Днямі актыў вёскі Асінаўка і дачных кааператываў, што ў ваколіцах возера, стварыў некамерцыйны кааператыў “Водны край Асінаўка”. Звяртаюся да ўсіх нераўнадушных людзей з просьбай падтрымаць фінансава наш праект па вяртанні вадаёма прыстойнага выгляду. Грашовыя сродкі можна пералічыць на рахунак у Беларусбанку: ПК “Водный край Осиновка”, р/с ВУ66АКВВ30150000591850000000 БИК АКВВВУ2Х, Беларусбанк.
Кааператыў “Водны край Асінаўка” звяртаецца да ўсіх нераўнадушных
Хочацца спадзявацца, што знойдуцца ў нашым горадзе і навакольных населеных пунктах нераўнадушныя грамадзяне і мецэнаты, якія ахвяруюць на рахунак кааператыва сродкі, каб мы маглі аплаціць праект і наступныя работы па вяртанні возера ў Асінаўцы належнага стану.
Актывісты ўдзячны тым, хто адгукнуўся на нашу просьбу, паспрыяў вырашэнню многіх пытанняў. Вялікі дзякуй нашаму старшыні райвыканкама Генадзю Васільевічу Харужыку за паразуменне, прыязнасць, канкрэтныя парады і своечасовую дапамогу. Удзячны таксама Святлане Салагуб – вядучаму спецыялісту ўпраўлення дзяржаўнай маёмасці, якая дала кваліфікаваную параду. Дзякуючы ёй быў створаны кааператыў і пачалося супрацоўніцтва з інстытутам рыбнай гаспадаркі, экалагічнай інспекцыяй, раённым таварыствам рыбаловаў і паляўнічых. Таксама Святлана Анатольеўна дапамагла правільна аформіць дакументы.
Вельмі хочацца верыць, што на заклік нашай суполкі адгукнуцца смаргонцы і тыя, хто лічыць яе сваёй малой радзімай. Давайце талакой адновім чароўны куток, каб пакінуць у спадчыну новым пакаленням Смаргоншчыны чысты вадаём, куды вернуцца лебедзі, дзе будзе бяспечна купацца і адпачываць людзям.
Галіна ДОРНІК.