Вянок цудоўных вершаў. Вечарына паэтычнага настрою адбылася ў Смаргонскай цэнтральнай бібліятэцы
У паэзіі сябе Вера Вайцюль паспрабавала яшчэ ў школьныя гады. Настаўніца прапанавала напісаць вучням сачыненне на тэму Вялікай Айчыннай вайны, а Вера свае думкі яшчэ і зарыфмавала.
“Мне даў Бог магчымасць дзяліцца, несці людзям добры настрой ці ціхі роздум, каб яны маглі хвалявацца, усміхацца, адчуваць сябе шчаслівымі. Гэта цудоўна, за што я вельмі ўдзячная Богу, свайму лёсу і таму адзінаму непаўторнаму шляху, па якому я іду. За выпрабаванні Бог даў мне ўзнагароду, зусім нечаканую. І ўсё святло сваёй душы ці жыццёвыя расчараванні я шчыра і адкрыта аддаю чытачам. Сёння прыйшла на вечарыну з вершамі, якія яшчэ нідзе не друкаваліся і нідзе не чыталіся, - адзначыла Вера Іосіфаўна. -
З гадамі ўсё з большай сілай прыцягвае мяне прага да напісання – удумлівага і разважлівага. Хочацца стварыць такое, каб аж дух захапіла… Узнёсласць начнога роздуму так часта разбіваецца аб рэаліі светлага дня, таму даводзіцца пісаць па начах”.
Першы чытач і першы крытык Веры Іосіфаўны – яе дачка. “З усёй непасрэднасцю кажа мне, што думае, я гэта дорага цаню, - зазначае паэтка. - Ёсць і іншыя людзі, якім у ліку першых я давяраю свае вершы, напрыклад, былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №3 – чалавек вялікай душы, сціплая, шчырая, адкрытая”.
На адной бібліятэчнай імпрэзе, калі Вера Вайцюль чытала вершы, прысутнічала Ірэна Шэміс (гераіня газетнай публікацыі “Смаргонская зорка Ю-туба”, музыка-самавучка, якая стварае музыку на вершы сучасных паэтаў і сама выконвае іх, цяпер на яе канал падпісаны 3 тысячы чалавек).
“Калі я пачула, як чытае свой верш Верачка, мне здаецца, я перастала дыхаць, каб не згубіць словы, якія яна прамаўляла. Я не ведала дагэтуль Веры Вайцюль, але адчула адразу родную душу”, - заўважыла Ірэна Шэміс. Пасля той імпрэзы неўзабаве Ірэна Андрэеўна стварыла музыку на верш смаргонскай паэткі “Вёсачка”, а пасля яшчэ на тры яе творы.
У рэпертуары Ірэны Шэміс было нямала песень на словы сучасных рускіх паэтаў – і нямала добрых водгукаў ад слухачоў. А цяпер, калі на яе канале гучаць беларускія песні (на словы Веры Вайцюць), то людзі не хаваюць эмоцый. Па 600 – 700 водгукаў пад кожнай кампазіцыяй, і ўсе станоўчыя. Каментарыі пішуць з розных куткоў свету. Алжыр, Албанія, Расія, Ізраіль, Польшча, Узбекістан, Казахстан, Карэя, В’етнам, Індыя… Геаграфія слухачоў настолькі шырокая, дзіву даешся. “Калі б не Ірэна Андрэеўна, хто б мог чуць пра невядомую смаргонскую паэтку так далёка?” – задала ледзь не рытарычнае пытанне на вечарыне Вера Вайцюль. А Ірэна Шэміс адзначыла: “Я вельмі рада, што лёс звёў мяне з Верай Іосіфаўнай. Пра беларусаў, пра нашу родную мову трэба, каб ведалі у свеце. Наш творчы тандэм будзе абавязкова мець працяг. І хачу яшчэ ўдакладніць, што кліпы на нашы песні стварае жанчына з Арэнбурга Валянціна Сінчук”.
У вечарыне паэтычнага настрою ўдзельнічала яшчэ адна смаргонская паэтка Наталля Пятроўская, якая піша вершы на рускай мове. Пісаць яна пачала яшчэ ў 10-гадовым узросце, друкавалася ў розных выданнях, у тым ліку газеце “Светлы шлях”. Наталля таксама прызналася, што паэзія – гэта тое, без чаго свайго жыцця не ўяўляе.
“У добрых вершах няма ўзросту, - адзначылі вядучыя паэтычнай імпрэзы. - Гэта пачуцці, выкладзеныя ў радкі, гэта эмоцыі сплеценыя ўзорамі – серабрыстая павуцінка з кроплямі расы альбо абпалены дрот, альбо шаўковае пляценне карункаў… Добра напісаны верш – як маленькая гісторыя душы, пакінутая на паперы, аголеная для старонніх поглядаў”.
Чытайце вершы, сябры…
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.