Там, дзе гучаць паланэзы


Все новости


Там, дзе гучаць паланэзы

Вядомы палітычны дзеяч, дыпламат, кампазітар Міхал Клеафас Агінскі жыў тут з сям’ёй на працягу 20 гадоў у пачатку XIX стагоддзя. У спадчыну яму дасталася драўляная сядзіба XVIII стагоддзя. Каля яе, па ініцыятыве спадчынніка, неўзабаве з’явіўся мураваны палац з прыгожымі заламі, аранжарэяй, англійскім паркам і альтанкамі. Сюды з’язджаліся дзеячы мастацтва. Тут ладзіліся балі, музычныя і літаратурныя вечарыны. Залессе нават сталі называць «Паўночнымі Афінамі». Міхал Клеафас тут ствараў свае паланэзы.

Як птушка Фенікс

Прайшло два стагоддзі – а сядзіба жыве культурным жыццём, сюды прыязджаюць шматлікія госці, замаўляюць экскурсіі, слухаюць жывую музыку, танцуюць на балях, частуюцца французскімі круасанамі, катаюцца на прыгожай карэце, запрэжанай двойкай коней…

Але так было не заўсёды. У мінулым стагоддзі сядзіба часта мяняла гаспадароў і нават сваё прызначэнне. У гады Першай сусветнай вайны тут размяшчаўся штаб рускай арміі і шпіталь, падчас Вялікай Айчыннай вайны – штаб нямецкай арміі. Быў у гэтай пабудове і пансіянат, і дом састарэлых, і нават спрабавалі зрабіць на яе базе дзіцячы санаторый. У 1996 годзе сядзіба стала філіялам літаратурнага музея, у 2000 – філіялам музея гісторыі і музычнай культуры.

З-за адсутнасці фінансавання пабудова «гінула» літаральна на вачах. Але знайшліся людзі і, галоўнае, сродкі,  каб «птушку Фенікс» уваскрэсіць. Людміла Градзіцкая спачатку была сведкай гэтага працэсу, а неўзабаве – непасрэднай удзельніцай аднаўлення.

10.jpg

Тата Людмілы Уладзіміраўны марыў, каб яна была прафесійным музыкам. «Я пайшла ў музычную школу, але ў мяне не было такога таленту, як у бацькі, - кажа Людміла Уладзіміраўна. - А мама вельмі хацела, каб у сям’і быў доктар. Яна ў нейкай ступені і вызначыла мой далейшы прафесійны лёс: я паступіла ў Мінскі медыцынскі інстытут на стаматалагічны факультэт. Працавала ў смаргонскай стаматалагічнай паліклініцы і на сілікатным заводзе, пасля – галоўным урачом санаторыя-прафілакторыя «Залессе», які быў размешчаны побач з сядзібай Агінскага. Задоўга да таго, як я стала дырэктарам музея, вадзіла ў паўразбураную сядзібу экскурсіі… Тады ў нашых душах – маёй і многіх заляснянцаў – жыла мара пра тое, каб сядзіба  аднавілася і ў ёй загучалі паланэзы».

Калі закрылі санаторый-прафілакторый, Людміле Уладзіміраўне прапанавалі месца намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце, быце і кадрах ААТ «Смаргоньсілікатабетон», дзе яна адпрацавала дзевяць гадоў. Дасягнула пенсійнага ўзросту – і магла спакойна збірацца на заслужаны адпачынак. Але супакой нашай гераіні мог толькі сніцца.

«Жаданне і планы аднавіць сядзібу з’явіліся ў раённай улады яшчэ ў пачатку 1990-х. Працэс стрымліваўся з-за недахопу грошай. А вось у пачатку 2010-х аб’ект быў уключаны ў рэспубліканскую і абласную інвестыцыйныя праграмы. З’явілася магчымасць прыцягнуць сродкі – і спонсараў, і трансгранічных праектаў, - робіць важны акцэнт суразмоўца. - Неўзабаве ў Залессі пачаліся работы па аднаўленні сядзібы. Рэстаўратары ставілі для сябе мэту, каб збудаванне набыло аблічча 200-гадовай даўніны. Дзякуючы архіўным дакументам, удалося аднавіць не толькі вонкавы выгляд, але і інтэр’еры палаца».

У сакавіку 2014 года была ўрачыста адкрыта канцэртная зала – вялікі пакой, дзе можна было праводзіць вечарыны і ладзіць канцэрты. Але на той час у сядзібе галоўную «скрыпку» гралі будаўнікі і рэстаўратары. Не было ніводнага навуковага супрацоўніка. Менавіта гэту пасаду і прапанавалі ў сакавіку 2014 года Людміле Градзіцкай, з умовай, што неўзабаве ёй давядзецца стаць дырэктарам музея-сядзібы.  І наша гераіня згадзілася.

