Гучы, беларуская мова: у сярэдняй школе №7 прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры

 

Гучы, беларуская мова: у сярэдняй школе №7 прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры

Культура
24.11.2023
2186
Каб выклікаць цікавасць вучняў да вывучэння беларускай мовы і літаратуры, раскрыць індывідуальныя і творчыя здольнасці, пазнавальныя інтарэсы, стварыць умовы для інтэлектуальнага і эмацыянальнага самавыражэння асобы школьніка, у сярэдняй школе №7 прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры.

Таццяна Шыдлоўская перакладае словы з рускай мовы на беларускую.jpg

Таццяна Шыдлоўская перакладае словы з рускай мовы на беларускую.

Распачаўся тыдзень акцыяй “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску!”. У акцыі прынялі ўдзел не толькі вучні, але і дарослыя:  настаўнікі і персанал школы. Дзяўчаты ў нацыянальным адзенні з прыгожымі прывітальнымі словамі звярталіся да ўсіх, хто заходзіў ва ўстанову, і заклікалі паспрабаваць свае сілы ў перакладзе слоў на беларускую мову. Пераклаў слова – атрымай ласунак. Прыемна было пачуць беларускае слова і ад вучняў,  і ад калег-настаўнікаў.

Навучэнцы 11-х класаў прынялі ўдзел у інтэлектуальнай гульні ”Літаратурны рынг”. Падчас мерапрыемства старшакласнікі праявілі кемлівасць, здагадлівасць, паказалі свае веды ў розных намінацыях: “Беларускія асветнікі”, “Культурная спадчына”, “У свеце народных традыцый”, “Свет нашых продкаў”, “Сем падказак” і інш. Мерапрыемства прайшло ў цёплай абстаноўцы.

Таксама ладзіліся выставы ў кабінетах беларускай мовы і літаратуры, у бібліятэчным цэнтры: “Сэрцам роднага слова краніся”, “Дзіўнай мовы пералівы”, “З роднай мовай круглы год”, “Смак роднай мовы”, “Пісьменнікі-юбіляры - 2023”.

 Да вучняў, педагогаў і работнікаў школы завітаў цудоўны госць – мядзведзь з навакольных лясоў Смаргоншчыны. Як сапраўдны госць,  прыйшоў ён не з пустымі рукамі, а з салодкімі пачастункамі: абаранкамі і цукеркамі. Атрымаць салодкі прыз маглі ўсе, хто ведае беларускія песні. Вельмі прыемна, што сапраўдных знаўцаў беларускіх песень было шмат. Ну і мішка не скупіўся на падарункі. На працягу  ўсяго дня весяліў і дарослых, і дзяцей: танцаваў, вадзіў карагоды.

Мілана Путырская і Надзея Гіль сустрэлі смаргонскага мішку.jpg

Мілана Путырская і Надзея Гіль сустрэлі смаргонскага мішку.

Таксама цікава і займальна прайшлі мерапрыемствы, арганізаваныя настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры на працягу тыдня.

Валянціна Лукошка правяла этнаграфічны турнір “Беларусь і беларусы” сярод вучняў 8 “Г” класа, а Людміла Пашкевіч арганізавала для навучэнцаў 9 “Б” класа завочную экскурсію ў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа.

Прадметны тыдзень – гэта магчымасць праявіць сябе, гэта новыя сустрэчы і знаёмствы!

Валянціна Лукошка праводзіць турнір з вучнямі 8  класа.jpg

Валянціна Лукошка праводзіць турнір з вучнямі 8 класа.

Святлана Лях,

Валянціна Вайнілка,

настаўнікі беларускай мовы і літаратуры СШ 7.