“Смаргонскія найгрышы” атрымаюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

 

“Смаргонскія найгрышы” атрымаюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

Культура
16.12.2021
4581
15 снежня 2021 года Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны падтрымала прапанову Смаргонскага раённага цэнтра культуры аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці элементу “Музычна-інструментальнай традыцыі (Смаргонскія найгрышы)”, які бытуе на тэрыторыі Смаргонскага раёна Гродненскай вобласці.

“Смаргонскія найгрышы” – гэта ўзор рэпрэзентацыі выканальніцкай сістэмы фальклору Гродзенскага Панямоння, які ўключае цыкл вясельных маршаў, разнастайныя полькі, вальсы, мелодыі розных танцаў і некаторых песень.

1.jpg

Элемент уяўляе сабой  народную музыку, пад якую танцавалі нашы дзяды і прадзеды. Характэрныя для інструментальнай музыкі Смаргоншчыны рытмічныя асаблівасці бяруць пачатак з XVII стагоддзя.

“Смаргонскія найгрышы” нязменна суправаджалі вольны час мясцовых сялян ХХ стагоддзя. Выканаўцы — музыкі-самавучкі — гралі ў вясковых хатах на вяселлях і на танцах, з лёгкасцю пераходзячы з адной мелодыі на другую. Свой музыкант-саліст, або ансамбль музыкаў быў амаль у кожнай вёсцы. Гэтыя ансамблі ў рэгіёне называліся капэлямі. Яны складаліся з саліруючай скрыпкі, часам узмоцненай кларнетам, гармоніка ці акардэона і барабана. Дадзеная капэля – якасны прыклад феномена «траістай музыкі» мясцовай інструментальнай культуры.

3.jpg

4.jpg

5.jpg

Музычна-інструментальная традыцыя Смаргонскага раёна перадаецца ад носьбітаў да іх вучняў. Захоўваюць дадзеную традыцыю дзяржаўныя ўстановы культуры і адукацыі Смаргоншчыны, аматарскімі мясцовымі калектывамі і іншымі носьбітамі.

Самымі любімымі, часта выконваемымі найгрышамі ў Смаргонскім раёне з’яўляюцца: марш “Вясельны”, вальс “Вішанька”, полька “Шабасоўка”, танцы “Ліцвін” і “Нарэчанька”. Гэтыя простыя і такія родныя мелодыі ведае амаль кожны жыхар Смаргоншчыны.

2.jpg

Гэта першы прыклад выканальніцкага мастацтва, які будзе ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пасля прыняцця адпаведнага рашэння Міністэрства культуры.