Памяць продкаў. У гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася выстава Эдуарда Мацюшонка “Дзяды”
Насамрэч, гэта было не проста адкрыццё выставы “Дзяды”. Кожны з прысутных не толькі пазнаёміўся з глыбокімі работамі майстра, але і ўспомніў сваіх продкаў, пераасэнсаваў сваё жыццё. “Кожны з нас павінен ведаць свой род, тады будзе павага да яго”, - адзначыў мастак і прапанаваў пазнаёміцца са сваім генеалагічным дрэвам, якое было прадстаўлена з фотаздымкаў. Кожнае фота – як часцінка вялікага пазла, дакладней, карціны жыцця продкаў мастака. Праўда, там ёсць белыя лісты – гэта тое, што не засталося ў памяці.
Пасля гэтага Эдуард Мацюшонак зрабіў экскурсію па экспазіцыі, расказаў пра адчуванне свайго духоўнага свету, калі ствараў прадстаўленыя працы. І станавілася зразумела, чаму мастак менавіта так пачынаў пісаць і што з гэтага атрымалася. Кожная работа – аповед пра нашы адносіны з продкамі, пра духоўны свет, пра нашу адметную гісторыю, незабыўныя краявіды.
Карціну “Каўчэг” мастак выканаў на палатне, які выткала маці, а дошкі для падрамніка зрабіў са стальніцы, за якой сядзелі яго продкі. На карціне адлюстраваны пакой вясковай хаты з вышыванымі ручнікамі на абразах, з квяцістымі посцілкамі на самаробных ложках, з паласатымі ходнікамі… – практычна ўсё гэта было ў кожнай вясковай сям’і. На самаробнай канапе сядзяць дзве жанчыны, твары якіх немагчыма разгледзець. Для мастака – гэта яго маці і цётка. Прысутныя мелі магчымасць уявіць на іх месцы кагосьці са сваіх продкаў. У кожнага з нас свой каўчэг, куды мы вяртаемся ў думках…
Работа “Жняя” – ода маці, яе працавітасці і дабрыні. Новая праца мастака “Дзяды” – памяць, павага да тых, хто ў гэтым жыцці былі, ёсць, будуць.
Яшчэ адна работа прысвечана дзеду мастака Вінцэнту, які ў дзевятнаццаць гадоў на вайне страціў абедзве нагі, але дзякуючы сіле волі і тым людзям, якія былі побач, мужчына пражыў доўгае, насычанае рознымі падзеямі жыццё, разам з жонкай выгадаваў пецёра дзяцей.
Працу “Бацькам прысвячаецца” мастак толькі пачаў пісаць – і раптоўна яго таты не стала. У цэнтры карціны – маленькі хлопчык, ён увесь прасякнуты святлом, якое ідзе ад бацькі, што сядзіць насупраць. Гэта святло спазнання, мудрасці пакаленняў, усяго добрага, светлага, чыстага, што даюць нам бацькі.
“Што б у жыцці не здарылася, але ў сэрцы павінен быць агонь, які не разбурае, а свеціць, запрашае і вядзе, - упэўнены Эдуард Уладзіміравіч. - Я ўспрымаю тую энергію, якая дагэтуль ідзе ад таты і мамы, яна мяне асвятляе і напаўняе”.
“Безумоўна цудоўна быць у жыцці сынам альбо дачкой, калі наперадзе ў цябе нехта ідзе. Няхай гэта будзе чалавек, які ўжо ў гадах. Няхай яго зямля пачынае так нахіляць да сябе, што яму цяжка ісці, але ты ідзеш за ім, і ён трымае святло, якое табе асвятляе жыццё. Але наступае той момант, хочам мы гэтага ці не, калі мы становімся першымі. У мяне зараз такі стан. Перада мной нікога няма, я павінен гэту цаліну таптаць. Таму што за мной ужо ідуць мае дзеці. Я ўжо першы, бачу сляды, якія засталіся ад маіх бацькоў… Іду. Гэта мой шлях, - разважаў мастак ля сваіх работ. - …Трэба быць ўдзячным таму, што ты жывеш на зямлі. Ты не павінен толькі патрабаваць, але і нешта аддаваць. Іначай гэта будзе не вельмі прыгожае жыццё”. Як пасля гэтых слоў маэстра не натхніцца на новыя добрыя справы?
Напрыканцы свайго аповеду мастак запаліў грамнічную свечку і паставіў яе каля сваго генеалагічнага дрэва. “У касцёле ці царкве пра свечку гаварылі, што гэта агонь Хрыста. Ён павінен асвячаць, весці чалавека да святла, - зазначыў Эдуард Уладзіміравіч. - Грамнічная свечка ў нашай хаце заўсёды стаяла на падаконніку і на покуце. Бабуля, а пазней матуля гавырылі: “Сынок, калі ідзе бура, запальвай свечку, і няхай святло Хрыста аберагае цябе і тваю хату”.
У жыцці нам часта святла не хапае… Калі яго няма ў сэрцы, звярніся да Бога. Напоўніся гэтым святлом. І ты будзеш асвячаць шлях не толькі сабе, але тым, хто побач з табою. Яно дапаможа разагнаць цемру. Не закрывай сваю душу, дапамагай другому чалавеку”.
Пасля такога пранікнёнага аповеду-роздуму ўсіх, хто прысутнічаў на адкрыцці выставы, дырэктар музея Алена Бобіна запрасіла за стол. Адмыслова прыбраны, засцелены тканымі посцілкамі, устаўлены стравамі, у тым ліку і прыгатаванымі па рэцэпце нашых бабуль, прысутныя прыпомнілі сваіх родных, якіх ужо няма у жывых. На адкрыцці выставы былі не толькі смаргонцы, але і мінчане, маладзечанцы, вілейчане, жыхары Астравецкага раёна і іншых куткоў Беларусі. Але ў гэты момант мы адчулі сябе як адно цэлае. Нездарма кажуць: памяць яднае.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.