Яшчэ адным работнікам, з якім пачынала тут свой прафесійны шлях Людміла Уладзіміраўна, стаў Андрэй Зімніцкі, які працуе ў сядзібе і дагэтуль. Людміла Градзіцкая стала праводзіць экскурсіі, а Андрэй – сачыць за парадкам на прысядзібнай тэрыторыі. Нягледзячы на тое, што на аб’екце поўным ходам ішлі аднаўленчыя работы, людзі сталі актыўна ехаць у Залессе. У чэрвені Людміла Градзіцкая была афіцыйна прызначана дырэктарам, а 25 верасня, у дзень нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага, адбылося ўрачыстае адкрыццё адноўленай сядзібы. Пасля гэтага спатрэбіўся год, каб напоўніць яе экспанатамі.

З 2015 года тут дзейнічае пастаянная музейная экспазіцыя.  У самім палацы – 13 залаў. Тут шмат музычных інструментаў. Старадаўнія раяль і скрыпка. Арфа, вырабленая ў Англіі для каралеўскага двара ў пачатку XIX стагоддзі. У суседнім пакоі захоўваецца габелен французскай вытворчасці. Сярод унікальных экспанатаў  - падлогавы гадзіннік, якому 250 гадоў і ён працуе! Дарэчы, экспанатаў, якія належалі самому Міхалу Клеафасу Агінскаму, амаль няма. На жаль, гаспадары сядзібы ўвесь час мяняліся, і ніхто не хваляваўся пра тое, каб нешта захаваць для гісторыі. Аднак усе прадметы экспазіцыі з’яўляюцца аўтэнтычнымі і адносяцца да часоў Агінскага. Цяпер тут налічваецца  446 музейных предметаў асноўнага фонду і 420 – навукова-дапаможнага.

«Многія экспанаты ў нас з’явіліся дзякуючы вядомаму палітычнаму дзеячу Уладзіміру Шчаснаму, - адзначае Людміла Уладзіміраўна. -  Менавіта Уладзімір Рыгоравіч знаходзіў каштоўныя для гісторыя рэчы і пераконваў нас, што яны арганічна (а галоўнае – гістарычна) упішуцца ў інтэр’ер палаца. А колькі экспанатаў ён падарыў музею! На працягу пяці гадоў для нас гэты чалавек быў галоўным дарадчыкам і кансультантам. На жаль, цяжкая хвароба хутка забрала ў яго жыццё. У памяць пра гэту выбітную асобу мы стварылі пакой, дзе сабралі ўнікальны матэрыял пра вядомага земляка».

«Калектыў нашага музея-сядзібы – людзі, здольныя звярнуць горы»

- Людміла Уладзіміраўна, ужо немагчыма пералічыць, колькі разоў я бывала ў музеі-сядзібе. Але з кожным разам адкрываю для сябе нешта новае. Памятаю, у якім захапленні была, калі Вы і вашы супрацоўнікі правялі першую тэатралізаваную экскурсію. Гасцей сустрэла гаспадыня сядзібы Марыя дэ Нэры, яе дочкі Амелія і Эма, сын Ірэніуш… Экспазіцыя літаральна ажыла. Неяк адразу, быццам на машыне часу, удалося перанесціся на два стагоддзі назад.

- Тэатралізаваныя экскурсіі людзі сапраўды палюбілі. Мы прапаноўваем сваім наведвальнікам два віды экскурсій: аглядную і тэатралізаваную. Да кожнага свята з вялікім запалам і натхненнем прыдумваем новыя сюжэты тэатралізаваных сцэнак.

- Нярэдка сярод персанажаў з’яўляецца сакратар і сябра гаспадара сядзібы – Леанард Ходзька. Рознабакова развіты чалавек, пакінуў пасля сябе планы Залесся і  малюнкі, па якіх аднаўлялі сядзібу. Наколькі ведаю, ён займаўся і развіццём аранжарэі. Таму нядзіўна, што неўзабаве пасля стварэння пастаяннай экспазіцыі вы ўзяліся за напаўненне «экспанатамі» прыбудовы для цеплалюбівых раслін, якую таксама аднавілі падчас рэстаўрацыі.

- Так! На дапамогу нам прыйшоў зборнік 1821 года з апісаннем усіх раслін аранжарэі. Экзатычную калекцыю мы ўвесь час папаўняем. Летам, на вуліцы ля сядзібы, таксама прыгожа цвітуць кветкі. Вяргіні – адзін з брэндаў нашага музея. Цяпер мы культывуем больш за 20 відаў, некаторыя з іх для Беларусі ўнікальныя.

