95-гадовы юбілей адзначыла Рыпіна Жабінская

 

95-гадовы юбілей адзначыла Рыпіна Жабінская

Люди Сморгонщины
07.06.2021
2562
Стужка жыцця Рыпіны Жабінскай прадаўжае напаўняцца новымі эпізодамі.  Чарговы – віншаванне жанчыны з юбілеем. 7 чэрвеня з 95-годдзем Рыпіну Сямёнаўну прыехалі павіншаваць старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віталь Івашка і старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Галдыцкая. Убачыўшы гасцей з кветкамі і падарункам, юбілярка не вытрымала – заплакала.  “Дзякуй за ўвагу, за віншаванні, за памяць”, - выціраючы слёзы, прамовіла юбілярка.

IMG_2741.JPG

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віталь ІВАШКА, Рыпіна ЖАБІНСКАЯ і старшыня раённага савета ветэранаў Ірына ГАЛДЫЦКАЯ.


Колькі перажыла-перацярпела гэта танклявая, мініяцюрная жанчына?.. Той, хто назваў жанчын слабым полам, напэўна, не ведаў іх сапраўдную сутнасць і патэнцыял. Меркаванне гэта відавочна прымушанае і не звязанае з рэальнасцю. З маленства жыццё выпрабоўвала яе на трываласць, цярпенне, сілу волі. Рыпіна Сямёнаўна змагла прайсці праз гэтыя выпрабаванні, не скарылася і прадаўжае жыць.

Родам жанчына са Жлобінскага раёна. У час вайны яна патрапіла ў канцэнтрацыйны лагер “Азарычы”, а пасля была вывезена на работы ў Германію. Спачатку працавала ў “баўэра” (фермера), а потым на нямецкім заводзе, абточвала трубы на станку.

Рыпіна Сямёнаўна ўспамінае, што спалі вязні на трохпавярховых нарах, на саломе. Тут жа была і прыбіральня. А кармілі – практычна адной куузікай (бручкай), накшталт рэпы.

“Выходзьце, вы – на волі”, - аднойчы пачулі яны доўгачаканую навіну…

Але вярнуўшыся дадому, Рыпіну чакала тужлівая вестка: з вайны не вярнуліся два яе браты. Толькі сярэдні Іван застаўся жывы. Пасля вайны яго, землямера, накіравалі на работу на Смаргоншчыну. З сабой хлопец забраў і сястру.

Рыпіна Сямёнаўна тут выйшла замуж, разам з мужам пабудавалі хату ў Каранях,  выгадавала дваіх дзяцей. У калгасе імя Калініна жанчына адпрацавала паляводам больш за сорак гадоў.

Прыйшла ціхая старасць. “Не думала, што столькі пражыву. І вы доўга жывіце, - пажадала юбілярка на развітанне гасцям. – Толькі каб здаровыя былі і вайны не зведалі. Яна столькі гора людзям прыносіць”.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.