Гістарычная спадчына – наша каштоўнасць

 

Гістарычная спадчына – наша каштоўнасць

Культура
21.12.2023
2095
Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь папоўніўся яшчэ адным аб'ектам ад Смаргоншчыны. Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці атрымала капліца Святога Яна Хрысціцеля ў вёсцы Краснаазёрнае.

4.jpg

“Дакладная дата пабудовы гэтай капліцы невядома. Адны крыніцы падаюць XVIII стагоддзе, іншыя – пасля 1875 года. Дарэчы, дзве падобныя капліцы знаходзяцца ў былой сядзібе Агінскіх (у вёсцы Ручыца Вілейскага раёна). Яны створаны па праекце архітэктара Гену ў стылі позняга барока з элементамі ракако. Капліцы ў Ручыцы і Краснаазёрнай стылістычна падобныя. Таму больш верагодна, што час пабудовы капліцы ў вёсцы Краснаазёрнай – другая палова XVIII стагоддзя”, – расказвае Наталля Чудакоўская, метадыст па музеях і ахове гісторыка-культурнай спадчыны раённага Цэнтра культуры.

Дакументальных сведчанняў пра гэту капліцу не захавалася. Праўда, традыцыйна на ўрачыстасць Нараджэння Святога Яна Хрысціцеля ў вішнеўскім касцёле адзначаюць фэст, на які збіраюцца вернікі з наваколля.

Адкуль пайшла назва капліцы? “Вядома, Ян – адно з найбольш папулярных імёнаў не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Гэта імя насіў не толькі Святы Ян Хрысціцель, але таксама вучань Хрыста святы Ян Евангеліст, альбо Багаслоў, культ гэтых Святых аднолькава папулярны, - зазначыла Наталля Чудакоўская. - Фігура Святога ў капліцы пад Вішневам не захавалася. Таму нельга цалкам выключыць і такую магчымасць, што ў капліцы былі выявы не Хрысціцеля і не Багаслова, а яшчэ аднаго Святога Яна - Непамука, або Непамуцкага. Гэты чэшскі святар напрыканцы XIV стагоддзя прыняў у Празе мучаніцкую смерць за веру: яго скінулі ў мяшку з Карлава маста ў раку Влтаву. Яго культ як ратаўніка тых, хто топіцца, ахоўніка ад паводкі і апекуна мастоў распаўсюдзіўся ў XVIII стагоддзі таксама і на нашых землях. Цудам ацалелая фігура Святога Яна Непамука сёння знаходзіцца каля касцёла Божага Цела ў Нясвіжы. Не выключана, што капліца, узведзеная непадалёк ад таго месца, дзе вузкая рэчка Смолка яднае Вішнеўскае возера са Свірскім, была прысвечана менавіта Святому Яну Непамуку, а пазней у народнай набожнасці спалучылася з культам іншых Святых Янаў, што так тыпова для нашага краю”.

1.jpg

2.jpg

Да 2021 года капліца была ў паўразбураным стане. Побач з ёй напрыканцы 2019 года быў знойдзены старадаўні каваны крыж. Намаганнямі пробашча Вішнеўскай парафіі Святога Тадэвуша Антонія Казлоўскага, тутэйшых вернікаў і мецэната са сталіцы Францішкі Жылкі капліца была адноўлена. У адрэстаўрыраваную капліцу змясцілі новую фігуру Святога Яна, зробленую з сучаснага матэрыялу. У чэрвені 2021 года біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч нанава асвяціў адноўленую прыдарожную капліцу ў гонар Святога Яна Хрысціцеля.

Галіна АНТОНАВА.

Фота з архіва раённага Цэнтра культуры.

Капліца Святога Яна Хрысціцеля ў вёсцы Краснаазёрнае да рэстаўрацыі і пасля 2021 года.


Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях  #НАШИ ПРОЕКТЫ