Эстонская дэлегацыя наведала мемарыял і музей-сядзібу М. К. Агінскага
Ролю гіда ўзяла на сябе начальнік аддзела культуры райвыканкама Таццяна Ражэва. Яна расказала пра трагічныя падзеі векавой даўніны на тэрыторыі Смаргонскага раёна, пра тое, якім працяглым было супрацьстаянне варагуючых бакоў каля Смаргоні, як падчас баявых дзеянняў наш горад быў літаральна сцёрты з твару зямлі.
Госці ўсклалі кветкі да падножжа манумента “Крылаты геній воінскай славы”, абышлі размешчаныя непадалёку камяні з прымацаванымі да іх таблічкамі, на якіх змешчана інфармацыя аб перыядзе Першай сусветнай вайны.
Потым эстонская дэлегацыя паехала ў Залессе. Каля параднага ўвахода ў музей-сядзібу М. К. Агінскага гасцей з Прыбалтыкі чакала беласнежная карэта. Жанчынам, якія былі ў складзе дэлегацыі, прапанавалі праехаць у ёй. Прапанова была з задавальненнем прынята.
У будынку музея-сядзібы гасцей сустрэла дырэктар гэтай установы Людміла Градзіцкая. Яна коратка распавяла аб памяшканні, адкуль пачынаюцца ўсе экскурсіі, звярнула ўвагу на незвычайнае старадаўняе люстэрка на сцяне.
Удзельнікі экскурсіі ўважліва агледзелі памяшканні, мэблю і музычныя інструменты далёкага часу, выявы членаў сям’і Агінскага, яго паплечнікаў, якія размешчаны на сценах. Гасцей з Прыбалтыкі ўзразіла камінная зала з яе высокай столлю, кафляй, якою абкладзены печкі.
Пры гэтым былі разыграны невялікія прадстаўленні ў стылі часоў Агінскага. Апанутыя адпаведна паны і паненкі распавядалі пра гаспадара і яго сям’ю. А ў снукернай зале эстонцаў чакаў сюрпрыз: трэба было правільна адказаць на пытанні і атрымаць за гэта прызы.
Закончылася экскурсія наведаннем выставачнай залы і аранжарэі. Госці былі прыемна здзіўлены, убачыўшы экзатычныя расліны, якія да ўсяго яшчэ і пладаносяць у нашых умовах.
Пасля гэтага прадстаўнікі эстонскай дэлегацыі пагутарылі са старшынёй райвыканкама Генадзем Харужыкам, які крыху пазней прыехаў у музей-сядзібу Міхала Клеафаса Агінскага.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.