Асноўныя нашы намаганні - каб дзеці адчувалі сябе камфортна і дома, і ў школе, і ў вольны час з сябрамі

 

Асноўныя нашы намаганні - каб дзеці адчувалі сябе камфортна і дома, і ў школе, і ў вольны час з сябрамі

Общество
06.10.2019
1400
Калісьці трапіць у кабінет сацыёлага баяўся кожны школьнік. Выклік мог азначаць толькі адно: дзесьці ты ўжо правініўся, і гэта не засталося незаўважаным. Сёння дзеці не толькі не баяцца супрацоўнікаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы, але і самі гатовы прыйсці да іх па дапамогу. Пра работу сацыяльнага педагога і педагога-псіхолага расказалі супрацоўнікі школы №5 Людміла Пракопенка і Марына Лапыцька

“Асноўныя нашы намаганні накіраваны, каб дзеці адчувалі сябе камфортна і дома, і ў школе, і ў вольны час з сябрамі, - расказвае Людміла Пракопенка. – Да нас прыходзяць самі дзеці, калі штосьці не ладзіцца з настаўнікамі і аднакласнікамі, звяртаюцца педагогі і бацькі, калі не могуць знайсці агульную мову з малодшым пакаленнем”. “Акрамя таго, пэўныя праблемы мы можам выявіць і самі, право­дзячы дыягностыку”, - дапаўняе Марына Лапыцька (на фота).

Социологи.JPG

Дыягностыка патрэбна перш за ўсё тым вучням, якія перажываюць нейкія перамены: напрыклад, першакласнікам, пяцікласнікам, яны адаптуюцца да новых умоў. І бывае, што гэта даецца цяжка. Асабліва першакласнікам, у якіх неабходна своечасова заўважыць сімптомы дэзадаптацыі. Сур’ёзная ступень дэзадаптацыі сустракаецца досыць рэдка, сярэдняя – часцей. З апошняй педагогі навучыліся лёгка спраўляцца. Па-першае, трэба выявіць прычыну. А ўжо зыходзячы з яе, працаваць далей: камусьці дастаткова некалькіх кансультацый, хтосьці патрабуе карэкцыйнай работы. Магчыма, прыйдзецца даць рэкамендацыі бацькам і настаўнікам, каб і яны зрабілі ўсё неабходнае для стварэння спрыяльнага асяроддзя ў дзіцячым калектыве.

Вялікая частка работы для спецыялістаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы – сем’і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. “Трэба разумець, што сацыяльна небяспечнае становішча – не пазбаўленне бацькоўскіх правоў, не крыж на сям’і, - тлумачыць Людміла Аляксандраўна. – Гэта званочак, што між бацькамі і дзецьмі штосьці не так. Неабходна пачуць яго і прыняць дапамогу спецыялістаў, хоць часта бацькі не лічаць нашы дзеянні дапамогай”.

Калі камісія прызнае, што дзеці трапілі ў сацыяльна небяспечнае становішча, работнікі розных службаў (медыкі, педагогі, міліцыя і іншыя) не проста сочаць, як бацькі выпраўляюць сітуацыю. Псіхолагі кансультуюць па пытаннях узаемаадносін дзяцей і дарослых, дарослых між сабой, пры неабходнасці аказваецца матэрыяльная дапамога, медыкі гатовы аказаць неабходную падтрымку ў сваёй кампетэнцыі. Калі бацькоўскага жадання змяніць абстаноўку ў сям’і аказваецца недастаткова, дзіця можа аказацца ў сацыяльным прытулку або пад апекай іншых людзей. “Гэта самае цяжкае ў нашай прафесіі, - прызнаюцца і Людміла Аляксандраўна, і Марына Аляксандраўна. – А з іншага боку, самае прыемнае адчуванне – калі нашы падапечныя вяртаюцца ў сем’і”.

Віялета ВОЙТКА.  Фота аўтара.

Статьи по теме: