Лагер “Нашчадкі”: пабыць у кампаніі і прыслухацца да сябе
Айцец Анатолій Рэзановіч, які ўжо 13 год з’яўляецца першапачынальнікам і натхняльнікам гэтага лагера, успамінае: “Калі мы толькі пачыналі, у нас не было ні вопыту, ні рыштунку. Зараз у нас ёсць усё: патрэбная колькасць палатак, посуду, інструментаў, спартыўнага інвентару. Але не гэта галоўнае. Больш за ўсё радуе тое, што ўсе 13 год хапае дзяцей, якія гатовы пакінуць утульныя кватэры, раздзяліць адзін з адным паходныя будні і акунуцца ў пэўнае духоўнае асяроддзе”.
Нельга думаць, што ў лагеры з раніцы да вечара на працягу дзевяці дзён дзеці моляцца і адбіваюць паклоны. Малітва, безумоўна, прысутнічае. Але дзяцей чакаюць квэсты, віктарыны, конкурсы, падрыхтоўка творчых нумароў і іншыя забавы.
У “Нашчадках” вельмі арганічна спалучаецца праца духоўных асобаў і педагогаў раёна. Паколькі арганізатарамі лагера з’ўляюцца таксама цэнтр творчасці дзяцей і моладзі і ўпраўленне адукацыі райвыканкама, вялікая ўвага надаецца раскрыццю дзіцячых талентаў. “Мы многа малюем. Вакол столькі ідэй таго, што можна перанесці на паперу і ўвасобіць у іншых відах творчасці! – расказвае дырэктар лагера Ніна Міронава. – Сёлета мы з дзецьмі задумалі зрабіць вялікі габелен з кветак і траў. Спадзяёмся, што паспеем да прыезду Уладыкі Парфірыя, каб падарыць яму на памяць”. Штогадовага прыезду Уладыкі дзеці і выхавацелі вельмі чакаюць. Да гэтага дня яны збіраюцца падрыхтаваць тэатральныя пастаноўкі па матывах біблейскіх прытчаў.
Дарэчы, за ўдзел у творчых нумарах і іншых справах лагера дзеці атрымліваюць “слядочкі” – гэта такая “валюта”, якую ў апошні дзень можна будзе абмяняць на прызы.
Калі днём на паляне ля возера паўсюль раздаюцца галасы і смех, вечарам там становіцца ціха. Ля агульнага кастра наступае час, каб абмеркаваць, што хвалюе, што непакоіць, падзяліцца радасцю і сакрэтамі, парадзіцца са святаром.
Самую высокую ацэнку “Нашчадкам” даюць тыя дзеці, якія прыязджаюць сюды ў пяты, шосты раз. Сярод іх Аляксандр СІНЯЎСКІ, адзінаццацікласнік.
На правах аднаго з самых старэйшых і вопытных удзельнікаў Саша дапамагае педагогам у пакосе травы, нарыхтоўцы дроў. Некалі ён прыязджаў сюды маленькім госцем і марыў, як будзе жыць у палатцы, гатаваць абед на кастры. Мару сваю ён споўніў не адзін раз, а цэлых шэсць, столькі разоў ён адпачываў у “Нашчадках”. “Мне падабаецца, што тут збіраецца кампанія з розных людзей, але ў цябе заўсёды ёсць магчымасць прыслухацца да сябе, знайсці душэўную раўнавагу, навесці парадак у думках і пачуццях”, - дзеліцца Аляксандр.
Дар’я КЛІМЯНКОВА: “Я ў “Нашчадках” упершыню.
Вельмі хацела трапіць сюды яшчэ ў мінулым годзе, але быў запланаваны адпачынак у іншым летніку. Вельмі люблю быць на прыродзе, таму лагер у палатках для мяне - найлепшая прыгода!”
Надзея ЧАРНЕЦКАЯ :
“Я тут адпачываю другі год запар. Калі мы прыехалі ў першы дзень, ліў дождж. Нас гэта крыху засмуціла, але ў такой вялікай кампаніі настрой хутка палепшыўся. Вельмі падабаецца тое, як мы тут жывём”.
Віялета ВОЙТКА.
Фота аўтара.
Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
#Новости_Светлы_Шлях #Лето_2023