Ведай свой край: Новыя вандроўкі – новае жыццё

 

Ведай свой край: Новыя вандроўкі – новае жыццё

Культура
20.05.2021
2857
Мудрацы гавораць: «Хочаш пачаць новае жыццё? Пачні вандраваць!». І не абавязкова ў далёкія краіны (асабліва цяпер, калі каранавірус прымусіў нас жыць асцярожна). Пачніце вандраваць хаця б па Смаргоншчыне. Падключыце супрацоўнікаў Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея, якія гатовы вашы падарожжы зрабіць больш цікавымі і змястоўнымі.
У Міжнародны дзень музеяў, 18 мая, адбылася прэзентацыя шасці турыстычных маршрутаў, якія прапануе музей для наведвальнікаў. На прэзентацыі прысутнічалі прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, прадпрыемстваў і прафсаюзаў арганізацый.
  

IMG_0078.JPG

IMG_0098.JPG

IMG_0147.JPG

IMG_0099.JPG

Прысутных вітала дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея Алена Бобіна, якая зазначыла, што Смаргоншчына багатая на аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны, якія варта і карысна вывучаць, у тым ліку і дзецям.

Любы турыстычны маршрут распачынаецца ад музея, і па зададзеных маршрутах турысты могуць рухацца.

Маршрут “Праваслаўныя святыні Смаргоншчыны” прадугледжвае наведванне Спаса-Праабражэнскага сабора ў Смаргоні, цэркваў Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Міхневічах, Святога Духа ў Сукневічах, Іконы Божай Маці “Усіх Смуткуючых Радасць” у Кеўлах,  Аляксандра Неўскага ў Крэве, а таксама Свята-Увядзенскі стаўрапігіяльны жаночы манастыр у Багушах.

IMG_0124.JPG

IMG_0136.JPG

Музейшчыкі прапаноўваюць праехацца і “Па слядах Тышкевіча” – таго самага графа Канстанціна Тышкевіча з Лагойска, аўтара кнігі “Вілія і яе берагі”. Наведаць касцёл Прасвятой Троіцы ў Данюшаве, вадзяны млын 19 стагоддзя, былую сядзібу 18 стагоддзя  і  касцёл Прасвятой Троіцы ў Жодзішках, касцёл Маці Божай Добрай Рады ў Нястанішках, ансамбль былога палаца Гюнтэраў у Дабраўлянах і касцёл Святога Апостала Тадэвуша ў Вішневе.

IMG_0088.JPG

IMG_0094.JPG

Можна пахадзіць і па “Старажытным шляху”: наведаць руіны былой уніяцкай царквы ў Наваспаску і Крэўскага замка,  былой сінагогі і міквы, а таксама царквы Аляксандра Неўскага і касцёла Перамяненне Пана ў Крэве. У дадатак – схадзіць на яўрэйскія могілкі і на гарадзішча, паглядзець тэатралізаванае прадстаўленне “Гісторыі Крэўскага замка”.

Для аматараў ваеннай гісторыі прапануецца маршрут “Сцежкай вайны”. Можна наведаць самыя знакавыя месцы, якія сведчаць пра падзеі Першай сусветнай вайны: мемарыяльны комплекс па лініі супрацьстаяння ў Першую сусветную вайну 1915 - 1917 гг. у Смаргоні, гісторыка-культурны комплекс пад адкрытым небам “Залатая горка”, а таксама аб’екты фартыфікацыі паблізу вёскі Хадакі.

IMG_0139.JPG

IMG_0141.JPG

Можна прыпомніць і “Забытыя сляды гісторыі” – яўрэйскую спадчыну Смаргоншчыны, у тым ліку месца, дзе з 1941 па 1944 гады знаходзілася яўрэйскае гета, былыя дамы вядомых смаргонскіх яўрэяў Лейбмана, Рапапорта, Шламовіча, былую школу Тарбут і мікву і іншыя аб’екты ў Смаргоні, руіны сінагогі і яўрэйскія могілкі ў Крэве, а таксама месца, паблізу хутара Зялёнка, дзе 22 кастрычніка 1941 года расстралялі паўтысячы яўрэяў.

IMG_0110.JPG

IMG_0114.JPG

Лекцыйна-экскурсійная праграма “Нацыянальныя скарбы: ад Сергіевіча да Багушэвіча” ўключае наведванне касцёла Маці Божай Ружанцовай у Солах (дзе захаваліся фрэскі Пётра Сергіевіча), капліцу-пахавання Качаноў у вёсцы Івашкаўцы і музей-сядзібу Францішка Багушэвіча ў Кушлянах.

Праграма турыстычных маршрутаў можа змяняцца ў залежнасці ад пажаданняў.

Напрыканцы аповеду хочацца згадаць яшчэ адну мудрасць: “Вандруйце: уцякайце ад руціны, гэта падлівае алей у лямпу жыцця”. Каб яна не патухла, а разгаралася з яшчэ большай сілай.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.

Статьи по теме: