“Трэці год запар мы праводзім наша брэндавае свята гаспадынь, - удакладняе мастацкі кіраўнік Сінькоўскага Дома культуры Святлана Бабенка. – Запрашаем да сябе гаспадынь з Сінькоў і навакольных вёсак. Зазначу, што гэта не конкурс, а шчырая сустрэча падчас якой жанчыны падзеляцца сваім кухарскім вопытам. А мы іх будзем ушаноўваць.
Сёння падрыхтавана 9 святочных сталоў, ад кожнага – будзе прадстаўлена адна страва. На гэты раз у якасці асноўнага інгрыдыенту мы абралі бульбу”.
Вядомы факт: менавіта 28 ліпеня 1586 года сэр Томас Гэрыят правёз у Вялікабрытанію і Ірландыю першыя клубні бульбы. Адтуль яны распаўсюдзіліся па ўсёй Еўропе. І ў Сіньках гэту культуру любяць, пільна даглядаюць, таму збіраюць добры ўраджай і гатуюць з яе проста неверагодныя стравы. Я таксама няблага гатую, але мясцовыя гаспадыні, прызнаюся, заткнулі мяне за пояс. “Бульбяныя мухаморы”, “Бульбяныя лапці”, торт “Суцькаўская казка”, ”Бульбяная свіння”, “Бульбяная кішка”… - усе стравы ўнікальныя, аўтарскія. Пасля іх прадстаўлення кожнай гаспадыні дырэктар КСУП “Сінькі” Віктар Дунай ўручыў сертыфікат на 40 кілаграм збожжа ўраджаю-2019. Торты – дадатковы салодкі бонус да галоўнага прыза. А пасля - кожны стол прадставіў па два творчыя нумары.
Стараліся і мясцовыя кульработнікі. Спявалі, паказвалі тэатралізаваныя мініацюры, праводзілі конкурсы, частавалі прысутных дранікамі. Салісты народнай эстраднай студыі “Міраж” з раённага цэнтра культуры падарылі свае вакальныя нумары. Свята атрымалася надзвычай шчырым і вельмі смачным.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.