Вы там не былі? Вы шмат страцілі! Толькі на святочнай імпрэзе ў Вішнева можна акунуцца ў гукі і рытмы не толькі мінулага стагоддзя, але і эпох значна старэйшых. Дзіўным чынам тут спалучаецца беларуская аўтэнтыка, савецкая эстрада і хіты сучасныя.
Свята Сонца, Зямлі і Вады ў Вішневе
Як заўжды ярка, цікава, крэатыўна прайшло летняе свята сонца, зямлі і вады на беразе Вішнеўскага возера. Да энергіі трох стыхій далучылася энергія маладосці, талент выступоўцаў і пазітыў гасцей свята.
Тэатралізаванае прадстаўленне, майстар-класы, забаўляльныя праграмы, пляцоўкі для дзяцей, смачная юшка, фаер шоў, салют і дыскатэка – гэта незабывальна! І лепш усё гэта бачыць на свае вочы.
Госці свята пра свае ўражанні.
Васілій ГАДАЛАЎ (Смаргонь)
- Вішнева для мяне – гэта месца рыбалкі. Але сёння рыбалка “сарвалася”, бо хіба можна сядзець ля возера, калі тут такая музыка, такія спевы і танцы. Я з задавальненнем далучыўся да народных гулянняў і ўспомніў сваю маладосць. Вялікі дзякуй арганізатарам і ўсім мясцовым і прыезжым артыстам!
Віктар ВАЛЯНІК (аг. Вішнева)
- Люблю гэта свята. Ніколі не прамінаю яго, бо ведаю, што наша выдатная кіраўніца Дома культуры Ала Дыро заўжды зробіць на самым высокім узроўні мерапрыемства, знойдзе аднадумцаў, якія створаць сапраўдную шыкоўную імпрэзу, запросіць выдатныя калектывы і кожны раз здзівіць нечым экстраардынарным.
Дар’я і Жанна ЧЫРЫЦЫ (г.Мінск)
- Мы прыязджаем на госці да радні ў Семянкі. Сюды прыйшлі падзівіцца на ігрышчы, фаер шоў, паслухаць песні і патанцаваць на дыскатэцы. Вельмі засумавалі без усяго гэтага. Тут вельмі класна!
Павел з Мінска:
- Тут надзвычай святочная і разам з тым шчырая душэўная абстаноўка. Нібы знаходзішся сярод блізкіх па духу людзей. У вялікіх гарадах такога няма, там шмат штучнага, а тут вельмі ўсё натуральна: і песні жывым гукам, хоць крыху мікрафоны падводзілі, але гэта не сапсавала для мяне агульнага ўражання і добрага настрою. Шчыры дзякуй арганізатарам. Даўно так не весяліўся.
Марыя САРОКА ( г. Смаргонь).
- Цудоўнае свята! Выдатныя мясцовыя калектывы і салісты, з вельмі высокім выканальніцкім узроўнем. Фаер шоў проста ўразіла і зачаравала. А канцэрт Vegas BAND – супер! Мы з сябрамі гатовы танцаваць да раніцы!
Віталій ШКІРМАНТ (г. Смаргонь)
- Я на свяце працую – дзяжуру з брыгадай хуткай дапамогі. Пакуль нікому наша дапамога не спатрэбілася, спадзяюся, што і не спатрэбіцца. Медработнікі дзяжураць на ўсіх масавых мерапрыемствах. Мне, зразумела ж, цікавей на футбольных матчах. Я ж “хлопчык”. Тут, у Вішневе, мы часта дзяжурым на фэстах байкераў, таксама цікава і прыстойна заўжды праходзяць злёты. А на такім свяце асаблівая атмасфера, шмат музыкі і шмат людзей. Мне падабаецца, бо ўсё культурна.