Дзень Таццяны

 

Дзень Таццяны

Общество
19.10.2019
2612
“Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся”, - кажуць у народзе. І ў гэтым ёсць глыбокі сэнс. Родная мясціна, зямля, родныя людзі. Што можа быць бліжэй для чалавека? Тут ён свой. Яго зразумеюць, падтрымаюць, дапамогуць, калі ў гэтым будзе неабходнасць.

Таццяна Шунько нарадзілася і жыве ў вёсцы Сялец Сінькоўскага сельсавета. Тут яна спачатку асвойвала прафесію даяркі, адпрацавала 11 гадоў, а потым ёй прапанавалі ўзначаліць калектыў жывёлаводаў.

“Летам больш вольнага часу, - кажа Таццяна Віктараўна, - бо каровы знаходзяцца на пашы з ранку да вечара. А калі на зіму іх ставяць у стойлы, то ў мяне меншы перапынак, трэба даўжэй быць на працы. Прагулка, кармленне, даенне жывёлы - за ўсім неабходна сачыць загадчыку фермы”.

Акрамя гэтага, на Таццяну Шунько ўскладзены абавязкі лабаранта. Яна кантралюе якасць малака, каб своечасова мянялі фільтры слесары, адпраўляе малако на малаказавод. Інакш і нельга, бо за ўсе вытворчыя справы адказвае загадчык фермы. І за работнікаў – даярак, цялятніц, пастухоў, падвозчыкаў кармоў, тэхнічных спецыялістаў.

А яшчэ Таццяна Шунько – клапатлівая маці, выгадавала дзвюх дачок. Пасля заканчэння школы яны паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

“Дочкі добрыя, - усміхаецца Таццяна Віктараўна. - Я задаволена імі. Часта прыязджаюць дамоў, дапамагаюць па гаспадарцы, паважаюць мяне, слухаюцца”.

Нядаўна ў мамы быў юбілей. І самыя першыя і цёплыя віншаванні яна пачула ад сваіх дачок. Павіншаваць гэту руплівую і дабрадушную жанчыну прыехалі таксама старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віталь Івашка і Галіна Кузьміна, якая з’яўляецца лідарам прафсаюзнай “пярвічкі” раённай ветэрынарнай станцыі. За гэтай службай замацавана малочна-таварная ферма “Сялец”, дзе і працуе загадчыкам Таццяна Шунько.

IMG_5897.JPG

Юбілярцы пажадалі здароўя, радасці, шчасця. Віталь Іванавіч падзякаваў за працу, сказаўшы: “Сялецкая малочнатаварная ферма знаходзіцца на добрым рахунку ў раёне. І заслуга ў гэтым працоўнага калектыву і загадчыцы Таццяны Шунько, якая мае прафесійныя і арганізатарскія здольнасці, стараецца, перажывае за сваю справу”.

Юбілярцы ўручылі кветкі, падарунак і Ганаровую грамату за шматгадовую добрасумленную працу, актыўную дзейнасць у прафсаюзнай арганізацыі.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Статьи по теме: