Смаргонскія брыльянты ў дарагой аправе

 

Смаргонскія брыльянты ў дарагой аправе

Культура
10.04.2024
2206

У 60-70–я гады мінулага стагоддзя вядомасць Смаргонскаму раёну прыносілі не прамысловасць і не сельская гаспадарка, а ансамбль песні і танца імя Агінскага. Гэту думку выказала Соф’я ЛАЗАР, удзельніца калектыву, якая стаяла ля вытокаў яго стварэння, працавала на той час у аддзеле культуры райвыканкама. Смаргонскія артысты шмат дзе выступалі, нават за межамі Беларусі.

IMG_4590.JPG

– Соф’я Іванаўна, Вы – адна з нешматлікіх жывых сведкаў, што пачыналі і доўгі час (больш за 30 гадоў!) выступалі у складзе ансамбля, былі вядучай, дэкламавалі вершы, спявалі ў хоры. Раскажыце, калі ласка, як усё пачыналася?

– Пры смаргонскім Доме культуры ў пасляваенны час былі створаны гурткі мастацкай самадзейнасці. У 1964 годзе на базе харавога і танцавальнага гурткоў мы вырашылі стварыць адметны калектыў, у якім спалучаліся б мастацкае слова, музыка, песня і танец. Мастацкімі сродкамі жадалі паказаць гістарычную і культурную спадчыну нашага рэгіёна. У 1965 годзе ансамблю было прысвоена імя Міхала Клеафаса Агінскага.

IMG_20210311_0005.jpg

З намі распачыналі працаваць суперпрафесіяналы. Наш зямляк, кампазітар Аляксандр Шыдлоўскі, які жыў у Гродне, але вельмі любіў Смаргонь, быў вельмі зацікаўлены ў тым, каб новы калектыў з’явіўся на яго малой радзіме. Таму імкнуўся запрасіць да работы тых, хто мог бы максімальна нам дапамагчы. Першым хормайстрам стаў Усевалад Кубаеўскі, былы рэгент, ён добра ведаў харавую справу, меў ад прыроды цудоўны слых. Адбор удзельнікаў у харавую групу быў вельмі строгі. Людзі рознага ўзросту з арганізацый і прадпрыемстваў горада і нават раёна прыходзілі на індывідуальныя праслухоўванні.

Сярод музыкаў, якія стварылі касцяк аркестравай групы, былі выкладчыкі музычнай школы, сярод іх – Міхаіл Жаўрыд, Анатоль Барсук, Віктар Жыткевіч, Фёдар Пятрынчык, Альгерд Апановіч. Юрый Церабун – цудоўны цымбаліст – прыязджаў з Маладзечна. І, безумоўна, Мікалай Ходаш! Ён рабіў апрацоўкі, распісваў партыі для аркестравай групы.

IMG_7505.JPG

– Памятаю, Іван Васільевіч Гарбузаў расказваў, як ён школьнікам трапіў у танцавальную групу ансамбля. Напачатку 1960–х гадоў у Смаргоні стварылі ДЮСШ па футболе. У адной з каманд іграў мой суразмоўца, а яго трэнерам быў Ігар Ціхаміраў, які стаў першым кіраўніком танцавальнай групы ансамбля. Калектыў толькі набіраў абароты, шукаў новых удзельнікаў. Так футбалісты сталі яшчэ і танцорамі.

– Так і было! У складзе танцавальнай групы былі больш маладыя хлопцы і дзяўчаты, у тым ліку і школьнікі. Напрыклад, Валодзя Шчасны, будучы палітычны дзеяч, дыпламат. Міхаіл Лужынскі, заслужаны работнік культуры Расійскай Федэрацыі, жыве у Санкт–Пецярбурзе, харэограф, а пуцёўку ў творчае жыццё атрымаў менавіта з нашага ансамбля.

Мой муж Міхаіл таксама ад моманту заснавання і спяваў, і танцаваў у калектыве. Ледзь пераапранацца паспяваў для чарговага нумару. Хачу прыпомніць і Пятра Южыка, які таксама быў цудоўным артыстам, а пасля займаў высокія чыноўніцкія пасады.  Сярод жанчын вызначаліся Ала Драмлюк і Зоя Шылко – салісткі–танцоркі.

Неўзабаве Ігара Ціхамірава змяніў Вячаслаў Федаровіч, выпускнік Гродзенскага культасветвучылішча, які зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё харэаграфічнай культуры.

– Хачу прыгадаць яшчэ танцорку Надзею Салаўёву. У калектыў яна прыйшла ў 13–гадовым узросце, а праз два гады ў складзе нешматлікай дэлегацыі: чатыры пары танцораў і аркестравая група выступалі ў Германіі. Пасля гэтага ў смаргонцаў былі выступленні ў Польшчы, Чэхаславакіі, а таксама ў Маскве, удзел у якіх прымаў увесь калектыў. Раскажыце пра гэтыя паездкі.

– Першы поспех мы адчулі ўжо ў 1964 годзе, калі праходзіла трэцяя абласная дэкада беларускай творчасці ў Гродне. Усе хваляваліся. Але вынік быў ашаламляльны. Пасля гэтага нас запрасілі ў Мінск для ўдзелу ў рэспубліканскай дэкадзе, дзе мы таксама зрабілі фурор. Адметны рэпертуар і асабліва чароўнае выкананне паланэза Агінскага ўсіх захапілі.

12.jpg

На той час многія беларускія калектывы супрацоўнічалі з Беласточчынай. У Бельск–Падляскі існаваў калектыў «Васілёчкі», якім кіраваў Сяргей Лукашук. Артысты з Польшчы прыязджалі на Гродзеншчыну, выступалі і ў абласным цэнтры, і ў Ашмянах, і ў Смаргоні. Пасля гэтага мы ў адказ зрабілі свой візіт. Выступалі не тольку ў Бельск–Падляску, але і ў Ломжы, Беластоку. Памятаю нам падарылі вялікія карзіны з кветкамі. Гэта было такое дзіва! Ніколі раней нам такіх падарункаў не рабілі.

IMG_7525.JPG

IMG_7529.JPG

25.jpg

У Чэхаславакіі мы гастралявалі тыдзень, выступалі ў Празе, Браціславе, Чэске-Будзеёвіцы – усюды мелі поспех. Літва нас прымала шчыра, там мы былі некалькі разоў. А ў Таліне падчас святкавання Дня ваенна-марскога флоту выступленні былі арганізаваны нават на караблях, якія плавалі па моры.

13.jpg

15.jpg

У Маскве таксама нас вельмі цёпла прымалі. Выступалі ў Крамлёўскім тэатры, на выставе дасягненняў народнай гаспадаркі, у Зорным гарадку, дзе пазнаёміліся з касманаўтам Паўлам Паповічам. Быў у нашым гастрольным графіку і Красназнаменск.

Не магу не прыпомніць канцэрт, прымеркаваны да 50-годдзя ўтварэння БССР, які праходзіў у Мінску ў оперным тэатры. Гучаў хор – 60 чалавек, прыкладна дзесяць музыкаў–інструменталістаў і танцавальны калектыў (12 пар) выконвалі паланэз Агінскага. Пасля выступлення публіка апладзіравала стоячы, у многіх цяклі слёзы. У зале прысутнічаў генеральны сакратар ЦК КПСС Леанід Брэжнеў, які высока ацаніў выступленне смаргонцаў: «Разынка канцэрта – гэта паланэз». А пасля і за кулісы прыходзілі людзі, дзякавалі за выступленне. І такое здаралася неаднойчы. Шмат дзе нас так прымалі.

Да такога поспеху вяла вялікая крапатлівая праца. Двойчы на тыдзень вечаровыя двухгадзінныя рэпетыцыі. А перад сур’ёзнымі выступленнямі – штодзённа збіраліся. Прычым ніхто нам за гэта грошы не плаціў. Затое нас моцна падтрымлівала раённае кіраўніцтва.

1.png

– А раскажыце наогул пра канцэртную дзейнасць калектыву.

– О, мы вельмі шмат гастралявалі! Па 45 канцэртаў у год давалі. Многа паездак было за межы Смаргоні, але часцей – па раёне, у кожным калгасе (а іх на той час было больш за 30).

– Якім быў рэпертуар ансамбля?

– Надзвычай разнастайны. Кожны наш канцэрт складаўся з дзвюх аддзяленняў. У склад іх уваходзілі вакальна–харэаграфічныя кампазіцыі «Паланэз Агінскага», «Смаргонскія баранкі», «Мядзведжая акадэмія», «Мы з–пад Віліі чароўнай», «Смаргонская кадрыля», а таксама беларускія народныя песні «Кура–златапюра», «Хмель–хмялёк» і спецыяльна напісаныя для нас песні Аляксандра Шыдлоўскага «Ой, ты, дубе мой развесісты», «Ой, зайграйце, музыкі» і многія іншыя. У рэпертуары была вяліка колькасць акапэльных песень. Дарэчы, у 1966 калектыву было прысвоена званне «народны».

– Наколькі я ведаю, у розны час у якасці кансультантаў у ансамблі былі вядомыя людзі ў Беларусі. Назавіце, калі ласка іх.

– Гэтыя людзі не проста давалі нам парады, але і рыхтавалі да адказных выступленняў. Сярод кансультантаў былі харавыя дырыжоры і кампазітары Рыгор Шырма і Канстанцін Паплаўскі (бацька Ядвігі Паплаўскай), хормайстар Уладзімір Раговіч, балетмайстар, збіральнік беларускага харэаграфічнага фальклору Янка Хвораст, які, дарэчы, меў і літаратурны талент, пісаў вершы да песень, якія мы выкарыстоўвалі ў канцэртных праграмах. Доўгі час з намі супрацоўнічаў Аляксандр Шыдлоўскі.

Сярод кіраўнікоў ансамбля хачу прыпомніць Анатоля Гецэвіча, Мікалая Вдовіна і Мікалая Елісеенкава (бацьку кампазітара Алега Елісеенкава) – выпускнікоў Белдзяржкансерваторыі. 

10.jpg

11.jpg

– Дый і эскізы прыгожых канцэртных касцюмаў стварыў вядомы беларускі мастак…

– Леанід Баразна быў не толькі мастаком, але і глыбока даследаваў беларускую культуру. Ён аб’ехаў нямала вёсак Смаргонскага раёна, вывучыў адметнасці народнай рукатворнай творчасці (у ручніках і дыванах) і выкарыстаў узоры мясцовых майстрых падчас стварэння эскізаў.

– Сёння калектыў прадаўжае багатыя традыцыі, якія былі закладзены на працягу многіх гадоў. Вы адсочваеце творчае жыццё ансамбля?

– Безумоўна! Сёння ў яго складзе – таксама апантаныя таленавітыя людзі. Доўгі час кіруе калектывам Аляксандр Лях. І хоць трыццаць гадоў жыве ў Мінску, але ўвесь гэты час штотыдзень прыязджае ў Смаргонь на рэпетыцыі.

Другі кіраўнік – Тамара Валчанкова – цудоўная вакалістка, яшчэ незамужняй дзяўчынай пачынала ў ансамблі. Пасля доўгага перапынку вярнулася ў калектыў і вось ужо 25 гадоў застаецца вернай яму. Цешуся, што Валянцін Бортнік плённа прадаўжае работу, распачатую Мікалаем Ходашам у якасці кіраўніка аркестравай групы.

Сёння з вялікай павагай, цеплынёй і ўдзячнасцю я адкрываю сваё сэрца вам, дарагія творцы, калегі, удзельнікі гэтага непаўторнага калектыву. Шчыра віншую і абдымаю кожнага з вас. Жадаю творчай радасці, натхнення, здароўя і доўгага творчага шляху. Ідзіце з песняй па жыцці!

18 красавіка ў раённым Цэнтры культуры адбудзецца юбілейны канцэрт «Залатыя струны творчасці», прысвечаны 60–годдзю стварэння народнага ансамбля песні і танца імя Міхала Клеафаса Агінскага.

Пачатак канцэртнай праграмы ў 18.00.

 

Галіна АНТОНАВА

Статьи по теме: