“Акенца творчасці” адкрылі залескій артысты
Сёлета на суд журы і гледачоў была прапанавана канцэртная праграма «У любові жыць – чалавекам быць”.
Свае таленты прадставілі ўдзельнікі гурткоў “Майстэрства вядучых” і танцавальнага – “Фламінга”, якія працуюць у Доме кульутры.
Парадавалі маладыя галасы. Пастаянны ўдзельнік не толькі мясцовых, але і раённых канцэртаў Дзмітрый Сырай, а таксама Эмілія Ралевіч, якая спявае на сцэне з чатырох гадоў. Цяпер ёй шаснаццаць, вучыцца ў Маладзечненскай гімназіі-каледжы мастацтваў, марыць стаць актрысай, плануе паступаць у вышэйшае тэтральнае вучылішча Шчэпкіна.
Гарачымі апладысментамі сустракала публіка вакальную групу “Заляснянка”, у складзе якой – жанчыны “залатога ўзросту”, актыўныя і маладыя душой. Калектыву ўжо 37 гадоў.
А залеская “Батлейка” неўзабаве адзначыць 40-годдзе творчай дзейнасці. На гэты раз артысты прадставілі батлеечны абразок “Нямоглы бацька” па матывах лірычнай казкі Уладзіміра Караткевіча з элементамі тэатра цяней.
Залескі Дом культуры - культурна-забаўляльны цэнтр, які збірае пад сваім дахам людзей, якія любяць сваю малую радзіму і неабыякавыя да спадчыны продкаў. Кіраўнік ДК Сяргей Харытон разам са сваімі аднадумцамі (сапраўднымі прафесіяналамі!) праводзіць розныя мерапрыемствы, вельмі папулярныя сярод вяскоўцаў і гасцей аграгарадка.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.