Асаблівасці характару любога этнасу знаходзяць адлюстраванне ў яго культуры, творчасці і традыцыях. Наша родная краіна – яскравы таму прыклад.
У Асінаўшчызненскай пачатковай школе прайшла пазнавальная праграма “Калейдаскоп беларускіх рамёстваў”
З мэтай фарміравання ўяўленняў пра беларускія народныя промыслы, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выхавання павагі да чалавека працы, цікавасці да народных традыцый, вытокаў беларускай культуры ў рознаўзроставай группе інтэграванага навучання і выхавання прайшла пазнавальная праграма “Калейдаскоп беларускіх рамёстваў”. Дашкольнікі пазнаёміліся з такімі беларускімі народнымі промысламі, як ткацтва, ганчарства, пляценне.
Спачатку выхаванцы даведаліся, як працуе ганчар, з матэрыялам, які неабходны для таго, каб стварыць ганчарныя вырабы, – глінай. Пасля з цікавасцю разглядалі гліняны посуд.
Складаючы з фрагментаў цэлыя малюнкі падчас гульні “Склеім посуд”, хлопчыкі і дзяўчынкі пашырылі свае ўяўленні аб разнастайнасці ганчарных вырабаў, называлі і апісвалі іх, разважалі над тым, для прыгатавання якой стравы падыходзіць той ці іншы посуд.
Потым адбылося знаёмства з такім беларускім рамяством, як ткацтва. Дзеці даведаліся, што ручнік заўсёды лічыўся і лічыцца ў беларусаў сімвалам чысціні, цяпла роднай хаты і беларускай зямлі. Абавязковым атрыбутам беларускіх абрадаў з’яўляўся абрус, старанна вытканы руплівымі жаночымі рукамі.
Пасля разглядвання сапраўдных ручнікоў, посцілак і абрусоў, выхаванцы адзначылі разнастайнасць арнаменту гэтых ткацкіх вырабаў. Сярод шматлікіх малюнкаў знайшлі элементы беларускага нацыянальнага арнаменту.
Калі размова пайшла пра пляценне, дашкольнікі даведаліся, што беларускія майстры выкарыстоўвалі для сваёй працы лазу, карані дрэў, салому, лыка, бяросту. З кожнага з гэтых матэрыялаў выраблялася вялікая колькасць патрэбных рэчаў. Патрымаўшы ў руках салому, хлопчыкі і дзяўчынкі зразумелі, якая далікатная праца ў майстроў пляцення, бо салома вельмі капрызная і ломкая.
У канцы выхаванцы гулялі ў гульню-лато “Вырабы майстроў”, пры дапамозе якой яшчэ раз узгадвалі беларускія народныя рамёствы, развівалі сваю пазнавальную цікавасць, увагу і зрокавае ўспрыманне. На працягу ўсёй праграмы дашкольнікі не гублялі цікавасці да яе зместу. Было бачна, што маленькія грамадзяне вельмі ўважлівыя, і гэта не магло не радаваць.
Алена Біслюк,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Асінаўшчызненская пачатковая школа”.