“Паланэз” Паўла Южыка
Другая дзіўная рэч: ні адзін пейзаж Паўла Южыка не мае назвы. Сузіральніку даецца права называць іх у залежнасці ад асацыяцый, выкліканых сюжэтам. І гэта было даволі пацешна: самім прыдумваць назвы. Выхаванцы школы мастацтваў, якія былі на адкрыцці выставы, вельмі актыўна ўзяліся гэта рабіць.
Пейзажыст і “багамаз”
У 2019 годзе споўнілася 145 гадоў са дня нараджэння Паўла Южыка і 75 гадоў з дня яго смерці. На выставе ў музеі – 22 работы з фондаў гісторыка-краязнаўчага музея і тры – з Залесскага школьнага музея, а таксама асабістыя дакументы мастака: ашчадная кніжка 1917 года, студэнцкі білет Пензенскіх вольных майстэрань 1920 года, даведка аб яго працы настаўнікам у Залесскай школе ў 1943 годзе.
“Многія партрэты Паўла Южыка напісаны на фоне прыроды, - звярнула ўвагу навуковы супрацоўнік музея Аксана Гейбовіч. - Аднак яна не адыгрывае вызначальнай ролі. Вызначальнымі з’яўляюцца рысы твараў і выдатна выпісаныя дэталі. На тварах – радасць і смутак, боль і пакуты, стрыманасць, шчырасць і дабрыня… Дарэчы, гэтыя партрэты таксама не маюць назваў.
Пейзажныя работы Паўла Южыка не менш цікавыя. Тонкія лініі, выразныя колеры. Вялікая колькасць дробных дэталяў у спалучэнні з малымі памерамі карцін не стварае эфекту перанасычанасці. 3 аднолькавым майстэрствам адлюстраваны розныя поры года, розны час сутак, святло сонца і месяца, зімовая сцюжа і летняя спякота, асенняя пара і першыя крокі вясны”.
На ўрачыстасці Ларыса Рогач, сваячка мастака, расказала пра тое, што Павел Тамашавіч быў чалавекам набожным.
Пісаў абразы для мясцовых цэркваў, за што вяскоўцы празвалі яго “багамазам”. Абразы Паўла Южыка да сённяшняга часу захаваліся ў Міхневічскай царкве. Адзін з іх у святыню перадала мама Ларысы Мікалаеўны.
Старажылы таксама згадваюць доўгачаканыя, але заўжды раптоўныя святы вынасу іконы з дома-майстэрні Южыка. Асабліва мастак дбаў пра Залескую царкву, дзе яго абразы суседнічалі з іканапіснымі дарункамі князёў Агінскіх.
Педагогіка малявання
Беларускі мастак, педагог, аўтар вялікай серыі карцін “Беларускі пейзаж” нарадзіўся ў вёсцы Вётхава ў сялянскай сям’і. Бацька будучага мастака Тамаш Захаравіч працаваў у аранжарэі былога маёнтка Агінскіх у Залессі кветкаводам.
Павел паступіў вучыцца ў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. Скончыў яе ў 1895 годзе і пачаў працаваць у народным вучылішчы на Вілейшчыне, а потым у вёсцы Падброддзе ў ваколіцах Вільні.
Выкладаў не толькі асноўныя прадметы, але і імкнуўся перадаць сваім вучням любоў да малявання. Пасля пайшоў у Віленскую рысавальную школу Івана Трутнева, якую скончыў у 1901 годзе і зноў вярнуўся ў педагогіку. У 1915 годзе Паўла Южыка прызначылі інспектарам Віленскай дырэкцыі народных вучылішчаў, але доўга папрацаваць на гэтай пасадзе яму не ўдалося: пачалася Першая сусветная вайна. Напрыканцы 1915 года ён разам з Віленскай дырэкцыяй народных вучылішчаў быў эвакуіраваны на Палтаўшчыну, дзе настаўнічаў і працягваў маляваць. 3ахаваўся альбом з яго малюнкамі таго часу: народныя тыпы і жанравыя сцэны ўкраінскага сялянскага жыцця.
Вяртанне на малую радзіму
Напрыканцы 1917 года лёс закінуў Паўла Южыка на Волгу, дзе ён паступіў у Пензенскае мастацкае вучылішча імя Мікалая Селівёрстава. У 1921 годзе мастак з адваротнай хваляй бежанцаў-рэпатрыянтаў вярнуўся на радзіму. Неўзабаве ўладкаваўся выкладчыкам малявання ў Віленскую беларускую гімназію, сярод навучэнцаў якой была і будучая маладая жонка Южыка. Там ён таксама прадаўжаў пісаць. Стварыў серыю жывапісных партрэтаў гімназістаў, а таксама цудоўныя пейзажы “Польскай Швейцарыі” - Новай Вільні. Не забываў і пра сваё роднае Вётхава: ствараў пейзажы, на якіх адлюстроўваў сялянскія дамы, двары і палі, пісаў партрэты бацькоў і сваякоў.
Працуючы ў гімназіі, Павел Южык пачаў употай пісаць вершы па-беларуску, нават склаў вершаваную аповесць пра вясковую дзяўчыну, якая трапляе ў горад і сустракаецца са шматлікімі выпрабаваннямі. У Віленскай гімназіі Южык пазнаёміўся з Язэпам Драздовічам, але агульнай мовы з-за розных характараў і поглядаў мастакі не знайшлі.
Напачатку 1930-х гадоў Павел Тамашавіч выйшаў на пенсію і назаўсёды пасяліўся ў Вётхаве. Пабудаваў дом з майстэрняй. У 1939 годзе зноў вярнуўся ў педагогіку: быў настаўнікам малявання ў Залескай і Сінькоўскай школах. У 1944 годзе Паўла Южыка не стала. Пахавалі яго на могілках у Залессі.
Пасля вайны, калі смаргонскія землі ўвайшлі ў склад Маладзечанскай вобласці, абласны дом народнай творчасці прадставіў на выставе шэраг твораў Паўла Южыка. Назад іх не вярнулі: некалькі работ набылі прыватныя калекцыянеры, іншыя пераслалі ў Мінскі акруговы Дом афіцэраў.
У 1989 годзе Смаргонскі гісторыка-краязнаўчага музей выкупіў у дачкі мастака 32 малюнкі. На жаль, работ Паўла Южыка захавалася няшмат. Большасць з іх патрабуюць неадкладнай рэстаўрацыі. Творы шмат могуць расказаць пра самога творцу, пра яго любоў да роднага краю, да мясцовых людзей, пра прыродную прыгажосць Смаргоншчыны.
Выстава будзе працаваць да 25 лістапада.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.