Фестываль “Кераміка-Крэва» сабраў гасцей і сяброў
Выявіліся пераможцы ў трох намінацыях. Сваім “хатнім заданнем” – керамічным вырабам на вольную тэму мацней за ўсіх уразіў членаў журы Сяргей Моўчан (Мінск). Самы арыгінальны выраб, створаны непасрэдна на фестывалі, прадставіла Святлана Круглаполава (Гродна). А вышэй за ўсіх узняў выраб з гліны на ганчарным крузе Уладзімір Сасноўскі з Івянца.
Свята ў сярэднявечным замку ніяк не магло абысціся без рыцарскага турніру. Упершыню на Крэўскім фестывалі гэты турнір адбыўся ўнутры замка.
Таксама на свяце былі прадстаўлены артэфакты часоў Першай сусветнай вайны, знойдзеныя сёлета ў Крэве.
Аздобілі свята выступленні вядомых калектываў: народны ансамбль песні “Вечарынка”, народны ансамбль народнай песні “Хутарок”, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль “Гасцінец”, народны ансамбль народнай песні “Жытніца”, вакальны ансамбль “Бліскавіца”.
Пазней гасцей чакаюць майстар-класы па народных і сярэднявечных танцах, канцэрт калектыву “PerformanceShowStudio”, фаер-шоу і святочная дыскатэка.
Віялета ВОЙТКА.
Фота аўтара.