Незавершаны пейзаж

 

Незавершаны пейзаж

Культура
06.09.2020
887

Яе карціны працягваюць жыць самастойным жыццём. Мастачкі даўно няма на гэтым свеце, а пейзажы, якія яна стварыла, па-ранейшаму цешаць вока прыгажосцю Божага свету, лякуюць збалелую душу хараством прыроды, спрыяюць усталяванню гармоніі чалавека з навакольным асяроддзем і з самім сабой. Каляндар знамянальных падзей Смаргоншчыны нагадаў, што ў жніўні споўнілася 95 гадоў з дня нараджэння ганаровага грамадзяніна і ганаровай мастачкі нашага раёна Ліліі Трохалевай.

Перш чым распачаць працу над чарговым творам, мне неабходны нейкі рэлакс. Мой малады калега для натхнення слухае музыку. А я настройваюся на творчасць, сузіраючы карціны, найчасцей пейзажы. Пару гадоў таму, рыхтуючы матэрыялы для рэдакцыйнага календара, у якім мы аб’ядналі карціны і вершы мясцовых творцаў, я падоўгу ўглядалася ў рэпрадукцыі карцін Ліліі Трохалевай. Вядома ж, рэпрадукцыі не здольны дасканала перадаць усіх адценняў і колераў, але сюжэт і падтэкст мастацкага твора ад дапытлівага вока не схаваеш. Усе, хто калі-небудзь пісалі пра творчасць нашай смаргонскай самадзейнай мастачкі, вылучалі яе як выдатнага пейзажыста. Майму позірку адкрылася глыбокая драматургія. Так звычайна таленавіты пісьменнік здольны занатаваць філасофію, што чытаецца паміж радкамі. Карціна пад нетыповай назвай “Аб чым думы?” – монаспектакль, занатаваны на палатне. Яго драматургія ўскалыхнула душу, выклікала процьму, часам супярэчлівых, эмоцый. Тады я ўпершыню зразумела, чаму карціны Ліліі Уладзіміраўны карысталіся папулярнасцю, а слынныя майстры прызнавалі ў ёй калегу, пры тым, што яна не мела ні спецыяльнай адукацыі, ні членства ў творчым саюзе.

2.jpg

«Лясное балотца»

У сховішчах смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея захоўваюцца 32 карціны мастачкі і крыху больш дзясятку эцюдаў і накідаў. А наогул ніхто сёння дакладна не скажа, колькі яе пейзажаў разышлося і разляцелася па розных краінах свету. Тое, што захавалася, сведчыць пра яе не толькі як пра майстра пейзажу. Ёй пад сілу і партрэт, і графіка.

Калі ў 1953 годзе Лілія Трохалева з сям’ёй прыехала на пастаяннае месца жыхарства ў Смаргонь, ніхто не ведаў пра яе незвычайны талент. Ды і дэманстраваць яго ў жанчыны не было часу. Трэба было гадаваць траіх дзяцей. На сцяне ў адным з пакояў вісеў партрэт гарэзлівай дзяўчынкі з капелюшом. Яго намаляваў Уладзімір Савіцкі – бацька гаспадыні дома. Яна захоўвала яго не як рарытэт, не як памяць пра роднага чалавека, а як матывацыю для ўласнай творчасці. І аднойчы душа вырвалася за краты будзённасці, бо талент патрабуе ўвасаблення. Сціплая сакратарка СШ №1 здзівіла ўсіх сваімі здольнасцямі. Так пачаўся яе шлях у свет творчасці.

Можна толькі здагадвацца пра тое, як непаслухмяныя рукі, што прывыклі да хатніх спраў, прызвычайваліся трымаць аловак і пэндзаль. Недахоп навыкаў і чыста тэхнічных ведаў у мастацтве не дазваляў занатаваць тое, што бачылі вочы і адчувала душа. Але было вялікае жаданне і вялікая колькасць сюжэтаў, што прасіліся на палатно. І з цягам часу карціны атрымліваліся ўсё больш дасканалыя. З тэхнічнага боку, магчыма, і не дужа адпавядалі яны канонам мастацтва, сістэме прапорцый. Але яны падкуплялі гледача пазітыўным настроем, выразнасцю вобразаў, згустоўным спалучэннем фарбаў.

Карціны пачаткоўкі, хоць і не вельмі юнай, заўважылі на Смаргоншчыне. Яе карціна “Лес” у 1967 годзе экспанавалася на абласной выставе. А праз тры гады сем работ былі прадстаўлены на рэспубліканскім вернісажы ў Мінску. Затым была Усесаюзная выстава ў Маскве, сярэбраны медаль ВДНГ на ІІ Усесаюзным фестывалі народнай творчасці. Новыя дыпломы лаўрэата патрабавалі большай дасканаласці, слава, што прыйшла да Ліліі Трохалевай праз публікацыі ў рэспубліканскай і цэнтральнай прэсе, вымагала далейшага творчага росту, свежых ідэй. Надаючы ўсе больш увагі мастацкай апрацоўцы дэталяў, мастачка разам з тым занатоўвае на карцінах свой душэўны стан. І пейзажы ўзбагачаюцца метафізічнымі паняццямі і разуменнямі, калі рэальны свет падаецца праз алегорыю. Не кожны можа яе заўважыць. А той, хто заўважае, надоўга прыпыняецца каля палотнаў мастачкі.

“Аб чым думы?” Чаму так кранула мяне гэта карціна? Адзінокі сілуэт пры святле поўні на заснежаным падворку. Чаму ты тут прытулілася, адзінокая постаць? Чаму не ідзеш у хату гэтым марозным надвячоркам? Ці не таму, што душы творчай асобы заўжды цесна і душна ў абмежаванай прасторы. Творца заўжды адзінокі, нават сярод натоўпу. Ні слава, ні прызнанне не прыносяць супакою душы, якая прагне дасканаласці, імкнецца да ісціны, да паразумення. Роднасныя душы – такая рэдкасць у нашым вірлівым жыцці…

1.jpg

«Ля храма»

Днямі праходзіла па вуліцы Піянерскай, прыпынілася каля дома, дзе жыла ганаровая грамадзянка Смаргонскага раёна Лілія Трохалева. Заштораныя вокны, высокая трава на падворку, вузкая сцяжыначка да ганка. На ўсім знак запусцення, закінутасці. Дзеці і ўнукі жывуць далёка, некаторыя за межамі Беларусі. Каранавірус, відаць, не пусціў іх сёлета на малую радзіму. Ах, які сюжэт для пейзажыста з чулай душой!..

Ала КЛЕМЯНОК.