Выстава “Пад знакам Крэўскай уніі” працуе ў гісторыка-краязнаўчым музеі

 

Выстава “Пад знакам Крэўскай уніі” працуе ў гісторыка-краязнаўчым музеі

Культура
18.11.2020
2813

Сёлета адзначалася 635 гадавіна падпісання Крэўскай уніі. З гэтай нагоды на мінулым тыдні ў гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылі выставу “Пад знакам Крэўскай уніі”.

Крэўскі замак, несумненна, - важнейшы архітэктурны помнік ХІV стагоддзя, гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі.  У пачатку ХІV стагоддзя вялікі князь Гедымін пачаў яго будаўніцтва для аховы сваіх уладанняў. Кажуць, што ўзводзілі замак сапраўдныя волаты, пра гэта сведчаць вялізныя валуны, якія ёсць у яго сценах. 

IMG_9165.JPG

Навуковы супрацоўнік музея Аксана Гейбовіч падчас адкрыцця выставы зазначыла: “У 1385 годзе ў Крэва з’ехаліся князі і польскія паслы, каб заключыць Крэўскую унію. Моцна спрачаліся тады прадстаўнікі дзвюх дзяржаў, дабіваліся большых выгод для сваіх бакоў. Каб вялікі князь ВКЛ Ягайла не адмовіўся, прапанавалі ў жонкі 12-гадовую каралеву польскую Ядвігу. Ягайла згадзіўся. Ажаніўся, стаў каралём Польшчы, прыняў каталіцтва. Крэўская унія стала лёсавызначальнай для абодвух дзяржаў, а Крэўскі замак на працягу 700 гадоў быў сведкам і трагічных, і радасных падзей гісторыі  нашай дзяржавы.

Крэўскі замак быў вялікакняскай  рэзідэнцыяй.  Не кожнаму замку выпадала такая роля. У Крэве вырашаліся не толькі чалавечыя лёсы, але і цэлай дзяржавы”.  

IMG_9167.JPG

IMG_9162.JPG

Сёння актыўна вядуцца работы па яго ўзнаўленні, а таксама прадаўжаюцца раскопкі на гарадзішчы і на тэрыторыі замка.  Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч прысутнічаў на адкрыцці выставы і падрабязна расказаў пра крэўскія знаходкі. Напрыклад, у 2013-2014 гадах былі знойдзены нарыхтоўка з дроту, гірка вагавая, гірка манетная (датаваныя Х – першай паловай ХІ стагоддзяў),  драўляны выраб з выразам, зашпілька для адзення, фрагмент драўляных бранзалетаў (ХІІ-ХІІІ стагоддзі). Ёсць і сёлетнія знаходкі – спражка, слаў на аснове волава (Х-ХІ стагоддзі), фрагмент шклянкі (ХІІ стагоддзе), фрагмент падвескі з жоўтага металу (ХІІ-ХІІІ стагоддзі) і іншыя.

IMG_9152.JPG

IMG_9143.JPG

На выставе, якая будзе працаваць да сярэдзіны снежня, прадстаўлены багаты ілюстрацыйны матэрыял і выстава кніг пра Крэўскі замак.

Галіна АНТОНАВА.

Фота Арыны САМАРКІНАЙ.

Статьи по теме: