Талент і працавітасць ідуць побач

 

Талент і працавітасць ідуць побач

Калейдоскоп
02.06.2020
1295

Эрудыраваны, актыўны, таленавіты, рознабакова развіты – гэтыя якасці ўласцівы Дзмітрыю Шунько.  На працягу апошніх трох гадоў Дзіма ўваходзіў у лік пераможцаў і прызёраў раённага этапа рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі.

DSC_1017.JPG

Летась хлопец атрымаў дыплом ІІ ступені на раённым і прадстаўляў Смаргоншчыну на абласным этапе алімпіяды школьнікаў па біялогіі, дзе быў таксама другім. На заключным рэспубліканскім этапе алімпіяды выступленне Дзмітрыя было адзначана пахвальным лістом.

Адзін з лепшых вучняў нашай навучальнай установы дэманструе не толькі выдатныя веды па біялогіі. У 2019-2020 навучальным годзе ён атрымаў дыплом ІІ ступені па нямецкай мове і хіміі на раённай алімпіядзе. Акрамя гэтага хлопец  удзельнічаў у розных творчых конкурсах і праектна-даследчай дзейнасці. Амаль кожная яго работа не засталася без увагі журы. Дзмітрый прадстаўляў сваю работу на рэгіянальнай выставе-прэзентацыі “Паўночны вектар Гродзеншчыны”, рэспубліканскім моладзевым інавацыйным праекце “Сто ідэй для Беларусі”.

Абласны конкурс даследчых работ “Крыштальная Альфа-2019” прынёс у яго скарбонку дыплом ІІ ступені. Грашовым сертыфікатам для навучальнай установы і дыпломам ІІ ступені Шунько Дзмітрый быў адзначаны за плённы ўдзел у рэспубліканскім конурсе “Энергамарафон”.

За актыўную жыццёвую пазіцыю і старанную вучобу ўжо другі год запар Дзмітрый Шунько атрымлівае грашовую прэмію ад Смаргонскага раённага выканаўчага камітэта. У гэтым навучальным годзе віншаванні прагучалі на “апошнім  званку” ў прысутнасці аднакласнікаў і настаўнікаў. Дырэктар школы Аксана Дунай уручыла Дмітрыю (на фота) грамату і грашовы падарунак, пажадала юнаку новых перамог.

Цяпер Дзіма актыўна рыхтуецца да паступлення ў ВНУ. Ён ведае: высокіх поспехаў удалося дасягнуць і дзякуючы сваім педагогам,  бацькам, ад якіх ён заўсёды адчуваў падтрымку і дапамогу. Настаўнікі і бацькі вельмі ганарацца юнаком і спадзяюцца, што самыя значныя яго перамогі яшчэ ўперадзе. Сам жа хлопец упэўнены, што зробіць усё магчымае, каб апраўдаць іх надзеі.

Вера ЛОБАЧ,

настаўнік Сінькоўскіх ясляў-сада - сярэдняй школы.