26 ліпеня аграгарадок Сінькі гасцінна вітаў сяброў і суседзяў у межах правядзення Свята беларускіх гаспадынь. Прафесіяналаў і аматараў, майстроў дэкаратыўна-прыкладного мастацтва сабраў наш невялікі аграгарадок.
Свята беларускіх гаспадынь
Непаўторнае па сваёй самабытнасці мерапрыемства, якое змяшчае ў сабе лепшыя традыцыі і звычаі нацыянальнай беларускай культуры і сучаснай вёскі, стала сапраўдным брэндам Сінькоўскага краю. У гэтым годзе свята ладзілася ў чацвёрты раз. Яно праходзіла пад агульнай тэматычнай назвай “Кветкі ў нашым жыцці”. У конкурсе прынялі ўдзел гаспадыні з вёсак Сінькі (вуліц Зарэчная, Школьная, Зялёная), Паніззе, Сівіца, Каты. Упершыню ў гэтым годзе не абмінула гэтае свята і Сінькоўская школа, падрыхтаваўшы сваю ўласную выставу творчых вырабаў: кветкавыя букеты, разнастайныя стравы нацыянальнай кухні, вырабы з бісеру, вышыванкі, сурвэткі, посцілкі.
Адкрываючы свята, старшыня Сінькоўскага сельсавета Сяргей Пачыкоўскі павіншаваў усіх прысутных з важнай для аграгарадка падзеяй і выказаў падзяку тым, хто зрабіў свой унёсак у арганізацыю мерапрыемства. Сяргей Антонавіч урачыста ўручыў усім гаспадыням-удзельніцам падарункавыя сертыфікаты, пажадаўшы кожнай сям’і дабрабыту і моцнага здароўя.
Падчас мерапрыемства гучалі песні ў выкананні спевакоў Бялкоўшчынскага Дома культуры, вакальнага калектыву “Міраж”, салістаў Сінькоўскага Дома культуры. Кожная музычная імправізацыя і высокае выканаўчае майстэртва не давалі сумаваць гледачам, і ўрэшце рэшт месца каля сцэны ператварылася ў масавую танцпляцоўку. Танчылі і дзеці, і маладыя, і людзі старэйшага ўзросту. А гэта значыць, што свята ўдалося.
Вольга ІЛЬІНА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Сінькоўскіх ясляў-сада-сярэдняй школы Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці.