Смаргонская школа мастацтваў, дзе вучаць граць на музычных інструментах, спяваць, танцаваць і выяўленчаму мастацтву, яшчэ не скончыла набор вучняў на новы навучальны год. “Пакуль мы яшчэ маем магчымасць запісаць дзяцей на заняткі па харэаграфіі, ігры на акардэоне, баяне, кларнеце, саксафоне, віяланчэлі і цымбалах, - кажа Вольга Токарава, намеснік дырэктара школы мастацтваў імя Міхала Клеафаса Агінскага. - Таму, калі ёсць жаданне, то калі ласка – прыходзьце да нас”.
Прачніся – і грай!
Той, хто займаецца ў школе мастацтваў, неабавязкова павінен стаць прафесійным музыкам ці танцорам. Тым не менш, многія дзеці настолькі захапляюцца музыкай, спевамі ці выяўленчым мастацтвам, што і ў далейшым сваю будучую прафесію выбіраюць у гэтых кірунках. Вольга Мікалаеўна ўдакладніла, што сёлета 9 выпускнікоў школы мастацтваў сталі навучэнцамі і студэнтамі сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў музычнага і выяўленчага профіляў.
Псіхолагі сцвярджаюць, што музычная адукацыя павінна быць не дадатковай, а абавязковай. У Японіі, напрыклад, у малодшых і сярэдніх класах музыка – адзін з асноўных прадметаў.
Рэгулярная ігра на музычных інструментах – выдатны спосаб трэніраваць галаўны мозг. Вядомы выраз “розум дзіцяці – на кончыках пальцаў”. Чым лепш дзіця валодае пальцамі рук, тым лепш развіваецца яго маўленне, здольнасць да матэматыкі, вывучэння замежных моў і г. д.
Танцы трэніруюць практычна ўсе мышцы цела, дыхальную сістэму, дапамагаюць сфарміраваць прыгожую выправу і паходку, паляпшаюць каардынацыю рухаў і работу сардэчна-сасудзістай сістэмы. Спевы – гэта натуральны антыдэпрэсант, зніжаюць узровень стрэсу, павышаюць разумовую актыўнасць, выдатна ўздзейнічаюць на ўнутраныя органы. А выяўленчае мастацтва развівае ўседлівасць і акуратнасць, дробную маторыку, змяншае ўнутраны неспакой, трэніруе памяць і ўважлівасць.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.
Зацікаўленыя і актыўныя вучні школы мастацтваў пастаянна ўдзельнічаюць у канцэртах.