Маці Веры Іосіфаўны ўсё жыццё працавала на ферме. Спачатку яна была даяркай, затым – загадчыцай фермы. Бацька сталярыў, і гэта яму прыносіла задавальненне.
Веру ўсё жыццё хвалюе класічная музыка. Яна заўсёды заслухоўвалася песнямі, што спявалі жанчыны на вяселлі, дажынках, падчас сенакосу...
Мара пісаць вершы жыла заўсёды ў душы Веры Іосіфаўны. Толькі лёс склаўся па-іншаму: сям’я і дзеці сталі галоўнымі ў жыцці.
Вершы ў яе нараджаюцца з жыцця, з асабістага і перажытага.
Першы паэтычны твор Веры Вайцюль з’явіўся пасля хваробы сына.
Ёсць у яе вершы аб ахове (амаль 20 гадоў жанчына працуе ў Дэпартаменце аховы), прыродзе, роднай мове, малой радзіме, сваёй вёсцы.
– Я застала той час, калі вёска налічвала больш 40 двароў. Цяпер пастаянна жыве тут толькі некалькі чалавек нашых. Нашы – гэта тыя, з кім разам раслі, дзялілі радасці і беды, – гаворыць наша суразмоўца.
Вера Вайцюль разам з дзецьмі падтрымліваюць у доме чысціню і парадак, на агародзе вырошчваюць усё тое, што і раней...
Вельмі часта ў бацькоўскую хату Веры Іосіфаўны прыязджаюць пагасціць яе сваякі, прыходзяць суседзі. Гаспадыня, як некалі яе маці, частуе іх пірагамі. Гэта асаблівыя сустрэчы, блізкія людзі аб’ядноўваюць душэўную і духоўную прывязанасць роду, трываласць і моц, правераную гадамі сувязь, зберагаюць жывую памяць пра малую радзіму.
Споўнілася мара Веры Вайцюль – надрукаваны зборнік яе вершаў.
– Вершы пішуцца. Пакуль мяне глыбока кранае кропелька расы раніцою – значыць, я шчаслівы чалавек, – адзначае Вера Іосіфаўна.