- Не толькі кветкі, але і парк вакол сядзібы, дзе захаваліся дрэвы з векавой гісторыяй, цудоўныя ў любую пару года.  Нядзіўна, што ў 1821 годзе паэт, гісторык і публіцыст Аляксандр Ходзька напісаў паэму «Залессе», у якой услаўлялася сядзіба Агінскага і прыгажосць наваколля.

- Калі работы на самой сядзібе былі завершаны, мы перайшлі да аднаўлення гістарычнага парку. Правялі рэканструкцыю з рэстаўрацыяй сажалкі і гідратэхнічных збудаванняў. Мы разумелі, што для нашых турыстаў важна прыехаць не толькі ў музей, але і пагуляць па ваколіцах.

- А якія тут цудоўныя альтанкі! Раскажыце, калі ласка, іх гісторыю.

- Спачатку мы ўзнавілі альтанку Амеліі, якая была названа ў гонар старэйшай дачкі кампазітара. Паданні сведчаць, што ў гэтым месцы любіў бываць сам-насам з думкамі і разважаннямі Міхал Клеафас Агінскі. Захаваліся гістарычныя матэрыялы, як выглядала альтанка раней, таму стараліся аднавіць яе ў максімальна набліжаным да арыгіналу выглядзе. Альтанка Амеліі сёння – гэта месца для правядзення музычных і літаратурных вечарын. Прываблівае турыстаў і яшчэ адна альтанка – яна пабудавана ў кітайскім стылі, на другім паверсе – назіральная пляцоўка, з якой адкрываецца прыгожы від на сядзібу.

- Дарэчы, на экскурсію па парку можна адправіцца ў раскошнай карэце ці на санях зімой – гэта адна з «фішак» музея?

- Прызнацца, не ведаю, у якім яшчэ музеі Беларусі можна было б пакатацца на конях (цяпер у нас жывуць тры вялікія коні і адзін поні).  І гэта таксама прыцягвае ўвагу турыстаў, бо адна справа прагуляцца па ваколіцах сядзібы пешшу, іншая – на конях. Такая прагулка дае магчымасць пагрузіцца ў атмасферу XIX стагоддзя.

-  Нядаўна адбылося ўрачыстае адкрыццё стайні, якая аднаўлялася цягам шасці гадоў.

- Стайня - адзіная гаспадарчая пабудова, якая ў першапачатковым выглядзе дайшла да нас з часоў Агінскага. Млын быў рэканструяваны ў 1990-я гады, калі пачаўся першы этап рэстаўрацыі сядзібы. І стайню нам захацелася зберагчы. Новы турыстычны аб’ект дапоўнены экспазіцыяй, якая звязана з тэмай коней. Яна будзе развівацца, бо для нас гэта тэма вельмі цікавая.

- Прыпомніце, што яшчэ было зроблена ў музеі, каб прывабіць турыстаў, каб зрабіць іх прабыванне больш камфортным?

-  Пачнём з таго, што ў сядзібе можна пераначаваць. У нас ёсць пакоі для гасцей. Ёсць кафэ, дзе можна выпіць кавы з прыгожага посуду (па замове музея былі зроблены далікатныя філіжанкі з залатымі літарамі «МК»), замовіць французскія круасаны накшталт тых, якія любілі гаспадар сядзібы і члены яго сям’і. Ёсць абсталяваная стаянка для аўтатранспарту.

- Старанні людзей, якія працуюць у музеі-сядзібе не застаюцца незаўважанымі на самым высокім узроўні. У 2017 годзе калектыў музея быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за стварэнне і рэалізацыю праекта «Вяртанне паўночных Афінаў». А якія яшчэ ўзнагароды выклікаюць у Вас гонар?

Гродицкая3.jpg

- У нацыянальных форумах «Музеі Беларусі» ў намінацыі «За лепшую культурна-адукацыйную праграму» наша ўстанова двойчы адзначана дыпломам III ступені. У 2019 і 2020 гадах па выніках рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь» стала дыпламантам конкурсу ў намінацыі «Музеі і аб’екты забавы» і ўвайшла ў тройку лепшых музеяў Беларусі. Без перабольшання скажу, што калектыў нашага музея-сядзібы – гэта людзі, здольныя звярнуць горы. Наперадзе ў нас шмат планаў, і я веру, што яны абавязкова здзейсняцца. А самая галоўная падзея, якая нас чакае ў бліжэйшы час, – 10-гадовы юбілей са дня ўрачыстага адкрыцця адноўленай сядзібы. З радасцю чакаем на свята, якое адбудзецца 25 верасня,  нашых сяброў і новых наведвальнікаў. Пачатак у 15.00.

Гродицкая 2.jpg

Гродицкая.jpg

Галіна АНТОНАВА

Фота аўтара і з архіва Людмілы ГРАДЗІЦКАЙ

21.09.2024

Возврат к списку