Цаніць не кожны дзень, а кожную хвіліну
Днямі Алена Дасюкевіч адзначыла “залаты” юбілей. Калегі па рабоце шчыра віншавалі яе, не шкадуючы прыгожых эпітэтаў. А што яшчэ можна гаварыць у адрас юбіляркі, якая адпрацавала ў райветстанцыі трыццаць гадоў? Як скончыла Ашмянскі тэхнікум, размеркавалася сюды на работу, так і працуе па сённяшні дзень. Больш за дзесяць гадоў яна сумяшчае абавязкі казначэя ў прафсаюзным камітэце ўстановы.
“Адказнасць і працавітасць – галоўныя рысы Алены Казіміраўны”, - удакладніла Галіна Кузьміна, старшыня прафкама прафсаюза райветстанцыі, якая ведае юбілярку з моманту ўладкавання яе на працу. Віталь Івашка, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК, уручыў юбілярцы Ганаровую грамату за шматгадовую добрасумленную працу, актыўную абарону працоўных прафесіянальна-эканамічных правоў, законных інтарэсаў членаў прафсаюза. Сама Алена Дасюкевіч зазначыла: “Мне камфортна тут працаваць. Напэўна, я магу назваць сябе шчаслівым чалавекам, бо іду на работу з радасцю. І вяртаюся з работы з пазітыўнымі эмоцыямі”.
У вольны час жанчына любіць вышываць крыжыкам, вязаць, гатаваць. Раней яе 26-гадовы сын вельмі любіў фірменныя маміны катлеткі. Апошнім часам адмовіўся ад мяснога, а мама, у сваю чаргу, стала асвойваць новыя вегетарыянскія стравы.
Чытанне – яшчэ адно захапленне гэтай жанчыны з маленства. Калі была навучэнкай тэхнікума, літаральна прападала ў бібліятэцы. Нават бібліятэкары здзіўляліся, калі яна толькі і вучыцца. Дагэтуль вельмі любіць рускую класіку, творы Шамякіна, раман “Поющие в терновнике” Коліна Макалоў перачытала шмат разоў.
Свой юбілей Алена Казіміраўна будзе адзначаць у коле родных у вёсцы Копцевічы. У доме, дзе прайшлі яе дзіцячыя і юнацкія гады, дзе вельмі часта збіраюцца са сваімі сем’ямі яе сёстры і брат. На жаль, бацькоў ужо няма ў жывых, але наказ, які яны пакінулі дзецям: “І ў бядзе, і ў радасці быць разам”, выконваецца.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.