Да Дня беларускага пісьменства: "Славутыя імёны Слонімшчыны – у памяці смаргонцаў"
Сваю працоўную педагагічную дзейнасць Лізавета Мукасей у 1965 годзе распачынала на Смаргоншчыне, у Вішнеўскай школе яна адпрацавала намеснікам дырэктара тры гады. У 1968 годзе Лізавету Іванаўну накіравалі ў Смаргонь, спачатку яна была другім, а пасля першым сакратаром райкама камсамола. У 1975 годзе стала сакратаром гаркам партыі ў Слоніме. Натуральна, ведала многіх прадстаўнікоў слонімскай творчай інтэлігенцыі.
- Гэта былі вельмі цікавыя людзі. Творчыя, апантаныя, улюбёныя ў свой край, - расказвае Лізавета Іванаўна. – Я часта бывала на сустрэчах, дзе высту пала паэтка Алена Руцкая. Мяне вельмі ўразіў яе верш, напісаны ў сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя (у часы поўнага адмаўлення рэлігіі). У вершы ёсць словы “Спачатку вынь бервяно з вока свайго, а потым будзеш даставаць парушынку з вока брата”. Не ведаю, чытала Алена Вітальеўна тады “Евангелле” ці сама прыйшла да высновы, што важна ўмець крытычна ставіцца да сябе і быць больш паблажлівым у адносінах да іншых людзей.
Амаль дваццаць гадоў яна адпрацавала настаўніцай у Слоніме. Помню, як мы прадстаўлялі Алену Руцкую на атрыманне звання “Заслужаны настаўнік БССР”. Яна сапраўды была выбітным педагогам, творчым, улюбёным у сваю работу, у вучняў, у дзяцей. У 1993 годзе Алена Вітальеўна пераехала ў Гродна і пачала выкладаць беларускую літаратуру ва ўніверсітэце. Напісала каля 90 навуковых і навукова-метадычных прац. У Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа ёсць экспазіцыя, прысвечаная жыццёваму і творчаму шляху Алены Руцкой.
Сапраўдным сынам Слонімскай зямлі я магу назваць і Алега Лойку. Мы з ім сябравалі. Надзвычай інтэлігентны, культурны, адкрыты чалавек. З Алегам Антонавічам можна было размаўляць на любыя тэмы. Ён даволі часта прыязджаў да нас на літаратурныя сустрэчы. Помню, як у Доме культуры мы адзначалі яго 50-гадовы юбілей. Вельмі ўрачыста і ўзнёсла. Было шмат народу. Выступалі сталічныя і мясцовыя пісьменнікі і паэты. Быў сярод іх Іван Шамякін. Беларускае тэлебачанне тады зрабіла цікавую перадачу пра юбілейную вечарыну.
Неўзабаве пасля юбілею Алег Антонавіч прыйшоў да мяне дадому і ў якасці падзякі за арганізацыю свята падарыў мне сваю кнігу з аўтографам. Захоўваю яе як дарагую памяць.
Янка Саламевіч – яшчэ адзін наш вядомы зямляк, энцыклапедыст і літаратуразнаўца з вёскі Вялікая Кракотка (што на Слонімшчыне). З Саламевічам мне давялося папрацаваць, калі рыхтавалі кнігу “Памяць”.
Паэт і літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук Мікола Арочка хоць меў кватэру ў Мінску, але пэўны час жыў у бацькоўскім доме ў Вецявічах (таксама на Слонімшчыне). Мы бывалі ў яго ў гасцях. Ён вельмі любіў сваю малую радзіму і шчыра пісаў пра яе ў сваіх творах.
Напрыканцы размовы Лізавета Іванаўна ўдакладніла, што сёлета зноў, у 19 раз (!), плануе прыняць удзел у навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да Святыняў” з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга ў рамках святкавання Дня беларускага пісьменства. У экспедыцыю адправяцца вядомыя дзеячы беларускай культуры і навукі, журналісты, святары. Будуць новыя сустрэчы, якія пакінуць прыемныя ўспаміны.
Пісьменнікі Гродзеншчыны (злева направа): Алена РУЦКАЯ, Алег ЛОЙКА, Анатоль ІВЕРС, Сяргей ЧЫГРЫН, Мікола АРОЧКА, Данута БІЧЭЛЬ, Аляксей ПЯТКЕВІЧ, Алесь СУЧОК. Слонім, 1987 год
Галіна АНТОНАВА.