Уладар зямлі

 

Уладар зямлі

Люди Сморгонщины
21.06.2022
1421

Яшчэ пры жыцці яго працавітасць і адданасць справе былі адзначаны самымі вышэйшымі ўзнагародамі: ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага чырвонага Сцяга, сярэбраным медалём ад камітэта Усесаюзных дасягненняў народнай гаспадаркі СССР…

На грудзях побач з працоўнымі ззялі баявыя ўзнагароды. Праўда, свой пінжак з медалямі і ордэнамі ён надзяваў рэдка. Па вялікіх святах. І без асаблівай асалоды, бо быў чалавекам слова і справы – дзелавы і не моцна публічны. Для многіх ён стаў чалавекам-легендай. Сваё імя ўвекавечыў працай. 

11.jpg

Герой ваеннага рамана

Валянціна Шэлег, дачка Міхаіла Крутаўцова, беражліва захоўвае папку, у якую сабрала багаты матэрыял пра свайго бацьку. Сярод газетных выразак, шматлікіх дакументаў знайшла аўтабіяграфію Міхаіла Крутаўцова, у якой пазначана, што ён нарадзіўся ў 1920 годзе ў вёсцы Муханава Аршанскага раёна ў шматдзетнай сям’і. Пасля заканчэння “сямігодкі” працаваў у Аршанскай МТС, пасля – рахункаводам пуцявой часці чыгункі ў Оршы.  Восенню 1940 года яго прызвалі ў рады Чырвонай Арміі. Служыў у адной з часцей Адэскай ваеннай акругі. Там яго застала вайна.

Крутавцов_2.png

Знаходжу ўспаміны самога Міхаіла Мінавіча: “Як для мяне пачаўся першы дзень вайны? Як звычайна, у нас, курсантаў артылерыйскай школы, ішлі вучэбныя стрэльбішчы. Над морам ляталі нашы самалёты, цягнулі на буксірных тросах вучэбныя мішэні. Мы па іх стралялі. Нашы гарматы былі размешчаны ля самага мора. Мы вельмі радаваліся, калі траплялі ў мішэні. Вучэнні для нас былі цікавай гульнёй, бо мы былі зусім маладымі. Раптам – цень незнаёмага самалёта. Мы і спалохацца не паспелі, здзівіцца таксама – а многія ўжо ўпалі мёртвымі, скошаныя варожымі кулямі. Так для мяне пачалася вайна”.

Ваяваў Міхаіл Крутаўцоў на Паўднёва-Заходнім фронце. Жорсткія баі з фашысцкімі танкамі, што рваліся да Адэсы, а таксама ў асаджаным горадзе… Аднойчы варожы асколак патрапіў аршанскаму хлопцу ў лёгкія. “Адбылося гэта так: на гарызонце нечакана паказаліся нямецкія “тыгры”. З-за недахопу гранат і снарадаў салдаты рашылі падпусціць іх бліжэй. Пачаўся бой. Сілы былі няроўныя. Раптам, як агнём, мне апякло грудзі. Усё закружылася, у вачах паплылі жоўтыя кругі. Я страціў прытомнасць. Рана была сур’ёзнай. Беспрытомнага юнака падабралі пастухі. Восем месяцаў малады арганізм узнаўляўся. Потым зноў – атакі, баі на рацэ Прут…”, - гэта ўспаміны Міхаіла Мінавіча, якія запісалі вучні Сыраваткінскай СШ.

А пра нямецкія танкавыя атакі Міхаіл Крутаўцоў расказваў, быццам ваенны раман пісаў: “Прэ прама на цябе шматтонная махіна, і адна ў яе задача: раздушыць цябе, ператварыць у пыл і гразь, сцерці з твару зямлі. Хто ты перад такой махінай? Кузурка бездапаможная. Але стараюцца маладыя хлопцы з апошніх сіл выжыць, адбіваюцца, як могуць. Думка ва ўсіх адна: хоць бы снарадаў хапіла! Жыць вельмі хацелася, маладыя былі зусім, нічога ў жыцці не бачылі. Часта даводзілася смерці ў вочы глядзець, не ўсім пашанцавала выжыць.

Балюча перажывала за мяне мая маці, Ефрасіння Рыгораўна. Пісьмы ёй прыходзілі рэдка, а то і зусім не даходзілі. Я заўсёды ўспамінаў сваю сям’ю, думаў пра маці, часта сніў яе, разумеў, як ёй цяжка. Шмат у маім франтавым жыцці было баёў, атак, загадаў. І раненне другое было. І сёння ныюць раны. Да цяперашняга часу рэнтгенаўскі апарат фіксуе ў лёгкіх асколак нямецкага снарада. Так і нашу ў сабе гэту “памяць аб вайне”.

Гераізм і мужнасць Міхаіла Крутаўцова былі адзначаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гадоў”.

Крутавцов_4.png


Служыць вёсцы і людзям

Пасляваенная біяграфія нашага героя – прыклад адданага служэння сельскай гаспадарцы і людзям, з якімі працаваў. 38 гадоў ён прысвяціў гэтай няпростай вытворчай сферы, 30 гадоў – на пасадзе кіраўніка калгаса.

