Простае шчасце людское


Все новости


Простае шчасце людское

Пра сваё жыццё жанчына расказвае, часта ўжываючы займеннік «мы», маючы на ўвазе мужа. Родам Таццяна Віктараўна з вёскі Асаны, што паблізу Крэва. Яе нарачоны Ілья – з суседняй Поўтараўшчыны. Абое выхоўваліся ў вялікіх працавітых сем’ях, дзе панавала любоў да Бога і бліжняга. «Муж старэйшы за мяне на восем гадоў. Ён першы на мяне звярнуў увагу, – кажа суразмоўца. – Мне было дваццаць, калі мы пачалі сябраваць. Кожную нядзелю паасобку прыходзілі ў Крэўскую царкву, а дадому ішлі разам. Я тады працавала ў калгасе «Кастрычніцкі», а Ілья – у суседнім, «Герой працы». Бачыліся толькі ў нядзелю. Я і не заўважыла, як стала чакаць тых нядзель. І Ілья таксама. Неўзабаве вырашылі пажаніцца».

изображение_viber_2024-09-24_09-54-32-701.jpg

Памяць вяртае юбілярку ў 1965 год, у прыгожы месяц май, калі маладыя людзі ў сельсавеце распісаліся, а ў чэрвені, на Троіцу, павянчаліся. «Дасць Бог і да брыльянтавага вяселля дажывём», - усміхаецца Таццяна Віктараўна.

Спачатку маладыя пасяліліся ў сям’і мужа, але неўзабаве вырашылі пераехаць у дом нявесты. «У Поўтараўшчыне нам трэба было будавацца, а ў Асанах, так атрымалася, хутка хата апусцела, мае браты і сёстры з’ехалі хто куды, – адзначыла жанчына. – Мы ўладкаваліся на мясцовую ферму і амаль трыццаць гадоў поруч адпрацавалі жывёлаводамі. Муж быў падвозчыкам, а я даглядала групу цялят. На пенсію пайшлі амаль адначасова, бо з-за цяжкіх умоў працы я мела льготу на адпачынак у пяцьдзясят гадоў».

Цяжкая фізічная праца на ферме, а дома – свая гаспадарка: дзве каровы, пяцёра свіней, свінаматкі… «А што было рабіць? – задае амаль рытарычнае пытанне субяседніца. – Дзяцей трэба на ногі ставіць, вучыць. Чатыры дачкі ў нас нарадзіліся».

Час ляціць імкліва. Выраслі дочкі, вылецелі з бацькоўскай хаты. Усе жывуць у Смаргоні. Аўсянкіны дачакаліся семярых унукаў і пяцёра праўнукаў. «У 2001 годзе я атрымала моцную траўму. Дочкі сталі гаварыць, што варта забраць нас з мужам у горад. Але ў рэшце рэшт вырашылі, што купім дом паблізу Смаргоні, пакуль удваіх, будзем жыць асобна, каб не дакучаць дзецям. Так мы апынуліся ў  Васілевічах, – патлумачыла жанчына. – Нас не забываюць ні дзеці, ні ўнукі, часта прыязджаюць, дапамагаюць, падтрымліваюць. Гаспадарку, безумоўна, збылі. Толькі сабачку на пацеху трымаем.

изображение_viber_2024-09-24_09-54-32-485.jpg

Тое, што мы столькі разам пражылі, – гэта заслуга абодвух. У сямейным саюзе важна адно аднаму саступаць. Немагчыма доўга быць разам, калі адзін увесь час камандуе, а другі – падпарадкоўваецца».

25 верасня Таццяна Віктараўна адзначыла 80-годдзе. Час, калі можна спыніцца, ацаніць перажытае. «Няпростае маё жыццё, але, калі ўсё узважыць, то не трэба на Бога наракаць, – падвяла рыску пад гаворкай суразмоўца. – У кожнага чалавека – свае выпрабаванні, якія трэба прайсці, і свае шчаслівыя імгненні, якія варта памятаць».

изображение_viber_2024-09-24_09-54-32-173.jpg

Галіна АНТОНОВА

Фота Юліі БУРКО

01.10.2024

Возврат к списку