарколаг Смаргонскай ЦРБ Ірына Турноўская штодзень сутыкаецца з пацыентамі, у свядомасці якіх перакручаныя як нармальнае стаўленне да жыцця, так і да жыццёвых каштоўнасцей. Не толькі з артыкулаў і падручнікаў, а больш з уласнага прафесійнага вопыту Ірына Уладзіміраўна ведае, што наркаманія – гэта найперш псіхічнае захворванне, пры якім разбураецца нервовая сістэма, мозг, імунная сістэма, сэрца. Наркаман дэградуе як асоба, ператвараючыся ў чэрствага, абмежаванага, агрэсіўнага чалавека, які заняты толькі чаканнем чарговай дозы.

Раённым выканаўчым камітэтам зацверджаны комплексы план мерапрыемстваў, накіраваных на прыняцце эфектыўных мер па супрацьдзеянню незаконнаму абароту наркотыкаў, прафілактыцы іх спажывання, у тым ліку сярод дзяцей і моладзі, сацыяльнай рэабілітацыі асоб, хворых наркаманіяй на 2019-2020 гады. У адпаведнасці з планам распрацаваны мерапрыемствы. Так, пры наркалагічным кабінеце працуе тэлефон “гарачай лініі”. Пазваніўшы на нумар 4-67-79, ананімную дапамогу і кваліфікаваную параду могуць атрымаць як залежныя хворыя, так і іх сваякі, родныя людзі. Па словах урача-нарколага, вельмі шмат тэлефанаванняў было, калі ў нашым горадзе выявілі выпадкі ўжывання так званых спайсаў, а таксама пасля смяротных выпадкаў ад гэтага сінтэтычнага наркотыка. Медыцынскія работнікі актыўны выступалі з лекцыямі перад настаўнікамі, бацькамі, дзецьмі ва ўстановах адукацыі, на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна.

Павальнае захапленне моладзі спайсамі – сумесямі для курэння, якія па сцвярджэнні прадаўцоў зусім бясшкодныя для здароўя, сцішылася. Бо ўрачам удалося пераканаць грамадства, што насычаныя хімічнымі сродкамі раслінныя сумясі горш, чым наркотыкі, наносяць шкоду арганізму.

Сёння не выяўлена выпадкаў ужывання спайсаў сярод моладзі нашага горада. Але застаюцца пад увагай медыцынскіх работнікаў і праваахоўнікаў тыя, хто шукае кайф, удыхаючы лятучыя растваральныя сродкі. На ўліку па таксікаманіі ў нарколага цяпер чатыры падлеткі. Усе яны з сацыяльна небяспечных сем’яў.

Калі стварыць своеасаблівы абагулены сацыяльны партрэт наркатычна залежнага чалавека, то для нашага раёна гэта: безработны, бессямейны, з базавай або сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, часта судзімы.

Пытанні аховы псіхічнага здароўя пастаянна знаходзяцца пад увагай уладаў. Устаноўлены спецыяльныя банэры, якія папярэджваюць пра адказнасць за ўжыванне і распаўсюджванне наркатычных сродкаў. Не толькі ва ўстановах медыцынскай дапамогі і адукацыі, але і ў публічных месцах прымацаваны стэнды з неабходнай інфармацыяй, з кантактнымі тэлефонамі. Працуе тэлефон “гарачай лініі” 170. Ёсць магчымасць выйсці на сайт pomogut.by. Гэты інфармацыйны рэсурс створаны Міністэрствам унутраных спраў для ўдасканалення работы па прафілактыцы наркамініі і аказання практычнай дапамогі нарказалежным і сузалежным асобам, тым грамадзянам, якія сутыкнуліся з праблемай наркамініі.

Што да нашага раёна, то ў параўнанні з папярэднімі трыма гадамі, колькасць наркатычна залежных асоб, якія стаяць на ўліку ў паліклініцы ЦРБ, значна паменшылася. Пакуль спіс налічвае 17 чалавек, з якіх - тры жанчыны. Сямёра са спіса ўжываюць наркатычныя сродкі перыядычна. Шмат хто, з так званых “залежных”, атрымлівае рэабілітацыйную дапамогу дабравольна. На базе псіхіятрычнага стацыянара можна прайсці лячэнне ананімна.

Повадам для прыёму наркотыкаў часта з’яўляецца жаданне схавацца ад праблем або сыйсці ад стрэсавай сітуацыі. Толькі ў выніку самі наркотыкі становяцца праблемай, і гэта горш, чым глядзець у твар часовым цяжкасцям. Адзінае выйсце – адмовіцца ад эксперыментаў над сабой і нават не спрабаваць такім чынам уцякаць ад рэальнасці.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.

Фота аўтара.