3.png

2.jpg

Адразу пасля вайны Міхаіл Крутаўцоў жыў на Аршаншчыне, уладкаваўся ў саўгас “Юрцава” брыгадзірам паляводаў. У 1950 годзе актыўнага, валявога юнака заўважыла камуністычнае кіраўніцтва і  прапанавала пасаду старшыні саўгаса “Дабраўляны”, што на Смаргоншчыне. У снежні 1953 года Міхаіл Мінавіч узначаліў калгас “Шлях Леніна”, які праз пяць гадоў, калі адбылося ўзбуйненне дробных гаспадарак, назвалі “Светлы шлях” з цэнтрам у Сыраватках.

“Далі самы адстаючы калгас ў былым Свірскім раёне, які пад кіраўніцтвам Міхаіла Мінавіча зрабіўся адным з перадавых у нашым вытворчым упраўленні. Амаль усё, што цяпер пабудавана ў арцелі, што набыта, звязана з іменем Крутаўцова”, - пісала смаргонская “раёнка” ў 1963 годзе, роўна праз 10 гадоў кіраўніцтва.

Тыя, хто быў асабіста знаёмы з Міхаілам Мінавічам, у адзін голас сцвярджалі: “Гэта цудоўны арганізатар, тактоўны, з разумным, дакладным падыходам да гаспадарання, і што немалаважнае – ён умеў працаваць з людзьмі, падтрымаць, абнадзеіць”.  У гэтым, відаць, і заключаўся галоўны сакрэт яго кіраўніцкай дзейнасці. Гаспадарка адбудоўвалася, узмацнялася. Кіраўнік стварыў вакол сябе добрую каманду, якая разам працавала на вынік. Таму не дзіва, што ў “Светлым шляху” сталі расці ўраджаі, павялічыліся надоі малака і вытворчасць мяса. У Андрэеўцах распачалі будаўніцтва свінагадоўчага комплекса, які стаў “залатой жылай” гаспадаркі. У газеце за 1978 год было адзначана, што тады за год гаспадарка прадавала свініны больш, чым некалькі гадоў таму ўвесь раён. Неўзабаве ў Сыраватках выраслі новыя дамы і клуб. Тут з’явіўся першы і адзіны на Смаргоншчыне Герой Сацыялістычнай працы Эдвард Рожка, які шмат гадоў адпрацаваў загадчыкам участка.  У гаспадарцы было 18 ардэнаносцаў. Усе яны – звычайныя людзі, якія шчыра паверылі свайму кіраўніку, умелі і хацелі працаваць.  

У 1976 годзе газета “Праўда” адзначала: ”Некалі Міхаіл Крутаўцоў быў кіраўніком слабой, беднай гаспадаркі, якая атрымлівала самыя нізкія ў раёне ураджаі. За 22 гады гаспадарка вырасла, разбагацела, трывала заняла першае месца ў раёне. Застаючыся на сваёй пасадзе, старшыня вядзе справу з такім размахам, аб якім мінулы Крутаўцоў уяўлення не меў. Ён спасцігае дасягненні сельскагаспадарчай навукі, знаёміцца з навінкамі хіміі, біялогіі, з асновамі педагогікі – без усяго гэтага цяжка цяпер кіраваць гаспадаркай. Доўгая работа на адной пасадзе дазваляе Крутаўцову добра ведаць людзей, якім ён служыць, умела абапірацца на іх творчыя сілы”. 

4.jpg

9.jpg

Тыя, хто ведаў Крутаўцова, дагэтуль успамінаюць яго вопыт, дальнабачнасць і сялянскую кемлівасць. Міхаіл Мінавіч меў толькі сярэднюю адукацыю, але і гэта не сакрэт: яго прага да самаадукацыі (навуковымі даведнікамі, кнігамі і энцыклапедыямі была “засеена” хата) дала такі цудоўны плён, што ён мог даць фору нават акадэміку.

7.jpg

5.jpg

6.jpg

Пра гэту цудоўную асобу Смаргоншчыны можна напісаць цэлую кнігу. Пакуль жа мне хочацца адзначыць вось такую дэталь, пра якую расказала дачка Валянціна: “Тата рана ўставаў і позна вяртаўся дадому. Нашым выхаваннем займаліся мама і бабуля. Тата больш клапаціўся пра гаспадарку і людзей. Помню, стала пытанне, дзе капаць калодзеж. І бацька не рашыўся паказаць месца каля нашай хаты, выкапалі праз дарогу, і ваду мы насілі адтуль. Бацька не захацеў, каб людзі гаварылі, што ён для сябе зрабіў калодзеж. Пазней зрабілі водаправод праз вёску і не трэба было насіць вёдры”.

8.jpg

У 62 гады Міхаіл Мінавіч стаў удаўцом. “Калі мамы не стала, праз год бацька пайшоў на адпачынак, мне дапамагаў выхоўваць дзяцей, - кажа Валянціна Шэлег. – Помню, тата сказаў: “Дзеці выраслі, я і не заўважыў, а ўнукаў – шкада”. Вельмі іх любіў, напэўна, нерэалізаваную бацькоўскую любоў перанёс на ўнукаў”. 

10.jpg

1.jpg

Каб увекавечыць памяць былога старшыні калгаса “Светлы шлях” Міхаіла Крутаўцова, а гаспадаркі раёна падштурхнуць да дасягненняў высокіх паказчыкаў у жывёлагадоўлі, райвыканкам зацвердзіў пераходны прыз імя Міхаіла Крутаўцова. Штогод на ўрачыстасці, прысвечанай святкаванню Дня работнікаў сельскай гаспадаркі, падводзяцца вынікі і гучыць імя вядомага чалавека Смаргоншчыны. 

Галіна АНТОНАВА.

Фота з архіва.