Кожная пара года для вяскоўцаў складаная. Але, на іх думку, найбольш няпростая – восень. Не так шмат часу яны маюць, каб завяршыць палявыя работы. Нагрузка на тэхніку, механізатараў і вадзіцеляў каласальная. Аднак людзі стараюцца, разумеюць усю адказнасць даверанай справы.
Кукурузны лес у прычэп палез
У КСУП “Саўгас Смаргонскі” другі тыдзень убіраюць кукурузу на сілас. Іван Дарашкевіч, галоўны спецыяліст па корманарыхтоўцы, зазначае: “Пад кукурузу ў гаспадарцы сёлета адвялі тысячу гектараў (у параўнанні з мінулым годам плошчу пад гэту культуру павялічылі на 250 гектараў). Ураджайнасць – 240 - 250 ц/га. Нарыхтавалі 1400 тон кукурузы, якую паклалі на захаванне ў траншэю на ферме “Бялкоўшчына”.
Трамбоўка кукурузы актыўнымі тэмпамі ідзе на малочнатаварным комплексе “Астранаўт”. Усяго ў гаспадарцы плануюць нарыхтаваць 17 з паловай тысяч тон кукурузнага сіласу.
Кукурузнае поле нас сустрэла гулам матора кормаўборачнага камбайна “Ягуар”, за рулём якога вось ужо 13-ы сезон – Генадзь Аўгусціновіч. Вопытны кіроўца. У сельскай гаспадарцы працуе 35 год. Першыя дзесяць гадоў быў вадзіцелем, пасля механізатарам.
Да магу тнага “Ягуара” далучаецца КВК-800, якім кіруе Аляксандр Мароз, таксама вопытны механізатар, 15 гадоў ужо ў гаспадарцы. Ад работы гэтых людзей залежыць дзейнасць цэлай дружыны – тых, хто шчыруе на адвозцы і трамбоўцы даўганогай “царыцы”. Сярод механізатараў, занятых на трамбоўцы, - Іван Копач і Іосіф Талькоўскі, працавітыя і аддадзеныя справе людзі.
З раніцы да вечара працуюць вяскоўцы. Яны даўно засвоілі на- родную мудрасць пра тое, што асенні дзень – год корміць.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.