Блакітны лён не раз прымаў паклон
Яна зможа арганізаваць працу і ўласным прыкладам заахвоціць усё звяно. Так і было. На працягу многіх гадоў лён даваў гаспадарцы добры прыбытак, а звяно Таісы Уладзіміраўны было прыкладным нават на ўзроўні раёна.
Таісе Варпаховіч (аўт. - прозвішча па мужу) сёлета споўнілася 75. Амаль палову жыцця яна прысвяціла лёну. У тыя часы для гаспадаркі гэта культура была бадай што стратэгічнай. Пад яе адводзілі вялікія надзелы, праца на лёне пільна адсочвалася, а паміж звёнамі заўсёды разгаралася своеасаблівая канкурэнцыя. Затое ў самім звяне, наадварот, панавалі добразычлівасць і ўзаемападтрымка. Жанчыны ведалі: агульную справу робяць, і поспех усяго звяна – гэта поспех кожнай з іх.
- Ох, якія ж харошыя бабы былі ў маім звяне. Усе паміж сабой ладзілі, дапамагалі адна адной, - расказвае Таіса Варпаховіч.
– Бывала, толькі развіднеецца – бачу, што трэба лён, які з вечара на полі застаўся, хутчэй звозіць і накрываць. Паклічу жанчын - усе прыйдуць. Хатнюю працу пакідаюць і прыйдуць. Моцна перажывала кожная за лён. І працу сваю любіла кожная.
Доўгія месяцы працавала звяно на льне. Доўгія ночы на абіванні галовак, доўгія дні і вечары на трапанні. І вось надыходзіў самы хвалюючы момант – здача льну. Строгі прыёмшчык уважліва аглядае даўгунец, замярае яго і выносіць свой вердыкт. Радасці на ўвесь калгас – звяно Таісы Варпаховіч зноў дало кудзелю пад самым высокім нумарам – шаснаццатым.
Ішлі гады. Дакладней сказаць, гады ляцелі. Некалі створанае маладзёжнае звяно пасталела, і паміж льнянымі снапамі пачалі бегаць дзеці, а пасля - і ўнукі працаўніц. Сёння Таіса з асаблівым пачуццём прыгадвае тыя часы.
Яна памятае, як першыя гады звяно працавала толькі за працадні. Невялікія грошы перападалі раз-два на год. Сціплыя разлікі атрымлівалі ў выглядзе мукі і алею. Але жанчыны, незалежна ад памеру заробкаў, не дазвалялі сабе гультайства і абыякавасці.
Кожная перажывала за працэс і канчатковыя вынікі. За дасягнутыя поспехі Таіса Варпаховіч двойчы трапляла на раённую Дошку гонару, неаднойчы станавілася пераможцам сацыялістычных спаборніцтваў, узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Сёння імя перадавой звеннявой можна знайсці ў кнізе “Памяць”.
Працавітасці, вытрымцы, настойлівасці Таісу вучыла само жыццё. Маленства было галод нае і басаногае. Прайшло яно на хутары “Катоў камень”. Адтуль кожны дзень дзяўчынка хадзіла ў Байбаўскую школу за 7 кіламетраў. Увечары вярталася дадому. Добра памятае, як сцюдзёным зімовым вечарам ішла са школы. Мароз усё мацнеў, паветра здавалася калючым, аж дыхаць было складана. Дзяўчынка прысела на дарозе і адчула, што да свайго хутара дайсці ўжо не здолее. На шчасце, яе заўважыў дзядзька і прывёз дадому.
Жыццё прымусіла працаваць з самага дзяцінства. Калгас абяцаў светлае будучае. Але што ж было рабіць цяпер, сёння?
- Памятаю, збяру два вядры малін і нясу з Кеўлаў у горад прадаваць, каб хоць невялікія грошы зарабіць, - успамінае Таіса Уладзіміраўна.
– А з’яўляліся якія-ніякія грошы – дык у магазінах не было чаго купляць. Ішлі пехатою на цягнік у Залессе, адтуль ехалі ў Маладзечна па хлеб і муку. Назад вяртаемся – нясём на плячах цяжкія торбы.
Успаміны жанчыны ўражваюць. Уявіце сабе невялічкую худзенькую жанчынку, якая рухаецца ўздоўж шутавіцкай дарогі і нясе ў руках два вялікія вядры малін. Наўрад ці хто падвязе. А маліны трэба абавязкова прадаць.
Таіса выйшла замуж рана – у 18 гадоў. Іван – яе першае і адзі-
нае на ўсё жыццё каханне. Хлопец тутэйшы, цярэшкаўскі. Разам яны пражылі 56 гадоў, і амаль увесь гэты час – з бацькамі мужа.
Пабудаваць уласны дом не мелі сродкаў. Ды і не моцна імкнуліся яны шукаць шчасця пад іншым дахам. З бацькамі мірыліся, паміж сабой заўсёды ладзілі. Чаго ж лепшага хацець?
Шэсць год таму назад Варпаховічы пасяліліся ў Кеўлах, у хаце, якую купілі бацькі Таісы.
Сёння жывуць яны ўдваіх, але дзеці і ўнукі не забываюць дарогі да бацькоўскага парога. Маці і тата сталі лепшым прыкладам у многім справах, найперш, у сужэнскіх адносінах. Па праўдзе сказаць, пасля цёплай размовы з гаспадарамі нам таксама не хацелася пакідаць утульны дом Варпаховічаў, дзе было цёпла ад печы і яшчэ цяплей – ад людзей.
Развітваючыся, мы паабяцалі, што абавязкова завітаем на іх брыльянтавае вяселле.
Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.