У Мінску адбыўся І рэспубліканскі краязнаўчы форум

 

У Мінску адбыўся І рэспубліканскі краязнаўчы форум

Культура
16.03.2020
2045

“Што мне Вена, што мне Лондан туманны… Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы”.

Словы, якія належаць Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, можна адрасаваць усім ўдзельнікам І рэспубліканскага краязнаўчага форуму Беларусі ў межах Года малой радзімы. Ён адбыўся на мінулым тыдні, 12 і 13 сакавіка, у Мінску. Яго арганізавалі Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, грамадскае аб’яднанне “Беларускі фонд культуры” пры падтрымцы трох міністэрстваў: культуры, інфармацыі і адукацыі Рэспублікі Беларусь.

IMG_9930.JPG

Прыняла ўдзел у гэтым мерапрыемстве карэспандэнт газеты “Светлы шлях” Галіна Антонава, якая, акрамя іншых матэрыялаў, піша на краязнаўчую тэматыку, вывучае гісторыю Смаргоншчыны. 

- Форум сабраў амаль 250 краязнаўцаў з усіх куткоў Беларусі, - расказвае Галіна Антонава. -  Смаргоншчыну прадстаўляла толькі я адна. Дарэчы, у праграме сярод выступоўцаў не знайшла ніводнага супрацоўніка СМІ. У асноўным гэта былі прадстаўнікі ВНУ (ад выкладчыкаў да прафесараў), супрацоўнікі музеяў, архіваў, бібліятэк, выкладчыкі каледжаў, настаўнікі, студэнты, вучні школ, проста зацікаўленыя краязнаўцы.

На форуме працавала шэсць секцый. Мадэратары нашай секцыі – былы першы намеснік міністра культуры, цяперашні рэдактар “Краязнаўчай газеты” Уладзімір Гілеп і намеснік ГА “Беларускі фонд культуры”, пісьменнік, перакладчык  Анатоль Бутэвіч, які ў 90-ыя гады мінулага стагоддзя працаваў міністрам інфармацыі РБ, а пасля міністрам культуры і друку РБ. Панавала надзвычай цёплая, паважлівая атмасфера. За два дні мы праслухалі больш за трыццаць дакладаў, чым значна пашырылі свой краязнаўчы кругагляд. Выступалі выкладчыкі і дацэнты ВНУ, супрацоўнікі музеяў, архіва, бібліятэкі і нават праваслаўны святар. Для мяне можа служыць узорам былая журналістка газеты “Лунінецкія навіны” Таццяна Канапацкая, якая адна падрыхтавала і выдала 7 новых кніг “Лунінецкая памяць”, прысвечаных Лунінецкаму раёну. Таццяна Васільеўна таксама выступала на нашай секцыі.

А я расказвала пра самабытную мастачку Ніну Бохан і бачыла агульную зацікаўленасць залы. 

IMG_9943.JPG

Напрыканцы выступу Уладзімір Аляксандравіч Гілеп пажадаў плёну ў далейшым раскрыцці асобы самабытнай мастачкі, бо справа гэта надзвычай карысная і патрэбная. Атрымаць наказ ад такой аўтарытэтнай асобы – для мяне гонар і штуршок да далейшых дзеянняў.

У якасці ганаровага госця да нас на секцыю быў запрошаны беларускі гісторыкпубліцыстдоктар гістарычных навук, прафесар Леанід Міхайлавіч Лыч. 90-гадовы навукоўца ўразіў сваімі пранікнёнымі словамі. Знаёмствы з такімі людзьмі пакідаюць незабыўныя ўражанні.

IMG_9972.JPG

IMG_9980.JPG

На фінальным пленарным пасяджэнні прынялі выніковую рэзалюцыю форуму. Вырашылі стварыць пры Беларускім фондзе культуры каардынацыйны краязнаўчы савет. У планах таксама стварыць рэспубліканскае краязнаўчае таварыства, падрыхтаваць да выдання энцыклапедычны даведнік краязнаўцаў Беларусі.   

Падчас форуму была арганізавана выстава навінак краязнаўчай літаратуры. Ушанаваны пераможцы конкурсаў выданняў 2017 – 2019 гг. на краязнаўчую тэматыку.

выстава.jpg

выстава1.jpg

Пасля форуму будзе выдадзены зборнік дакладаў. Напрыканцы мерапрыемства Анатоль Бутэвіч упэўнена заявіў: “Краязнаўства жыло, жыве і будзе жыць”. Як і форум краязнаўцаў, які вырашылі праводзіць не радзей, чым раз у два гады.

Прызнацца, вельмі хочацца, каб на такіх форумах актыўна ўдзельнічалі краязнаўцы Смаргоншчыны.  Наш край багаты на гістарычныя падзеі і асобы. І багаты на апантаных людзей, якія любяць і вывучаюць гісторыю сваёй малой радзімы.

Аляксандра ЦЫБОЎСКАЯ.